Белстат апублікаваў падрабязныя дадзеныя даследавання наконт таго, як жыхары краіны размяркоўваюць свой час. У апытанні прымалі ўдзел беларусы, старэйшыя за 10 гадоў. Яны фіксавалі ў спецыяльны журнал свой графік дня: у колькі прачнуліся, у колькі паехалі на працу і гэтак далей.
Атрыманыя лічбы шмат у чым нагадваюць «сярэднюю тэмпературу па бальніцы». Напрыклад, калі з дзвюх жанчын працуе толькі адна, атрымліваецца, што кожная з іх працуе па чатыры гадзіны.
Ілюстрацыйнае фота
Тым не менш, некаторыя цікавыя лічбы для аналізу ў даследаванні ёсць.
Размеркаванне часу ў мужчын
На сон ідзе 36,2% часу (8 гадзін 41 хвіліна). Тут і далей гэта сярэдняя лічба за ўсе дні тыдня — у выходныя ўдаецца паспаць на гадзіну больш, чым у будні.
Свабодны час складае каля 5 гадзін (21,3%), праца — каля 4 гадзін (16,7%). Нарэшце, на вядзенне хатняй гаспадаркі траціцца дзве з паловай гадзіны (9,5%).
Размеркаванне часу ў жанчын
У беларускіх жанчын прапорцыі істотна адрозніваюцца. Спяць яны прыблізна столькі ж — 36,5% часу.
Затое другім па папулярнасці заняткам з’яўляецца не праца, а хатняя гаспадарка. Гэтым жанчыны займаюцца 19,2% часу — больш за чатыры з паловай гадзіны. Толькі пасля ідуць свабодны час (17,8% часу) і праца (11,6%).
Як дзеліцца хатняя праца?
Надзвычай паказальна выглядае падзел хатняй працы па канкрэтных занятках.
Занятак | Жанчыны | Мужчыны |
Прыгатаванне ежы | 1 гадзіна 13 хвілін | 14 хвілін |
Мыццё посуду | 23 хвіліны | 4 хвіліны |
Уборка | 28 хвілін | 8 хвілін |
Бялізна, адзенне, абутак | 19 хвілін | 1 хвіліна |
Час з дзецьмі | 32 хвіліны | 11 хвілін |
Мужчыны «аддуваюцца» за дваіх толькі падчас рамонту і дагляду аўтамабіля — агулам 19 хвілін за дзень супраць 1 хвіліны ў жанчын.
Топ-7 канкрэтных фактаў і тэндэнцый
- Беларускія мужчыны працуюць на паўтары гадзіны больш, чым жанчыны.
- Свабоднага часу ў мужчын на 50 хвілін больш. Гэтыя «дадатковыя» хвіліны трацяцца перадусім на прагляд фільмаў ці тэлебачання.
- У камп’ютарныя гульні мужчыны гуляюць утрая часцей за жанчын.
- У сямейных парах хатняя праца дзеліцца паміж жонкай і мужам у прапорцыі 71/29.
- Самыя забяспечаныя працуюць удвая больш за малазабяспечаных і спяць на гадзіну меней.
- Падзел хатняй працы паміж мужчынамі і жанчынамі пачынаецца з дзяцінства. Ужо ва ўзросце 10-15 гадоў хлопчыкі ўдвая радзей мыюць посуд і прыбіраюцца ў доме.
- У дзяцей адпачынак за камп’ютарам і тэлевізарам займае аднолькавую колькасць часу. У старэйшых пакаленняў фіксуецца адназначная перавага тэлевізара.