У Гомелі на вуліцы Савецкай апячаталі паддашкі і падвалы дамоў, паведамілі БелаПАН жыхары. На пячатках стаіць подпіс начальніка ЖЭУ-3.

Атрымаць каментар у яго не атрымалася: па словах супрацоўнікаў ЖЭУ, ён на аб'екце — у дзіцячай бальніцы. Паводле не пацверджанай афіцыйна інфармацыі, 17 чэрвеня ў Гомелі плануецца адкрыццё будаўніцтва новага корпуса дзіцячай бальніцы па вуліцы Жаркоўскага, удзел у цырымоніі, магчыма, возьме Аляксандр Лукашэнка.

«Паддашкі і падвалы мы апячаталі сумесна з міліцыяй, такое было ўказанне гарвыканкама. Гэта звязана з прыездам прэзідэнта. Да суботы будуць апячатаныя. Ну жыхары ўжо хай патрываюць», — заявіла па тэлефоне супрацоўніца ЖЭУ-3.

Каментары з нагоды афарбоўкі дрэў у цэнтры горада, iншых аўральных работ у кіраўніцтва камунальных службаў, у прыватнасці Гомельскага гарадскога ЖКГ, атрымаць не ўдалося - дырэктары і іх намеснікі «на аб'ектах».

Між тым у Гомелі за апошнія тыдні паклалі новы асфальт у цэнтры, добраўпарадкавалі вуліцы, пафарбавалі фасады дамоў і аконныя рамы. У інтэрнэце з'явілася відэа, як работнікі камунальных службаў фарбуюць дрэвы на вуліцы Савецкай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0