Вёска Кудрычы размешчана прыкладна за 30 кіламетраў ад Пінска, у самым сэрцы Беларускага Палесся. Доўгі час тры ракі і нізінныя балоты хавалі пасёлак ад знешняга свету, многія жыхары Кудрыч ніколі не выязджалі нават у Пінск, бо дабрацца туды можна было толькі па вадзе.

Дарога ў Кудрычы з'явілася толькі ў сярэдзіне 1990-х. Так жыхары Пінска даведаліся, што зусім побач з імі захавалася ўнікальнае месца, дзе час застыў і ўсё выглядае як і сто гадоў таму. Вёска практычна стаіць на вадзе; дахі пакрытыя чаротам; мясцовыя жыхары ловяць рыбу проста ля дамоў у спецыяльных лодках-«чайках», на якіх па вясне часам толькі і можна перасоўвацца па вёсцы; месцамі бачныя сасновыя калоды — у такія збіралі мёд яшчэ 300 гадоў таму.

У пачатку 2000-х гадоў мясцовыя энтузіясты і экскурсаводы сталі паказваць вёску турыстам. Архаічнае сяло на пінскіх балотах зацікавіла многіх, частымі гасцямі ў Кудрычах сталі замежнікі. Прыязджалі журналісты і групы турыстаў з Польшчы, Літвы, Германіі, Швецыі, Галандыі, і ўсе прыходзілі ў захапленне ад таго, што ў цэнтры Еўропы захавалася такая аўтэнтычная вёска. Бо ўсё тут не «штучнае», створанае для турыстаў, а сапраўднае.

Прайшло літаральна некалькі гадоў, і аўтэнтычныя Кудрычы сталі згасаць. Мясцовых жыхароў заставалася ўсё менш; домікі, крытыя чаротам, разбураліся; некаторыя пабудовы сталі перарабляць пад сучасныя дачы. І сёння рэдкія турысты, прыцягнутыя састарэлым маляўнічым апісаннем вёскі, адпраўляюцца паглядзець на яе, але практычна нічога там не знаходзяць.

Сёння ў Кудрычах засталося ўсяго каля 10 жыхароў. Пабудовы з чаротавымі стрэхамі захаваліся, але гэта альбо закінутыя дамы, альбо гаспадарчыя пабудовы. Вёска ўсё больш зарастае.

Падчас «папулярнасці» Кудрыч тут з'явілася аграсядзіба «Рака багоў». Яе гаспадар Алег Садоўскі кажа, што турысты ў вёску ўсё яшчэ едуць, але зусім не ў той колькасці, што 10 гадоў таму:

— Гэта ж запаведная зона, вёска знаходзіцца на тэрыторыі заказніка «Сярэдняя Прыпяць». Таму сюды часта прыязджаюць дзеля прыроды, каб сплавіцца на байдарках, лодках, паназіраць за птушкамі. Максімум адсоткаў дзесяць турыстаў прыязджае мэтанакіравана дзеля вёскі.

Ды і Кудрычы ўжо не тыя, што 10 гадоў таму, хоць некалькі сем'яў пакуль засталося. Яны да гэтага часу вядуць уласную гаспадарку і могуць расказаць шмат цікавага пра побыт пасёлка. У жыхароў яшчэ ёсць лодкі-«чайкі», якія пры жаданні можна арандаваць, з вяслом прайсціся па Ясельдзе.

Гадоў пяць таму шмат казалі пра тое, каб зрабіць у Кудрычах музей пад адкрытым небам — гэтакі палескі скансэн. Распрацоўвалася цэлая праграма развіцця Кудрыч як турыстычнага аб'екта, планавалася развіваць інфраструктуру. Але вёска практычна знікла раней, чым працэс запрацаваў.

— Патрэбныя былі спонсары або дапамога дзяржавы. Не атрымалася ні тое, ні іншае. Каб стварыць музей пад адкрытым небам, патрабуюцца вялікія грошы, асабіста я сам бы не пацягнуў, — кажа Алег Садоўскі.

Разам са старажыламі вёскі сыходзяць і навыкі, якія перадаваліся ў Кудрычах з пакалення да пакалення. Напрыклад, як правільна майстраваць лодку-«чайку» ці як правіць трысняговы дах, бо за ім патрэбен пастаянны догляд, каб зімой было цёпла, а летам халаднавата. Пры стварэнні музея планавалася пераняць усе гэтыя веды ў жыхароў вёскі.

Побач з Кудрычамі ёсць і іншыя палескія вёскі з падобнымі дамамі. Гэта Плошчава і Курадава. Па словах Алега, там значна больш новых дамоў, усё стаіць уперамешку. Таму незразумела, ці могуць вёскі быць сапраўды цікавымі для турыстаў.

У 1934 годзе Кудрычы патрапілі ў аб'ектыў даследчыцы Луізы Арнер Бойд. Амерыканская экспедыцыя тады пракладала шлях па балотах да Прыпяці і натыкнулася на беларускую вёсачку на астравах.

Улічваючы, што ў пасёлку доўгія дзесяцігоддзі практычна нічога не мянялася, была рэальная магчымасць зрабіць з месца ўнікальны турыстычны аб'ект. Але, на думку старшыні Пінскага аддзялення грамадскага аб'яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяны Хвагіна, Кудрычы як славутасць ўжо страчаны:

— Страчаны час. Вёска своечасова не атрымала ахоўны статус, які б не дазваляў змяняць абліччы дамоў, будынкі не былі выкупленыя. Так прыйшлі спадчыннікі пабудоў, з'явіўся сайдынг, шыфер, будынкі былі пафарбаваныя, гістарычная забудова зменена. На дадзены момант у Кудрычах яшчэ засталося некалькі сядзібаў, якія можна выкупіць і закансерваваць. Бо, магчыма, скансэн палескай вёскі яшчэ з'явіцца, але ўжо ў іншым фармаце і ў іншым месцы (бліжэй да вялікага турыстычнага аб'екта), куды можна будзе звезці пабудовы, пасяліць там буслоў і запрашаць гасцей.

15 гадоў перамоў наконт Кудрычаў так і не прывялі ні да якога выніку. Застаецца спадзявацца, што калі не ў гэтым месцы, дык хоць бы ў іншым, з'явіцца музей, дзе можна будзе даведацца пра жыццё палескіх вёсак. Але пакуль мы метадычна губляем тое, што маем…

Чытайце таксама:

Палессе, якога хутка не стане: Кудрычы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?