16.06.2016 / 19:57

«Я бачу перад сабой інтэлектуала, і мне было б цікава часам камунікаваць» — спецслужбіст правёў гутарку з мінчуком, які сабраўся ў дэпутаты 23

Павел Стэфановіч агучыў жаданне пайсці на выбары з двума лозунгамі: легалізацыі марыхуаны і барацьбы з хатнім гвалтам. Амаль адразу яго выклікалі ў ваенкамат, позву прынеслі проста дахаты. А там яго чакала вось што.

«Тэлефон давялося пакінуць на вахце (сімку, батарэйку і флэшку я забраў. Глупства, трэба было зусім без тэлефона ісці), — піша Стэфановіч у сваім фэйсбуку.

— Мужык назваўся «Несцеравам Аляксандрам Аляксандравічам». Лысеючы дзядзька гадоў 33, трэніраваны, але не сухі, кг 90, кажа, што з Мінска, глядзіць у вочы амаль без прыпынку, але не выглядае страшным. Я праз 3 хвіліны выказаў жаданне сысці, устаў і накіраваўся да выхаду, ён устаў і пачаў угаворваць, што «проста пагаворым», нават абяцаў паказаць свае дакументы ў канцы гутаркі. Добра, пагаворым. «Давайце на ты» — «давайце не». Пытаўся пра тое, дзе працуе маці, як я вучуся (ведаў сярэдні бал ва ўніверсітэце і нават балы пры паступленні ў БДУ, ведаў, што вучыўся ў Пецярбургу, нават чытаў мой леташні артыкул пра байкот, спрабаваў вывесці на размову «іншыя прадстаўнікі дэмакратычных сіл не валодаюць фактамі і логікай»).

Пытаўся пра інтарэсы — ну, я распавёў пра філасофію Дэвіда Чалмерса, мне не шкада. Выказваць сваё меркаванне на любыя пытанні ён пачынаў з фразы «ну з аднаго боку так», а што з іншага боку — ніколі не казаў.

Пытаўся пра парламенцкую кампанію, ці буду ўдзельнічаць — «можа быць», у якасці назіральніка або кандыдата — «можа быць».

Казаў, трэба, каб маё жыццё і кар'ера прайшлі без эксцэсаў. На маю заўвагу, што я законапаслухмяны чалавек і мне няма чаго баяцца, ён адказаў, што эксцэсы з такімі таксама здараюцца. Ну вы зразумелі.

Ну і кароннае: «Я бачу перад сабой інтэлектуала, і мне было б цікава часам звязвацца з вамі і камунікаваць». Адказаў, што хай дадаецца да мяне ў фэйсбук або прыходзіць на офіс на Веры Харужай, пасядзім, гарбаты пап'ём. «Але ж вы разумееце, што я не магу прыйсці да вас у офіс». Ён абяцаў пастукацца ў сеціве.

У сярэдзіне размовы папрасіў, каб я не пісаў і не згадваў пра гэтую размову. Я адказаў, што ўжо напісаў пра тое, што іду ў ваенкамат. Ён пачаў пытацца «навошта», «які сэнс», і потым недзе 20 хвілін пераконваў, што не трэба гэтага рабіць. Я адказаў, што яго словы прынятыя да ведама, але ўсё роўна напішу.

Свае дакументы ў канцы паказаць адмовіўся, адразу відаць сумленнага чалавека.

І што і навошта?» — пытаецца ў заключэнне Павел Стэфановіч.

0
Антон Мотолько / Адказаць
16.06.2016 / 20:03
Шуты, все что можно сказать. Только запугивать и научились за эти годы.
0
Заклапочаны / Адказаць
16.06.2016 / 20:19
Рэд. Выдалена.
0
ха-ха! / Адказаць
16.06.2016 / 20:24
"Вежлівы", але з дурнымі намёкамі.
Паказаць усе каментары/ 23 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру