Святлана Алексіевіч падчас сустрэчы з беларускай дыяспарай у Вашынгтоне. Фота Паўла Дэмеша.

Святлана Алексіевіч падчас сустрэчы з беларускай дыяспарай у Вашынгтоне. Фота Паўла Дэмеша.

У праграме знаходжання Алексіевіч у Вашынгтоне былі інтэрв’ю для розных амерыканскіх медыя, сустрэчы ў дзяржаўных установах, а таксама абед з удзелам Далай-Ламы, які тымі днямі таксама наведваў сталіцу ЗША.

Беларуская дыяспара ў Вашынгтоне у гонар Святланы Алексіевіч арганізавала адмысловы прыём, які наведалі таксама беларусы Нью-Ёрка і спецыялісты па Беларусі.

Фота Паўла Дэмеша.

Фота Паўла Дэмеша.

«Нягледзячы на тое, што ўлада мае са мной складаныя адносіны, мяне гэта ніяк не закранае, бо паўсюдна ад кожнага беларуса і людзей, якія жывуць у Беларусі, я чую столькі любові і столькі добрых словаў. І гэта вельмі дапамагае. Дай бог нам усім перажыць гэты смутны час і сапраўды пабачыць свабодную Беларусь».

Фота Паўла Дэмеша.

Фота Паўла Дэмеша.

Якія б ні былі дыктатары ці аўтакраты, ім усё адно не спыніць час, дадала пісьменніца, калі прамаўляла перад наведвальнікамі прыёма.

Размова ў Нацыянальным фондзе ў падтрымку дэмакратыі. Фота Валера Кавалеўскага.

Размова ў Нацыянальным фондзе ў падтрымку дэмакратыі. Фота Валера Кавалеўскага.

Галоўным публічным мерапрыемствам у Вашынгтоне стала гутарка ў Нацыянальным фондзе ў падтрымку дэмакратыі (National Endowment for Democracy). Ужо за тыдзень да сустрэчы з Алексіевіч усе квіткі разышліся.

Падчас сустрэчы са Святланай Алексіевіч у Нацыянальным фондзе ў падтрымку дэмакратыі. Фота Валера Кавалеўскага.

Падчас сустрэчы са Святланай Алексіевіч у Нацыянальным фондзе ў падтрымку дэмакратыі. Фота Валера Кавалеўскага.

Сама гутарка з пісьменніцай атрымалася вельмі змястоўнай і глыбокай. На працягу 90 хвілін суразмоўцам Алексіевіч быў Леон Уісэльцір (Leon Wieseltier), адзін з найбольш выбітных інтэлектуалаў выдавецкай індустрыі ЗША, сябар Брукінскага інстытуту.

Леон Уісэльцір (Leon Wieseltier). Фота Валера Кавалеўскага.

Леон Уісэльцір (Leon Wieseltier). Фота Валера Кавалеўскага.

Ацэнка твораў Алексіевіч прызнаным экспертам была надзвычай высокай. Гаворачы пра апошні яе твор «Час сэканд-хэнд», ён назваў яго «шэдэўрам гуманізму, адной з найбольш гуманістычных кніг, якія даводзілася чытаць».

Тэма сітуацыі ў Беларусі штораз уздымалася падчас гутаркі, часам перацякала ў развагі Алексіевіч пра Расію.

Напачатку размовы Карл Гершман, прэзідэнт NED, са шкадаваннем адзначыў, што Беларусь атрымлівае мала ўвагі на фоне тых пакутаў, якія ёй даводзіцца перажываць, і задаўся пытаннем «Як можа краіна аднавіцца ад траўмы такіх неймаверных маштабаў?»

Як ужо стала пэўнай традыцыяй, Гершман адзначыў слабасць дэмакрытычных сілаў Беларусі, але гэтым разам выказаў упэўненасць, што да такога стану спрычыніліся пакуты, апісаныя ў творах Алексіевіч.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што для многіх у свеце склалася трывалая асацыяцыя Беларусі з Аляксандрам Лукашэнкам як найбольш пазнавальнай міжнароднай фігурай. «Але цяпер ёсць яшчэ адна беларуская постаць з большай міжнароднай вядомасцю і з маральным аўтарытэтам, якая нашмат пераўзыходзіць любога палітыка ў Беларусі. Гэтая асоба — Святлана Алексіевіч», — падкрэсліў Гершман.

Прэзідэнт Нацыянальнага фонда ў падтрымку дэмакратыі Карл Гершман (Carl Gershman) падчас сустрэчы са Святланай Алексіевіч у Вашынгтоне. Фота Валера Кавалеўскага.

Прэзідэнт Нацыянальнага фонда ў падтрымку дэмакратыі Карл Гершман (Carl Gershman) падчас сустрэчы са Святланай Алексіевіч у Вашынгтоне. Фота Валера Кавалеўскага.

