Гісторыя з высечкай дрэў на польскай частцы тэрыторыі Белавежскай пушчы набірае абароты. Так, сёння Еўрапейская камісія (ЕК) пачала працэс супраць Польшчы з-за планаў высекчы дрэвы на сваёй тэрыторыі запаведніка, перадае ТАСС са спасылкай на прадстаўніка ЕК Энрыка Брывіа.

ЕК хоча праверыць, ці парушыла рэспубліка заканадаўства ЕС, калі прыняла рашэнне правесці санітарную высечку ляснога масіва на польскай частцы пушчы.

Па словах Брывіа, Белавежская пушча знаходзіцца пад аховай як частка сеткі Natura 2000. Еўрапейскі чыноўнік сказаў, што ЕК кантактуе з польскім кіраўніцтвам, каб пераканацца ў тым, што любое «прыроднае» ўмяшальніцтва будзе праходзіць у адпаведнасці з нормамі Еўрапейскага саюза.

Абвінавачванні ў свой адрас Польшча ўжо атрымала. У прыватнасці, рэспубліцы выстаўляюцца парушэнні дырэктыў, якія тычацца абароны прыродных зон, флоры і фауны. У сувязі з гэтым у Варшаву ўжо накіраванае патрабаванне з заклікам выключыць любыя падобныя парушэнні. Гэта толькі першы крок у распачатым працэсе. Наступным этапам могуць стаць скаргі ў суд і штрафы, папярэджваюць у ЕК.

Еўракамісары раней запатрабавалі, каб польскае кіраўніцтва прадставіла дакументы па сітуацыі вакол Пушчы. Аднак адказ, атрыманы з польскага боку, не задаволіў брусельскіх чыноўнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0