Суд у сталіцы Егіпта Каіры прысудзіў былога прэзідэнта краіны Махамеда Мурсі да пажыццёвага зняволення за шпіянаж на карысць Катара.
Яшчэ шасцёра падсудных, якія праходзілі па гэтай справе, прысуджаныя да смяротнага пакарання. У ліку асуджаных на смерць і двое журналістаў тэлеканала «Аль-Джазіра», яны асуджаныя завочна.
Мурсі прызналі вінаватым у кіраўніцтве незаконнай арганізацыяй і ў крадзяжы сакрэтных дакументаў. Пры гэтым даказаць, што Мурсі асабіста перадаваў Катару сакрэтныя дадзеныя, абвінавачванню не ўдалося.
Асуджаныя, як паведамляецца, маюць права падаць апеляцыю.
Махамед Мурсі, цесна звязаны з ісламісцкай арганізацыяй «Браты-мусульмане», знаходзіўся ва ўладзе ў краіне каля года.
У 2013 годзе ён быў зрынуты падчас ваеннага перавароту.
У Мурсі ўжо ёсць адзін смяротны прысуд, вынесены яму летам 2015 года: за дачыненне да масавых уцёкаў зняволеных з турмаў ў дні рэвалюцыі 2011 года і іх дачыненне да беспарадкаў у гарадах Егіпта.