18.06.2016 / 09:49

Ivan не ведае, хто такая Святлана Алексіевіч 45

Сустрэцца з Аляксандрам Івановым — ці Ivan’ам — давялося ў сталічным «Еўраопце» на Дзянісаўскай. Там спявак узяў удзел у розыгрышы аўтамабіля і выканаў сваю песню «Help you fly», з якой выступаў на «Еўрабачанні». Пачакаўшы, пакуль доўгая чарга ахвотных зрабіць фота ці атрымаць аўтограф скончыцца, «Наша Ніва» пацікавілася ў Аляксандра, чым ён жыве пасля конкурсу, як ацэньвае свой выступ і чаму Віктар Дробыш варты ордэна Скарыны.

«Наша Ніва»: Раскажыце, што цяпер робіце, чым займаецеся пасля «Еўрабачання».

Ivan: Працуем шчыльна на студыі. Запісалі песню. У хуткім часе яна з’явіцца на радыёстанцыях. Дай бог, з’явіцца і кліп. Пакуль не буду абяцаць, яшчэ не ведаю, але песня ўжо гатовая, майстарынг ужо прайшоў.

Цяпер пішам шмат песень. Збіраем песні, якія ўжо ёсць. Шмат дэмаверсій, шмат матэрыялу, засталося толькі скампанаваць гэты матэрыял, знайсці тыя самыя песні, уключыць іх у альбом.

«НН»: На рускай або на англійскай пішаце?

Ivan: І на рускай, і на англійскай. Мы сябе не абмяжоўваем у гэтым.

«НН»: А на беларускай чаму не пішаце?

Ivan: Мы пра гэта думалі, і я мяркую, што такая песня з’явіцца, і, можа, нават не адна. Мы гэта таксама не адмаўляем.

«НН»: А гастролі? Цяпер няма ў вас нейкага тура?

Ivan: У нас ёсць канцэрты.

«НН»: Сольныя або зборныя?

Ivan: Зборныя. Зборныя канцэрты, іх зараз будзе шмат. «Маёўка live» у Маскве прайшла. Калі прыедзем, будзе яшчэ «Music Box». Гэта значыць, канцэрты нейкія ёсць. А каб ехаць у туры і збіраць вялікія пляцоўкі, патрэбен матэрыял, над якім мы зараз працуем.

«НН»: «Еўрабачанне» дало штуршок у плане папулярнасці?

Ivan: Безумоўна. «Еўрабачанне»… Ведаеце, калі вы маеце зносіны з хлопцамі з іншых краін, дырэктары між сабой маюць зносіны, і, натуральна, хтосьці, дырэктар каманды, як, напрыклад, з Кіпра, «Minus One», таксама праводзіць там нейкія фэсты. І ўжо яны ведаюць, цябе запрашаюць. І, вядома ж, пазнавальнасць. Мне вельмі шмат пішуць і ў фэйсбуку, і ў прыват у інстаграме, і шмат пішуць, што дзіўна, Укантакце замежнікі. Я стараюся адказваць, але плынь занадта вялікая. І, вядома ж, прыярытэты трэба расстаўляць, я імкнуся адказваць бацьку, бо ён у мяне перыядычна сядзіць Укантакце. Яму стараюся адказваць, але ў асноўным мы стэлефаноўваемся.

«НН»: Дык а на Кіпр вас запрасілі?

Ivan: Так. Я, праўда, не ведаю, які фестываль, але ведаю, што такая прапанова паступіла. А ўжо дэталі высвятляюць PR-агенты і менеджары.

«НН»: А замежныя гастролі? Хвалі такой не было?

Ivan: Хваля, яна ёсць. Але не ехаць жа на гастролі з адной песняй.

«НН»: То бок усё ізноў жа ўпіраецца ў матэрыял?

Ivan: Зараз растлумачу. Матэрыялу таксама шмат, хопіць не на адзін альбом, таму што мы шмат пішам. Але гэты матэрыял павінны пачуць, а для таго, каб яго пачулі, трэба яго выпусціць, каб людзі разумелі, на што яны ідуць, што яны будуць слухаць на канцэрце.

«НН»: А як вы ацэньваеце свой выступ на «Еўрабачанні»?

Ivan: Мы спрацавалі на шмат адсоткаў. Проста на сто адсоткаў. І пасля таго, як я сышоў са сцэны, было абсалютнае шчасце. Перад выхадам на сцэну мне Віктар Якаўлевіч [Дробыш] сказаў: «Людзі прыйшлі сюды парадавацца. Зразумела, што адрэналін, і гэтак далей… Парадавацца, у прынцыпе. Яны бачаць цябе, яны хочуць і чакаюць усмешкі. Усміхайся! Радуйся!» І з такім настроем ён мяне проста вывеў на сцэну.

