Як паведамляе брытанскае выданне The Telegraph, улады бразільскага штата абвясцілі рэжым надзвычайнай сітуацыі ў сувязі з катастрафічнай фінансавай сітуацыяй. У дакуменце, які апублікавала кіраўніцтва Рыа-дэ-Жанейра, паказваецца, што ў сувязі з падзеннем коштаў на нафту, улады могуць не выканаць свае абавязацельствы перад Алімпійскімі гульнямі, якія стартуюць праз 49 дзён.

Від на Алімпійскі парк у Рыа. Фота Reuters/Pixstream

У дакуменце паказваецца, што крызіс можа прывесці да «поўнага калапсу» ў пытаннях забеспячэння бяспекі, аховы здароўя, адукацыі і аховы навакольнага асяроддзя.

Паводле слоў губернатара штата Франсіску Дарнэлеша, неабходныя жорсткія меры для выпраўлення фінансавай сітуацыі. Паводле яго слоў, выдадзены дэкрэт павінен прыцягнуць увагу бразільскага ўрада, які павінен разам са штатам вырашаць пытанні працы метрапалітэна, сістэмы аховы здароўя і аховы правапарадку.

Пры гэтым мэрыя Рыа-дэ-Жанейра паказала, што сур'ёзных праблем з фінансамі ў горада няма, а заява кіраўніцтва штата не павінна адбіцца на падрыхтоўцы да Алімпіяды.

На мінулым тыдні рэйтынгавае агенцтва Fitch панізіла рэйтынг штата Рыа-дэ-Жанейра з В+ да В-, паказаўшы на хуткую страту ліквіднасці.

З канца мінулага года ўлады штата былі вымушаныя пайсці на затрымку пенсій і выплату заробкаў, а таксама на закрыццё шэрагу бальніц і адукацыйных устаноў. Дэфіцыт бюджэту Рыа-дэ-Жанейра, паводле дадзеных Guardian, можа дасягнуць у гэтым годзе $5,56 млрд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?