Паветраны шар AX-8

16 траўня ў вёсцы Сёмкава пад Менскам упаў і ўзарваўся паветраны шар, у кашы́ якога была сям’я з трох чалавек ды інструктар. Два пасажыры аэрастату загінулі на месцы, яшчэ два цудам ацалелі.

Прычыны аварыі сьледчыя органы пакуль не называюць. Як мяркуецца, інцыдэнт здарыўся з-за дажджу й парывістага ветру. Не зарзумела, чаму раптоўна шар пачаў падаць.

Аэрастат ударыўся аб дах вясковай хаты, пасьля ўрэзаўся ў дрэва. Гэта й выратавала пілёта й васьмігадовую дзяўчынку. Іх проста выкінула з каша́. Перад тым, як упасьці, шар яшчэ некалькі разоў ударыўся аб зямлю. Ад полымя палілкі адзін за адным пачалі выбухаць газавыя балёны. Апошнім ледзь не забіла мясцовых жыхароў, якія кінуліся на ратунак. Выбавіць з вагню бацькоў дзяўчыны не ўдалося.

Палёт на цеплавым аэрастаце быў падарункам жонцы й маме на дзень нарададжэньня ад мужа й дачкі. Ён ня быў заплянаваны. Проста сям’я праяжджала міма Менскага мора й пабачыла прыгожы паветраны шар.

Палёт быў узгоднены з органамі кіраваньня паветраным рухам і з СПА. Літаральна за тыдзень да інцыдэнту шар прайшоў выпрабаваньні й атрымаў пасьведчаньне лётнай прыгоднасьці.

Пілёт, інжынэр грамадзянскай авіяцыі з добрым лётным стажам, каля 10 гадоў, неаднакроць падымаўся ў паветра на гэтым шары. Амэрыканскі апарат AX-8 эксплюатаваўся восем гадоў.

Ёсьць сумневы, ці можна было пры такіх умовах надвор’я падымаць апарат. Пілёты кажуць, што падзеньне магло здарыцца ад рэзкага ахалоджваньня паветра. Тэмпэратура памянялася з-за навальнічнага фронту, які напаткаў паветраплавальнікаў у небе. Іншая вэрсія — пілёт ня справіўся з кіраваньнем. Расьсьледаваньнем інцыдэнту займаецца адмыслова створаная камісія дэпартамэнту па авіяцыі.

Пацярпелыя — пілёт і дзіцё — знаходзяцца ў нэўрахірургічным аддзяленьні бальніцы хуткай дапамогі. Стан 8-гадовай дзяўчынкі задавальняльны. У яе лёгкая чэрапна-мазгавая траўма, множныя задзірыны й удары. Пілёт — у цяжкім стане, зь пераломам касьцей носа й верхняй сківіцы. Апроч таго, ад удару ў яго здарылася кровазьліцьцё ў мозг.

Да пацярпелых не пускаюць нікога, акрамя сваякоў. З панядзелка псыхолягі пачнуць працу зь дзяўчынкай. Яны паспрабуюць знайсьці словы, каб патлумачыць дзіцю, што яно засталося сіратой.

Паводле ont.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0