Карл Гершман і Леон Уісэльцір падчас сустрэчы са Святланай Алексіевіч у Нацыянальным фондзе ў падтрымку дэмакратыі. Фота Валера Кавалеўскага.

Карл Гершман і Леон Уісэльцір падчас сустрэчы са Святланай Алексіевіч у Нацыянальным фондзе ў падтрымку дэмакратыі. Фота Валера Кавалеўскага.

Пра палітыку і апазіцыю Беларусі

Алексіевіч ухілілася ад наўпроставага адказу на пытанне, ці лічыць яна сябе палітычнай фігурай, аднак з яе словаў было зразумела, што заставацца ў баку ад палітыкі яна не лічыць магчымым.

«Я не хацела б быць палітычнай фігурай, хацела б быць пісьменнікам. Але ў нас такое жыццё, што я ўвесь час апынаюся на барыкадзе. Несумленна проста сядзець і пісаць. Калі ты сядзіш і толькі пішаш, ты адчуваеш, што ты патрэбен, бо ў нас пісьменнік гэта заўсёды больш чым пісьменнік. Ты адчуваеш, што павінен у ва ўсім гэтым браць удзел. Хоць я заўсёды баюся барыкад, бо гэта кепскае месца для мастака. Там ты не бачыш рэальнага жыцця, там ты бачыш толькі мішэнь».

Алексіевіч выказала сумнеў наконт таго, што яе маральны аўтарытэт як лаурэата Нобелеўскай прэміі зможа паўплываць на Лукашэнку.

«Калі б Лукашэнка ведаў, што такое Нобелеўская прэмія, я была б шчаслівая», — пажартавала пісьменніца пад смех і апладысменты аўдыторыі.

Святлана Алексіевіч у Нацыянальным фондзе ў падтрымку дэмакратыі. Фота Валера Кавалеўскага. 

Святлана Алексіевіч у Нацыянальным фондзе ў падтрымку дэмакратыі. Фота Валера Кавалеўскага. 

«Што такое дыктатура? Гэта вельмі малакультурная канструкцыя. Яна абапіраецца на людзей, якія такім чынам ўяўляюць сабе свет. Які адукаваны чалавек можа ўяўляць сабе свет такім? Але яны яго так і ўяўляюць», — адзначыла Алексіевіч.

Пісьменніца лічыць складаным пытанне пра тое, якім павінен быць зараз пасыл апазіцыі да людзей.

«Людзі расчараваліся і не хочуць ніякіх пастыраў. Яны нікому не вераць. І так будзе працягвацца пэўны час».

Алексіевіч аддала належнае патэнцыялу звычайных людзей, але адзначыла іх недахоп. «Людзі разумнейшыя за апазіцыю і за ўладу, але не маюць ідэі, як арганізавацца».

Па меркаванні Алексіевіч, самая галоўная праблема — гэта праблема эліт. «У Беларусі гэтая праблема абсалютна відавочная. З аднаго боку эліту нашай краіны знішчыў Сталін, з другога боку Гітлер падчас вайны знішчыў яўрэяў. Гэта была галоўная культурная праслойка ў нашай краіне. На гэтым стаяла культурная стабільнасць і трываласць. Зараз гэтае сялянскае насельніцтва без эліты і, канечне, веды толькі адныя — сялянскія. Вось старшыня калгаса — вось гэта правадыр, вось гэта лідар».

«Адзінае спадзяванне, што яны не могуць спыніць час», — скептычна ацаніла перспектывы хуткіх пераменаў пісьменніца.

Яна спаслалася на словы Міхаіла Хадаркоўскага, які падчас сустрэчы з ёй казаў пра неабходнасць падрыхтоўкі новых людзей з перспектывай прыходу пераменаў у Расіі ў 2028 годзе. «Каб зноў не атрымалася, што мы без ідэй і без людзей», — прывяла яна словы расійскага апазіцыянера.

Закранаючы пытанне вулічных пратэстаў, Алексіевіч крытычна ацаніла іх эфектыўнасць. «Так, на Плошчу завуць. І што кажуць? Кажуць нейкія эмацыйныя банальнасці». Пры гэтым, па яе словах, людзям трэба рэальна ўяўляць як ім абараніць сябе ад адмоўных наступстваў. Алексіевіч не лічыць сябе прыхільніцай рэвалюцыі. «Я магу ісці на Плошчу, але мне цяжка клікаць туды людзей».

Тым не менш, Алексіевіч адзначыла патэнцыял масавых пратэстаў. Па яе словах, на дэманстрацыі ў Беларусі палкоўнік міліцыі сказаў ёй, што «пакуль вас будуць тысячы, я буду вас разганяць, калі вас будзе паўмільёна, я буду з вамі».

