Сяргей Парсюкевіч даслаў ліст на волю.

«Для мяне адсутнасьць свабоды, элемэнтарная немагчымасьць проста ісьці куды табе хочацца, сустракацца з блізкімі людзьмі і сябрамі, моцна цісьне на псыхіку. Канешне, стараесься не паказваць віду. Але сумныя і раздражняючыя думкі ў галаве пастаянна. Да іх трэба дадаць клопат аб тым, як цяжка сям’і і блізкім. Акрамя маральных пакутаў на іх зваліліся справы і праблемы, якімі раней займаўся я сам, фінансавыя пытаньні. Калі раней асноўны даход у сям’і быў зароблены мной, то цяпер яны трацяць сродкі на мае ўтрыманьне.

Перажываю з той нагоды, што адбываецца ў краіне. Апошнія рэпрэсіі і адсутнасьць адэкватнага адказу з боку цывілізаванага чалавецтва на іх, настрою не павышаюць. Адсутнасьць лістоў, аб’ектыўнай інфармацыі раздражняе. Я ўпэўнены, што мая жонка Наташа піша мне практычна кожны дзень. Ёсьць прычыны, па якіх лісты да мяне не даходзяць, няма і газэтаў.

Уся сыстэма турэмнага жыцьця краіны накіравана на прыніжэньне чалавека, які сюды патрапіў. Жодзіна ў гэтым напрамку мае «лепшыя»вынікі. Да асобы ставяцца горш, як да быдла. Я сам не магу так ставіцца ні да каго. І ўсё гэта на маіх вачах, і я нічога не магу з гэтым зрабіць.

Да бытавых праблемаў можна аднесьціся па‑філасофску. Ну, нічога, што на 12 месцаў — 20 чалавек, і суткі ўвогуле няма ніякай вады. Бывае, усю ноч сядзіш у цемры, а легчы спаць няма куды.

На сьняданак — суп з кіслай капусты, а на вячэру — вараная кіслая капуста. Хапае прыступ астмы, а ты 20 хвілінаў грукаеш у дзьверы — мець у камэры інгалятар нельга.

Галоўнае застацца чалавекам, калі зь цябе ўсімі сродкамі хочуць зрабіць быдла».

Зь ліста Сяргея Парсюкевіча ў Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць»

Напішыце палітвязьням

Сяргей Парсюкевіч:

222160, Менская вобласьць,
Жодзіна, вул.Савецкая 22‑А, турма №8
Камэра № 169

Андрэй Кім

220050, горад Менск, СІЗА‑1.

Казулін Аляксандар

211300 Віцебская вобласьць,
Віцебскі раён, пас. Віцьба, ВК‑3, атрад 1

Глядзі яшчэ:
Парсюкевічу далі 2,5 году калёніі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0