Перад пачаткам Еўра-2016 было шмат размоваў пра самую слабую зборную чэмпіянату. Адны называлі маленькую Ісландыю, іншыя – Венгрыю, трэція – Паўночную Ірландыю. Ад ісландцаў у першым туры ледзьве выратаваліся партугальцы (1:1), венгры перамаглі Аўстрыю (2:0), вось і Паўночная Ірландыя адужала Украіну, хоць ад яе ніхто гэтага не чакаў.

Фота belfasttelegraph.co.uk.

Фота belfasttelegraph.co.uk.

Украінцы прыемна здзівілі ў гульні з Германіяй. Першы тайм увогуле нашы паўднёвыя суседзі прыціснулі «бундэсманшафт», і толькі акрабатычныя трукі Жэрома Баатэнга і надзейная гульня Мануэля Ноера не дазволілі ўкраінцам забіць.

Думалася, што з паўночнаірландцамі ва ўкраінцаў дакладна ўсё атрымаецца. Аднак прадстаўнікі Брытанскіх выспаў аказаліся не такімі прастачкамі.

Украіна нібыта і кантралявала мяч у першай палове, аднак «зялёныя» былі больш нацэленыя на вароты. Удары па варотах 8:5, у створ – 3:1.

Першы гол у гульні быў забіты ў пачатку другога тайма. Паўночнаірландцы выдатна выкарысталі стандартнае становішча. Олівер Норвуд навесіў за штрафнога, і ветэран «зялёна-белай гвардыі», 36-гадовы Гарэт Маколі адправіў мяч галавой у сетку – 1:0.

Амаль адразу Яўген Селязнёў мог забіць абсалютна ідэнтычны гол, аднак ён брамніка не перагуляў.

Другі гол быў забіты ўжо на шостай кампенсаванай хвіліне другога тайма. Наял Макгін апынуўся адзін перад варотамі Пятава, калі брамнік няўдала адбіў мяч перад сабой.

Матч праходзіў пры магутным градзе, суддзя нават на некалькі хвілін адводзіў футбалістаў з поля. Здавалася б, магчымасць украінцам разабрацца ў сабе, паразмаўляць. Не дапамагло. Перамога Паўночнай Ірландыі абсалютна заслужаная.

Украіна ж ускладніла сабе задачу выхаду з групы амаль да немагчымасці.

Становішча ў групе C: Германія, Польшча па – 3 пункты (1 гульня), Паўночная Ірландыя – 3 (2), Украіна – 0 (2).

Сёння яшчэ згуляюць Германія — Польшча (22:00).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?