На мінулым тыдні адзін з чарнасоценскіх сайтаў абурыўся паведамленнем «Нашай Нівы» пра збор подпісаў супраць ўстаноўкі помніка Аляксандру Неўскаму ў Віцебску. 

Ва ўяўленні аўтараў, зрыў гэтай «доўгачаканай падзеі» — акт супраць «праваслаўнай грамадскасці» і «падрыў будаўніцтва» г.зв. Саюзнай дзяржавы. 

Таму гэтая пакрыўджаная «праваслаўная грамадскасць» у асобе пяцёркі чарнасоценскіх аўтараў, сярод якіх ніводнага віцебчука, выказала сваё неадабрам-с.

Скрыншот з сайта чарнасоценцаў

Скрыншот з сайта чарнасоценцаў

Разам з персанажамі, якія называюць сябе пісьменнікамі, гісторыкамі і «вядомымі журналістамі», стаіць імя сапраўды журналіста — вядучага дзяржаўнага тэлеканала АНТ, лаўрэата Прэміі прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» Вячаслава Бандарэнкі. 

У сваім каментары чарнасоценскаму сайту ён назваў фашыстамі тых, хто выступае супраць устаноўкі помніка Неўскаму ў Віцебску. 

«З вялікім сумам даводзіцца назіраць, як у пэўных колах Беларусі набірае моц ціхі, паўзучы фашызм, — прыводзіць словы Бандарэнкі сайт. — Потым ён робіцца гучным, нахабным, потым перад ім пачынаюць пасаваць, спрабуюць залагодзіць, робяць выгляд, што яго няма, ну а потым — чарговая Мюнхенская дамова, чарговая Прага і Польшча». 

Вячаслаў Бандарэнка. Фота: ont.by

Вячаслаў Бандарэнка. Фота: ont.by

Вайна культурных уплываў, якая цяпер ідзе ў Беларусі — гэта, паводле Бандарэнкі, першы бой з такім фашызмам.

«Сцярпім на гэты раз — сцярпім ва ўсе наступныя», — піша вядучы АНТ пра збор подпісаў супраць помніка Неўскаму і прыгадвае гісторыю, калі з бюста Пушкіну прыбралі шавіністычны верш «Клеветникам России». 

«Тады ўлады здалі назад, «залагодзілі» — прыбралі «не тую» цытату», — аперуе Бандарэнка тэрмінам, якім называюць палітыку саюзнікаў у дачыненні да Гітлера.

З помнікам Неўскаму ўлады, маўляў, таксама займаюцца залагоджваннем. 

«Не ў баявым строі, не на кані. У мірным выглядзе, з сям'ёй… Але не. І гэта не тое. У якім заўгодна выглядзе — не тое. Проста таму што не Альгерд, не Кейстут, не Міндоўг, не Вітаўт. Вось гэтых трэба і з сям'ёй, і на кані, і пад канём…», — працягвае вядучы пра Неўскага, а разважае далей пра фашыстаў. 

Ужо некалькі гадоў фундамент пад помнік Неўскаму ў Віцебску выкарыстоўваецца ў якасці клумбы. Фота: news.vitebsk.cc

Ужо некалькі гадоў фундамент пад помнік Неўскаму ў Віцебску выкарыстоўваецца ў якасці клумбы. Фота: news.vitebsk.cc

«Як яны прагнуць дзейнічаць у адкрытую! Проста скідаць у Свіслач, Дзвіну і іншыя рэкі ўсё, што не ўпісваецца ў іх карціну свету. Але пакуль яны яшчэ засцерагаюцца, збіраюць сілы. Проста ладзяць істэрыкі, калі бачаць у кіроўцы аўтобуса расійскі сцяжок. І бягуць у міліцыю з лямантам пра тое, што гэта крыўдзіць іхнія пачуцці. Міліцыя цярпліва выцірае слёзкі істэрыкам і просіць кіроўцу зняць сцяжок. Па завядзёнцы, той літуе нэрвы істэрыка (ці наўпрост не хоча звязвацца з дурнем) і прыбірае. Хаця чаму, уласна? У нас свабодная краіна, які сцяжок захачу, такі і павешу. А не падабаецца табе — дык выходзь з майго аўтубуса і шпацыруй пешшу».

Сваю думку журналіст скончвае прыгадваннем нядаўняй паездкі ў Талін, дзе ён «нярэдка» бачыў у аўтобусах расійскія сцягі, якія «не выклікалі абурэння». 

Меркаванні іншых чарнасоценцаў прыводзіць не будзем, бо сярод іхніх аргументаў — то штамп, то абраза: і ўлады Віцебска ў іх «крэтыны», і ініцыятары помніка Альгерду — «быдла» і «гарластыя маргіналы». 

Мы датэлефанаваліся да Бандарэнкі і папрасілі патлумачыць, каго і чаму ён называе фашыстамі. 

«У маім разуменні фашызм — гэта нецярпімасць да ўсяго, што выглядае не так, як ты лічыш патрэбным, каб яно выглядала», — патлумачыў журналіст АНТ.

Паводле яго, такія нецярпімыя людзі вельмі небяспечныя, бо «спачатку яны дзейнічаюць мінімальнымі сродкамі, а потым бяруцца за зброю».

Мы перапыталі ў лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне», ці з'яўляюцца нецярпімымі чарнасоценцы, якія не саромеюцца ў выказваннях у дачыненні да беларускіх патрыётаў. 

Бандарэнка прызнаў, што так. 

«Так, гэта таксама праявы нецярпімасці, мне гэты погляд абсалютна не блізкі», — такую ацэнку Бандарэнка даў словам іншых прадстаўнікоў «праваслаўнай грамадскасці». 

Варта таксама сказаць, што Бандарэнка — аўтар такіх публіцыстычных твораў, як «Заходні шчыт Расійскай імперыі», «100 вялікіх рускіх эмігрантаў», «100 вялікіх подзвігаў Расіі», «100 вялікіх расійскіх акцёраў» ды інш. 

Нядаўна ён браў удзел у прапагандысцкім шоў Салаўёва на расійскім ТБ, дзе назваў украінцаў нацыстамі, а баевікоў самаабвешчаных «рэспублік» — нашчадкамі савецкіх афіцэраў, якія «адстойвалі супольную радзіму». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?