18.06.2016 / 14:37

Лукашэнка ў Гомелі: дворнікі з рацыямі, прадаўцы квасу ў вышыванках 23

Раніца пятніцы, 17 чэрвеня, у Гомелі была напружанай: тут чакалі Лукашэнку, пра прыезд якога шмат казалі апошнім часам.

Амаль два тыдні таму горад пачалі актыўна добраўпарадкоўваць: у цэнтры пераклалі асфальт, пафарбавалі фасады дамоў і нават некаторыя шыферныя дахі. Напярэдадні гамяльчане заўважалі, як уздоўж будучага маршруту кіраўніка краіны па Гомелі ў некаторых месцах мыюць плітку, а падвалы і паддашкі дамоў у цэнтры горада апячаталі.

Да апошняга моманту пра прыезд у абласны цэнтр кіраўніка дзяржавы не было ніякай афіцыйнай інфармацыі, але пра гэта казалі і бабулі на лавачках ля пад'ездаў, і нават бяздомныя.

У планах візіту Лукашэнкі было адкрыццё руху электрацягнікоў па маршруце Гомель — Мінск. Праўда, электрычкі ходзяць па гэтым кірунку ўжо з 3 чэрвеня, таму да прыезду Лукашэнкі з Гомеля вырашылі запусціць першы грузавы цягнік на электрацязе.

У ноч на пятніцу стаянкі на Прывакзальнай плошчы ачысцілі ад машын, працавала шмат эвакуатараў. Раніцай у цэнтры горада рух цалкам не перакрывалі, але транспарту на дарогах было значна менш. Рух спынялі толькі падчас праезду картэжа.

У форме на вуліцах дзяжурылі толькі даішнікі, а ўсе сілавікі былі ў цывільным. На ходніках вуліцы Савецкай праз кожныя сто-дзвесце метраў стаялі групы мужчын у майках, кашулях, бейсболках, некаторыя з заплечнікамі, сумкамі і нават пакуначкамі — як простыя людзі. Але пад адзеннем і ў кішэнях яны хавалі рацыі. Кагосьці нават апранулі ва ўніформу дворнікаў, але зноў жа выдавалі рацыі. У будзённым цывільным адзенні хадзілі нават прадстаўнікі кіраўніцтва УУС.

Да 11 гадзін вакзал у Гомелі закрылі і пачалі спыняць пешаходаў. Грамадскі транспарт праязджаў вакзал без прыпынку, на бліжэйшай да будынка паркоўцы выстраіліся чорныя машыны з мінскімі нумарамі. Людзі ў цывільным цалкам ачысцілі праход ад вакзала да машын, а пасажыраў і мінакоў спынілі ля падземнага пераходу да шляхоў. На другім баку дарогу перагарадзілі ля прывакзальнага кафэ.

«А як на цягнік патрапіць? Мы спазняемся!» — абураліся некаторыя. «Ніякія цягнікі цяпер усё роўна не ходзяць, паспееце», — адказвалі людзі ў цывільным. Дарэчы, яны паводзілі сябе вельмі карэктна і нават часам усміхаліся.

Усе чакалі, што прэзідэнцкі картэж пад'едзе да паркоўкі, але раптам Лукашэнка ў суправаджэнні выйшаў з-за вакзалу. «А, ён на электрычцы прыехаў!» — падумалі людзі.

Лукашэнка паглядзеў у бок людзей, якія сабраліся за ачапленнем (іх было каля двухсот), і падышоў да іх. Людзі заапладыравалі і дасталі мабільнікі, каб сфатаграфаваць Лукашэнку. На пару хвілін ён спыніўся каля натоўпу і ў мікрафон прывітаў усіх:

— Дзе б я ні быў, што б ні рабіў, я заўсёды кажу — самае лепшае, што ў нас ёсць, гэта людзі.

Народ зноў запляскаў, а Лукашэнка на развітанне памахаў рукой і сеў у машыну.

Фота прэс-службы кіраўніка Беларусі

Аляксандр Лукашэнка наведаў таксама будаўнічую пляцоўку, на якой узводзяць новы корпус дзіцячай бальніцы, і кандытарскую фабрыку «Спартак». Яшчэ з красавіка кіраўніка краіны чакаў гігант «Гомсельмаш», які знаходзіцца ў сур'ёзным крызісе. Тэрыторыю завода таксама актыўна добраўпарадкоўвалі, але ў плане візіту не аказалася наведвання праблемнага прадпрыемства.

Пасля другой гадзіны дня з вуліц зніклі сілавікі ў цывільным і пасты даішнікаў. Затое ў цэнтры горада часова засталіся вулічныя прадаўцы квасу і марозіва, адзетыя ў кашулі з беларускім арнаментам і саламяныя галаўныя ўборы.

Дарэчы, пакуль Лукашэнка быў на вакзале, мясцовага актывіста АГП Уладзіміра Няпомняшчых, які, як звычайна, хадзіў у майцы «За Беларусь без Лукашэнкі», затрымалі ў цэнтры горада.

«Каля 11 гадзін я зайшоў на пошту на праспекце Перамогі, паклаў грошы на інтэрнэт, і калі выйшаў з аддзялення сувязі, невядомыя грамадзянскія літаральна скруцілі мяне ў барановы рог і сілай пасадзілі ў аўтамабіль, дзе трымалі за рукі і ногі. Нумар машыны — 5566 ЕМ-3. Тыя ў цывільным не назваліся, не патлумачылі прычыну затрымання, даставілі мяне ў Чыгуначны РАУС, дзе перадалі мясцовым супрацоўнікам міліцыі, але я прачытаў лекцыю, што часы зменяцца, яны будуць адказваць за гэтае беззаконне», — распавёў Няпомняшчых.

Па словах актывіста, у РАУСе склалі пратакол адміністрацыйнага затрымання, дзе прычынай было пазначана высвятленне асобы. Але ў пратаколе не было пазначана, кім быў затрыманы актывіст і на якіх падставах.

0
нешта ў лесе здохла / Адказаць
18.06.2016 / 14:48
Ого! Видно и вправду припекло. Это второй за 20 лет выход в народ после Цирка. Как оно там, фрэнч гомельчане не порвали?
0
Бульбулятар / Адказаць
18.06.2016 / 14:56
Падагналі ветэранаў, старых людзей не шкода, а яны супаціўляцца ня будуць
0
Просты Чалавек / Адказаць
18.06.2016 / 15:26
мне здаецца што мо кали зараз быу бы гауляйтар Кубэ аховы было б бы крыху менш
Паказаць усе каментары/ 23 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру