У вёсцы Стаўбун, што ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці, з язычніцкіх часоў захаваўся ўнікальны абрад — «Пахаванне стралы» («Пахаванне сулы»). Святкуюць яго на праваслаўнае Ушэсце, якое сёлета прыпала на 9 чэрвеня. Сам абрад служыць дзеля абароны вёскі ад маланак і сімвалізуе развітанне з вясной і сустрэчу лета, а таксама спадзевамі на добры ўраджай.
«Пахаванне стралы» вядомае толькі на Пасожжы. Стараверы, якіх шмат перасялілася на Веткаўшчыну, лічаць абрад грахоўным. У некаторых вёсках існуюць забароны ад святароў на яго правядзенне.
На працягу некалькіх год традыцыю дапамагаюць захоўваць удзельніцы калектыву «Стаўбунскія вячоркі» да якіх далучаюцца вяскоўцы, моладзь і госці з іншых рэгіёнаў Беларусі ды нават суседніх дзяржаў.
Абрад прадугледжвае супольнае шэсце ўсіх жанчын са спевамі з розных канцоў вёскі, сустрэчу на скрыжаваннях і ваджэнне карагодаў. Пасля гэтага ўдзельніцы выпраўляюцца ў жытнёвае поле, дзе таксама водзіцца карагод, а пасля закопваецца «страла» — разнастайныя металічныя рэчы, манеты, гузікі. Пры вяртанні ў вёску з поля абавязкова прыхопліваюць да сябе ў хату некалькі каласкоў. Пасля абраду пачынаецца добрая ды шчырая беларуская бяседа.