17.06.2016 / 11:02

Доктар Ірына Абельская: Я хачу, каб малодшы сын выбраў цікавую прафесію, прыносіў карысць сабе і іншым 13

Кіраўнік Лечкамісіі — клінікі, у якой абслугоўваюцца першыя асобы краіны, Ірына Абельская ў вялікім інтэрв'ю распавяла TUT.BY пра тое, чым адрозніваюцца VIP-пацыенты, хто можа прайсці абследаванне ў лечкамісіі і пра тое, што не кажуць у яе прысутнасці. Закранутыя ў інтэрв'ю былі і пытанні сям'і.

Фота Аляксандра Васюковіча, Tut.by

— Вы працуеце часам як спецыяліст, а не як галоўны доктар?

— Так, рэгулярна.

— Дзеля практыкі?

— Па любові (смяецца). Гэта раней галоўны ўрач быў гаспадарнікам. Сёння многія мае калегі, якія кіруюць сур'ёзнымі ўстановамі, працуюць як практыкуючыя дактары, ходзяць у аперацыйныя, абследуюць пацыентаў.

Я, напрыклад, ведаю ўсіх сваіх пацыентаў, рэгулярна праводжу абыходы ў аддзяленнях, ведаю, хто ў нас ляжыць і з якімі праблемамі.

(…)

- Спытаю яшчэ пра «вяртушкі». Гэты тэлефон з гербам і без кнопак на вашым стале — для сувязі з міністрам ці з прэзідэнтам?

— З прэзідэнтам.

— Вы можаце падняць слухаўку, і ён адкажа?

— Я не магу. Толькі прэзідэнт можа патэлефанаваць.

— Вы з доктарскай дынастыі — ваша мама Людміла Пастаялка была міністрам аховы здароўя. Старэйшы сын таксама медык?

— Я медык у трэцім пакаленні, мой старэйшы сын — у чацвёртым. Мая бабуля была фельчарам, і ўсе яе родныя былі ў той ці іншай ступені звязаныя з медыцынай. Мая мама і мая цётка — дактары. Мой родны брат — доктар, яго жонка — таксама. Мой старэйшы сын — афтальмолаг, працуе ў афтальмалагічным цэнтры.

— Дактары — строгія бацькі?

— Цяжка сказаць. Сёння, калі я бачу, як мае дзеці кантактуюць са мной, разумею, што я б так ніколі не магла размаўляць са сваімі бацькамі, нягледзячы на тое што ў нас былі вельмі цёплыя, вельмі добрыя ўзаемаадносіны. У мяне было выдатнае дзяцінства, мяне вельмі любілі. Але ўсё роўна я заўсёды вельмі паважліва ставілася да мамы і таты. У сучаснага пакалення павага да бацькоў засталася, але гэта нейкая іншая форма яе выказвання. Я ведаю шмат людзей свайго ўзросту, якія да бацькоў звярталіся на «вы». А сёння мае дзеці гавораць са мной, як з сяброўкай. Але я іх тармажу: «Стоп, хлопцы, я вам не сяброўка».

— Атрымліваецца, вы не строгая мама?

— Строгая. Дзяцей трэба любіць, але ў кожнай сям'і ёсць агульначалавечыя прынцыпы, якімі трэба кіравацца ў выхаванні. І дзеці павінны разумець, што нельга іх парушаць. Любы чалавек, які з'яўляецца на свет, хоча паспрабаваць розныя формы жыццядзейнасці, і вельмі важна правільна настроіць дзяцей на ўспрыманне гэтага свету.

Мая сям'я заўсёды была вельмі працавітай, мы шмат вучыліся, у нас не было бяздзейнага баўлення часу. І мне б вельмі хацелася, каб у маіх дзецях гэта было таксама. Усё роўна ў чым: спорце, вучобе. Я лічу, што правільны чалавек — гэта арганізаваны чалавек.

— Вы б хацелі, каб і малодшы сын працягнуў вашу медыцынскую дынастыю?

— Я не задумваюся пра гэта. Але я не думала пра гэта і ў выпадку са старэйшым сынам. Гэта быў яго выбар, і прыняў ён рашэнне звязаць сваё жыццё з медыцынай у апошнім класе Ліцэя БДУ.

А якую прафесію абярэ мой малодшы сын … Я б проста хацела, каб ён атрымаў добрую адукацыю, выбраў цікавую прафесію, любіў сваю працу, атрымліваў ад яе задавальненне і прыносіў карысць і радасць іншым.

— Ціснуць не будзеце?

— Гэта складана. Ціснуць заўсёды складана.

- Вы робіце ўражанне вельмі энергічнага і актыўнага чалавека. Як вам атрымліваецца трымаць сябе ў форме?

— Я не вельмі актыўны чалавек у плане спорту, не займаюся рэгулярна. Ды і ў мяне не вельмі шмат вольнага часу, каб хадзіць у нейкія залы тры-чатыры разы на тыдзень. Але я разумею, што фізічная актыўнасць патрэбна, праходжу ў дзень не менш за пяць кіламетраў.

— Дзе?

— Я ўстаю а палове на шостую, нават зімой. У мяне ёсць сабака, які мяне натхняе на прагулкі. Так што хаджу абавязкова. Люблю ровар, езджу, калі надвор'е дазваляе. Ну і, як любы чалавек, любая жанчына, я сябе дзесьці абмяжоўваю ў ежы.

— Абмяжоўваеце моцна? Кажуць, што лепш за ўсё выглядаюць тыя, хто есць вельмі мала.

— Я не мала ем, люблю паесці. Але я не люблю салодкае, мучное і бульбу. Напэўна, непатрыятычна, але вось так.

— Цяжка быць кіраўніком такога ўзроўню? Усё ж такі галоўныя дактары ў нас у асноўным мужчыны, нават у радзільнях.

— Напэўна, жанчыны ў добрым сэнсе слова больш ненармальныя кіраўнікі, больш увагі надаюць спагадзе, жаданню зразумець, у іх ёсць імкненне зрабіць калектыў сям'ёй. Але і выгараюць яны больш, не заўсёды прыемныя для мужчын-кіраўнікоў, бо эмацыйныя. Цяжка гэта ці лёгка? Складана сказаць. Нялёгка — гэта дакладна. Але ў нас добры калектыў. І, прапрацаваўшы столькі гадоў, я выразна ведаю, на каго мне можна абаперціся, каму якія паўнамоцтвы дэлегаваць. Калі ўсё па паліцах раскладзена, працаваць вельмі прыемна.

Фота Аляксандра Васюковіча, Tut.by

0
брэхт / Адказаць
17.06.2016 / 11:40
Кавунаводам?
0
Нищеброд / Адказаць
17.06.2016 / 11:51
Симптоматично, что на тут-бай отключена возможность комментирования этого интервью. Уже не первый раз под такого рода статьями это у них обнаруживается.
0
ясна / Адказаць
17.06.2016 / 12:08
Агульначалавечыя прынцыпы? А як жа лечкамісія для выбраных? Цёця хоча толькі гаварыць красіва? Па-мойму, двудушна атрымліваецца, зрэшты, як і ва ўсіх "саўкоў".
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру