На выбарах, якія маюць адбыцца 11 верасня, «Справядлівы свет» будзе пазіцыянаваць сябе партыяй, што «выказвае і адстойвае інтарэсы людзей, якія жывуць на даходы ад уласнай працоўнай дзейнасці або якія атрымліваюць пенсіі, стыпендыі і іншыя сацыяльныя дапамогі, крытычна ацэньвае вынікі дзейнасці дзейных органаў улады».

На думку прадстаўнікоў партыі левых, выбудаваная ў краіне сістэма дзяржаўнага ладу і грамадскіх адносін «не здольная паспяхова вырашаць задачы ўстойлівага эканамічнага і сацыяльнага развіцця Беларусі і павышэння дабрабыту грамадзян». «Доўгі час недасканаласць абранай мадэлі развіцця ўдавалася маскіраваць дзякуючы каласальнай фінансава-эканамічнай дапамозе з боку Расіі і нарошчванню знешняга і ўнутранага доўгу краіны», — адзначаецца ў прынятай платформе.

Знешняя дапамога і пазыкі «не былі накіраваны на структурную перабудову і мадэрнізацыю эканомікі, а бяздарна растрачаны на бягучае спажыванне», гаворыцца ў дакуменце. У выніку гэтага Беларусь «цалкам растраціла эканамічны патэнцыял, які дастаўся ў спадчыну ад сацыялістычнага перыяду развіцця ў складзе СССР».

Паводле ацэнкі партыі «Справядлівы свет», беларуская эканоміка ўвайшла ў рэцэсію, у краіне скарацілася колькасць людзей, занятых у рэальным сектары вытворчасці, хуткімі тэмпамі расце колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных.

У мэтах спыніць эканамічную і сацыяльную дэградацыю краіны, падзенне жыццёвага ўзроўню людзей партыя прапаноўвае «ажыццявіць новы курс, які дазволіць забяспечыць Беларусі ўстойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё і павышэнне дабрабыту грамадзян».

Пры гэтым у дакуменце падкрэсліваецца: паспяховая рэалізацыя новага курсу сацыяльна-эканамічнага развіцця магчымая толькі пры ўмове сур'ёзных зменаў у палітычнай сферы. Пад такімі зменамі «Справядлівы свет» разумее:

- пераход да аднапалатнага парламента і значнае пашырэнне яго паўнамоцтваў, у тым ліку па зацвярджэнні ўрада, абранні і прызначэнні вышэйшых службовых асоб дзяржавы;

- забеспячэнне гарантый функцыянавання самастойнай і незалежнай судовай улады шляхам абрання суддзяў Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў непасрэдна парламентам;

- рэалізацыю ў Беларусі агульнаеўрапейскай хартыі самакіравання, абранне кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў таемным галасаваннем;

- заснаванне інстытута ўпаўнаважанага па правах чалавека.

Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» да 2009 года называлася «Партыя камуністаў беларуская» (ПКБ). Была заснавана ў 1991 годзе ў выніку прыпынення дзейнасці КПБ — КПСС на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У 1996 годзе частка членаў ПКБ, якія падтрымлівалі палітыку Аляксандра Лукашэнкі, аддзялілася ад партыі і ўтварыла Камуністычную партыю Беларусі (КПБ). Такім чынам, у краіне працяглы час існавалі дзве кампартыі: прапрэзідэнцкая КПБ і апазіцыйная ПКБ. З 1994 года нязменным лідарам апазіцыйных камуністаў з'яўляецца Сяргей Калякін.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?