І я і сам «праташчыўся» ад таго, што адбылося. Бо гэта важны факт — самому атрымліваць асалоду ад таго, што адбываецца на сцэне. І рэпарцёры, якія бяруць інтэрв’ю на «Еўрабачанні», пра гэта часта кажуць. Выключаецца мікрафон, і яны кажуць: «Галоўнае, проста атрымлівай асалоду ад ўсяго, што тут адбываецца. Хочаш спяваць? Спявай, у цябе неймаверны шанец праспяваць на ўвесь свет! У цябе неймаверны шанец папрацаваць з вялікай колькасцю прафесійных людзей!» Там жа ўсё па апошнім слове тэхнікі.

І я лічу, што мы годна выступілі.

«НН»: Але вы не выйшлі ў фінал.

Ivan: Так.

«НН»: Але вы не ацэньваеце свой выступ як нейкі правал?

Ivan: Не, ні ў якім разе.

«НН»: Але гэта ж і не поспех, не?

Ivan: Ну, тое што мы не прайшлі кудысьці… Перамога, я лічу, вызначаецца пасля конкурсу. Бывае так, што чалавек займае першае месца, а потым яго няма. З незразумелых прычын.

«НН»: Ці маеце на ўвазе, што хто лепшы — пакажа доўгая дыстанцыя?

Ivan: Можа быць, і так. Што будзе пасля гэтага вялікага конкурсу з артыстам? Ці будзе ён цікавы і далей? Ці будуць сачыць за ім людзі?

«НН»: А па вашай версіі, калі вы крута выступілі, атрымалі задавальненне і былі задаволеныя сабой, то чаму не выйшлі ў фінал?

Ivan: Я не ведаю. Я не разбіраюся ў гэтым усім. Мы зрабілі музыку, нам гэтая песня вельмі падабаецца, я лічу яе годнай. І выступілі мы выдатна, годна, на 100%. Чаму так здарылася — я не ведаю. Так здарылася.

«НН»: У нас «Еўрабачанне» — гэта конкурс дзяржаўнай важнасці. Няма пачуцця, што на вас паспадзяваліся, а вы падвялі?

Ivan: Такога пачуцця няма. У нас быў выдатны нумар. Пра гэта казалі і працягваюць казаць арганізатары, удзельнікі з іншых краінаў, журналісты і ўсе, хто бачыў нумар і чуў песню.

«НН»: А самі за каго заўзелі?

Ivan: Цяжка сказаць, за каго я заўзеў, бо я ж знаходзіўся ва ўсім гэтым. Але спадабаўся Сяргей Лазараў, як спявае Джамала мне вельмі спадабалася. Спадабаўся [літовец] Доні Мантэл — і песня, і нумар.

«НН»: Джамала заслужана перамагла?

Ivan: З музычнага пункту гледжання, яна праспявала проста цудоўна. Я сядзеў у зале, па мне беглі мурашкі ад яе спеваў. Яна сапраўды вельмі моцны артыст.

«НН»: А не з музычнай? Шмат хто кажа, што «Еўрабачанне» палітызуецца.

Ivan: Я не ведаю. Усе артысты, якія знаходзяцца там, у тым ліку і я… Мы займаемся музыкай. Мы прыйшлі парадавацца, што мы і робім усе гэтыя 14 дзён. Мы выступаем, гутарым… Не ведаю. Але мурашкі ад спеваў Джамалы ў мяне былі.

«НН»: А раз ужо зачапілі палітыку — вы цікавіцеся палітычным жыццём, сочыце за ім?

Ivan: Я цікаўлюся музыкай. Сачу за новымі тэндэнцыямі ў музыцы. Хочацца, каб музыка, якую мы робім, была моднай.

«НН»: Ну а на выбары прэзідэнта хадзілі ўвосені?

Ivan: Не. У нас падрыхтоўка была да «Еўрабачання». Рыхтавалі нумар — ну вы пра нумар, напэўна, ведаеце.

«НН»: Вось пра нумар спытаю. Ідэя голага спевака з ваўкамі — хто аўтар?

Ivan: Ідэя нарадзілася правільна. Мы не думалі паказаць сэкс ці эпатаваць. Мы разумеем, што конкурс — сямейнае шоу, якое глядзяць з дзецьмі. Мы хацелі паказаць узаемадзеянне прыроды з чалавекам, што прырода можа быць сябрам. І ў той жа час хацелі паказаць, што нешта цёмнае, злое можа стаць добрым.

