Перамогай менскага МТЗ-РІПА скончыўся фінал сёлетняга Кубку Беларусі па футболе. У вырашальным матчы «трактаразаводцы» зь лікам 2:1 перайгралі салігорскі «Шахцёр».

Лік у матчы быў адкрыты ўжо на пятай хвіліне, калі Вячаслаў Глеб удала сыграў у штрафной салігорцаў. «Шахцёр» на працягу матчу меў некалькі рэальных магчымасьцяў лік выраўняць. У папярэчыну трапіў Нікіфарэнка, мог забіць і МТЗ.

У другім тайме на замену ў «Шахцёра» выйшаў найлепшы бамбардзір айчыннага футболу Валеры Страпейкіс. Менавіта ён у фірмовым стылі на 82-ой хвіліне адправіў мяч у браму Аляксандра Сулімы – 1:1.

Здалося, што дадатковаму часу быць, але ўжо празь імгненьне Вячаслаў Глеб і Алег Страхановіч прынесьлі МТЗ-РІПА перамогу. Страхановіч так жарсна сьвяткаваш забіты гол, што атрымаў ад судзьдзі Кульбакова чырвоную картку. Астатнія дзесяць сталічная каманда адкрыта гуляла на ўтрыманьне ліку. Хаця за дзьве хвіліны да сьвістка Максім Гукайла мог зрабіць лік роўным, але не атрымалася.

Разам з выйграным трафэем МТЗ-РІПА забясьпечыў сабе трапляньне ў Кубак УЭФА. «Шахцёр» жа будзе гуляць у Кубку Інтэртота. Ужо вядома, што ягоным першым супернікам будзе польскі «Лех».

***


Цягам тыдню адбыліся матчы сёмага туру чэмпіянату Беларусі па футболе.

Вось іх вынікі: «Віцебск» – «Дарыда» – 0:0, «Шахцёр» –«Гомель» – 1:1, БАТЭ – «Нафтан» – 2:1, «Савіт» – «Смаргонь» – 2:0, «Дынама» (Менск) – «Тарпэда» – 0:1, МТЗ-РІПА – «Нёман» – 1:1, «Лякаматыў» – «Граніт» – 0:0, «Дынама» (Берасьце) – «Дняпро» – 0:0.

Турнірная табліца пасьля сямі тураў мае наступны выгляд: «Віцебск» — 17 пунктаў, МТЗ-РІПА, БАТЭ – па 13, «Смаргонь», «Дынама» (Менск), «Тарпэда» — па 11, «Нафтан», «Шахцёр», «Граніт» – па 10, «Гомель», «Нёман» – па 8, «Лакаматыў», «Савіт» – па 7, «Дынама» (Берасьце) – 6, «Дняпро» — 4, «Дарыда» — 2.

Найлепшы бамбардзір Арцём Канцавой (МТЗ-РІПА) – 7 галоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?