«Я не песіміст. Проста мы так доўга рамантызавалі, так доўга ўяўлялі сабе нейкія рамантычныя рэчы, што гэта будзе рэвалюцыя, свабода і дэмакратыя, што цяпер ужо злачынства — паўтараць гэта наноў. Цяпер трэба рэальна і вельмі дакладна ўяўляць, які народ, якія мы, што мы можам і колькі трэба часу», — падсумавала пісьменніца.

Звяртаючыся да пытання таго, на што беларусам спадзявацца ў сэнсе палітычнай падтрымкі, Алексіевіч пажартавала, маючы на ўвазе кандыдата Дональда Трампа, што новыя фігуры амерыканскай палітыкі здзіўляюць: «Мы ў Беларусі спачатку спадзяваліся на Расію — атрымалі Пуціна. Спадзяваліся на Амерыку — зараз, калі ласка, не прынясіце нам сюрпрыз».

Ненад Пэіч (Nenad Pejic), віцэ-прэзідэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, падчас сустрэчы са Святланай Алексіевіч у Нацыянальным фондзе ў падтрымку дэмакратыі. Фота Валера Кавалеўскага.

Ненад Пэіч (Nenad Pejic), віцэ-прэзідэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, падчас сустрэчы са Святланай Алексіевіч у Нацыянальным фондзе ў падтрымку дэмакратыі. Фота Валера Кавалеўскага.

Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне і Руская праваслаўная царква 

На погляд Алексіевіч, тое, што ўлады столькі ўвагі надаюць перамозе ў вайне, тлумачыцца тым, што іншых падобных дасягненняў не існуе. Па яе словах, калі забраць Перамогу, то застанецца Гулаг, пра які тады трэба будзе гаварыць. Перамога між тым засланяе ўсе праблемы.

«Я супраць таго, што Перамога такая прыгожая. Калі чалавек узяў зброю ў рукі, ён не можа быць харошым, не можа быць прыгожым. Для сучаснага чалавека гэта відавочна. Нас прымушалі 50 гадоў падзяляць гэтыя забабоны. І цяпер нас паварочваюць назад і прымушаюць жыць па законах таго часу. «Перамога не прыгожая, яна страшная, і Сталін вінаваты ў вайне», — падкрэсліла Алексіевіч.

Яна таксама крытычна ацаніла ролю праваслаўнай царквы ў грамадскім жыцці.

«РПЦ — гэта частка зваротнай саветызацыі. Царква зусім не самастойная. Яна другая ўлада, але не першая. Таму што першая ўлада дазволіла ёй быць уладай. Сапраўднай царквы ў нас няма. Казаць пра яе ўплыў можна толькі тое, што яна праводзіць уплыў улады».

Алексіевіч пра свабоду і ідэю

Што такое свабода, многія людзі не ведаюць да гэтага часу. Асаблівасць такая, што калі чалавек не ведае, што такое свабода, інфармацыя, якую ён спажывае, не прабіраецца ў яго. «У выніку за 20 гадоў мы пацярпелі паразу, бо не былі гатовыя да думкі, што свабода — гэта не свята і не заўтра, а гэта доўгі шлях».

У выніку Алексіевіч песымістычна ацаніла перспектывы пераменаў у Беларусі і Расіі. «Яшчэ не хутка ў нас будзе такі гістарычны шанец як у 90-я гады».

Алексіевіч крытычна выказалася пра тое, як у нас ставяцца да ідэі. «У нас чамусьці лічыцца, што дзеля ідэі можна забіць чалавека ці ва ўсякім разе пасадзіць яго ў турму». Між тым, як творца, адзначыла Алексіевіч, яна не можа быць пісьменнікам з паходняй, дэмакратам, лібералам, які пераследуе пэўную ідэалогію: «Для мяне і кат, і ахвяра аднолькава цікавыя як аб’ект вывучэння».

Звяртаючыся да гісторыі пасля 1991 года Алексіевіч выказала меркаванне, што «ідэя гэта не швейцарскі шакалад», які можна прывезці ў краіну. «Ідэя павінна мець шлях да душы, а гэты шлях ідзе цераз культурнае поле», аднак такіх культурных кодаў не было, такія ідэі не мелі на што абаперціся. Акрамя таго, для ідэй фактычна не было суправаджэння, іх не тлумачылі людзям.

Па яе словах, яна «вычэрпвала з сябе савецкага чалавека, вычэрпвала вёдрамі». Тым не менш, слова «савок» непрыемнае для пісьменніцы, якая ў такія моманты ўяўляе твар свайго бацькі. Па яе словах, гэта не «савок», гэта — трагічная фігура. Тым больш, што не шмат каму атрымлівалася выкараскацца з гэтага стану.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?