«НН»: Дык а хто прыдумаў? Вы?

Ivan: Прадзюсар, Віктар Якаўлевіч Дробыш. Мы думалі: у што адзецца? Калі мы хочам паказаць узаемадзеянне чалавека з прыродай, паказаць, што чалавек прыродзе не вораг?

«НН»: Ці пагадзіліся на гэтую задумку лёгка?

Ivan: Так. Я давяраю яму [Дробышу] цалкам. А ён давярае мне.

«НН»: Разумелі, што гэта выкліча шквал кпінаў, весялосці, інтэрнэт-мемаў і гэтак далей?

Ivan: Мы разумелі, на што ішлі. Абсалютна. Гэта нармальна. Калі навіна пра наш нумар выйшла, зразумела, што былі такія каментары. З-за дэфіцыту інфармацыі людзі пачынаюць дадумваць, і, як правіла, дадумваюць у пошлы бок. Таму было столькі, скажам так, непазітыўных каментароў і жартачак.

«НН»: А вы разумееце, што запомніліся не як хлопец з крутой песняй, а як той, хто збіраўся выступаць голы і з ваўкамі?

Ivan: Гэта час пакажа.

«НН»: Як увогуле працуецца з Дробышам?

Ivan: Гэта асобная гісторыя, якую вельмі прыемна распавядаць. Часам мы проста шпацыруем разам па вуліцы, штосьці абмяркоўваем, размаўляем: пра стылі, пра песні, пра гучанне, пра музыку, якую хочам рабіць… І гэта ўсё вельмі прыемна. Працуецца шыкоўна. Весела, з жартамі… Проста песня!

«НН»: Заўважна, што вы з вялікай павагай ставіцеся да Дробыша.

Ivan: Вядома.

«НН»: А не так даўно Дробыш атрымаў ордэн Скарыны. На ваш погляд, ён яго варты?

Ivan: Так.

«НН»: А чаму? У чым яго ўклад у беларускую культуру?

Ivan: Ну, па-першае, у яго карані беларускія, ён беларус. Ну і напісаў вельмі шмат выдатных песень. І я лічу, што ён варты гэтага.

«НН»: Ну а Алексіевіч, напрыклад, ордэн не атрымала.

Ivan: Хто?

«НН»: Святлана Алексіевіч.

Ivan:… (Паціскае плячыма)

«НН»: Вы ведаеце, хто гэта? Не? Нобелеўская лаўрэатка беларуская, не, не ведаеце?

Ivan: Я проста неяк больш па музыцы…

«НН»: Окей, тады выбачайце.

Ivan: Я шмат чаго не ведаю. Я і ў расійскім шоу-бізнэсе шмат каго не ведаю, і часам бывае няёмка.

«НН»: Добра. Жывяце вы і зарабляеце ў асноўным у Расеі?

Ivan: Так. Прадзюсарскі цэнтр там, у Маскве, і мне прасцей працаваць там на студыі.

«НН»: І як вам Масква?

Ivan: Добра. Я першы раз, калі прыехаў, там нешта будавалася, было бруднавата… Мне не вельмі спадабалася. Ну, проста я ў такі час года прыехаў. А цяпер нармальна. Шпацыраваў у парку Горкага летам — прыгожа. Але сумую па гомельскім парку. Вось, дарэчы, паеду неўзабаве.

«НН»: Да бацькоў?

Ivan: Так. Доўгі час іх не бачыў: «Еўрабачанне», падрыхтоўка да яго… Нарэшце мы сустрэнемся.

«НН»: Не хапае бацькоў?

Ivan: Вядома, не хапае. Усё роўна, малады ты ці не малады. Ведаеце, кажуць: «Вы ніколі нідзе не пабываеце па-сапраўднаму, калі не вернецеся пасля гэтага дадому». Я і ў Рызе быў, і ў Тэль- Авіве, і ў Амстэрдаме, і ў Кіеве, і ў Швецыі… І хочацца, вядома, падзяліцца гэтым з бацькамі.

«НН»: Ваш дом пакуль яшчэ ў Гомелі?

Ivan: Вядома. Я там вырас. І мяне туды цягне.

Гутарыў Улад Швядовіч

0
Белка / Адказаць
18.06.2016 / 09:59
Какое дно! Днище!
0
Андрей / Адказаць
18.06.2016 / 10:15
А кто такая Алексиевич?
0
Гісторык / Адказаць
18.06.2016 / 10:21
Самае галоўнае, што Aлексіевіч ня трэба ведаць, хто такі гэны Ivan.
Паказаць усе каментары/ 45 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру