У некаторых раёнах Беларусі назіраецца ўзмацненне ветру, а значыць неабходна выконваць асобыя правілы бяспекі, паведамілі ў МНС Беларусі.
«Машыну пастаўце ў гараж. Пры адсутнасці гаража машыну трэба паркаваць далей ад дрэў, а таксама слаба ўмацаваных канструкцый», — раяць у МНС.
Таксама рэкамендуецца прыбраць рэчы са двароў прыватных дамоў і балконаў. Знаходзячыся на вуліцы, трэба абыходзіць старыя будыніны і дамы з няўстойлівым дахам. Важна знаходзіцца далей ад дрэў і разнастайных збудаванняў павышанай рызыкі: мастоў, эстакад, трубаправодаў, ліній электраперадачы, патэнцыяльна небяспечных прамысловых аб'ектаў.
Пры ўзмацненні ветру не выключаныя абрывы ліній сувязі і электраперадачы; разбурэнне слаба ўмацаваных канструкцый, дахаў будынкаў, збудаванняў.