* * *

1999 год. Польскае тэлебачаньне. Паўвекавы юбілей камэрнага тэатру. Тэлевядучы пытаецца ў былога дырэктара тэатру пра першы, пастаўлены 50 год таму, спэктакль — і дырэктар ніякавата адказвае, што першы спэктакль, праўда, быў пастаўлены па п’есе савецкага драматурга. «Але ўжо наступная пастаноўка, — устрапянуўшыся, доўжыць дырэктар, — была прыстойная…»

У студыі акторы, рэжысэры, драматургі — і ўсімі гэта ўспрымаецца зусім нармальна. А калі напрыканцы праграмы тэатральны крытык гаворыць пра Дастаеўскага: «Вялікі польскі пісьменьнік, які змушаны быў пісаць па-расейску…» — ён зрывае хай не авацыі, але ўсё ж аплядысмэнты.

У нацыяналізму, як і ў любой іншай калектыўнай зьявы, — праблемы з этыкай.

* * *

У палітыка Пятра Краўчанкі адна з найбагацейшых у Менску хатніх бібліятэк — і гэта ня дзіва. Ён здаўна сябруе зь літаратарамі, блізкі быў з Максімам Лужаніным, Барысом Сачанкам — зацятымі бібліяманамі.

Краўчанка — чалавек нярэзкіх рухаў, якраз такі, у якога павінна быць прыстойная бібліятэка. Ён зь людзей, якіх можна дапускаць да ўлады хоць бы таму, што яны, валадарачы, нічога не паламаюць.

Шыкоўная хатняя бібліятэка палітыка Андрэя Клімава зьдзіўляе. Ні зь якімі літаратарамі Клімаў не сябраваў і сябраваць не зьбіраецца. Ён чалавек рухаў рэзкіх, у доме якога не было б нечаканым што хочаш убачыць, арсэнал ці тэрарыюм, але не бібліятэку. Хоць ён і сам піша…

«Калі я зазіраю ў самога сябе, у найцямнейшыя свае глыбіні, і бачу ў іх сябе самога такім, які я ёсьць, то ўсе астатнія людзі, якімі б яны ні былі, здаюцца мне анёламі…»

Гэта ён не напісаў, сказаў мне ў размове, толькі-толькі выйшаўшы з турмы, куды ўпяклі яго далёка не анёлы — і дзе не анёлы дапякалі.

Я ня ведаю, ці можна Клімава дапускаць да ўлады, дзе ён можа cтаць небясьпечным і для сябе, і для іншых… Але я ведаю, што людзей, здольных некаму прызнацца ў тым, у чым сабе самому прызнацца страшна, няшмат на белым сьвеце. Тут мала мець сілу, характар… Душа ў такіх людзях ня тое, што ў іншых, — пустое, і гэтага дастаткова, каб варта было знацца зь імі, калі б нават не было ў іх нічога болей.

А ў Клімава ёсьць яшчэ бібліятэка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0