20.06.2016 / 21:52

У МЗС адкрылася выстава, прысвечаная жыццю і творчасці Васіля Быкава 1

Выстава «Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому…», прысвечаная жыццю і творчасці беларускага пісьменніка і Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, адкрылася сёння ў Міністэрстве замежных спраў, паведамілі ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства.

Фота МЗС

Выстава заснаваная на апошняй прыжыццёвай кнізе пісьменніка і ўяўляе сабой літаратурна-дакументальны праект Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына, адкрываючы экспазіцыю, адзначыла, што імя Васіля Быкава вядома не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Яго творы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, займаюць асаблівае месца ў беларускай і замежнай літаратуры, перакладзены на 52 мовы свету.

У сваю чаргу дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч расказала, што першая (яшчэ прыжыццёвая) выстава, прысвечаная Васілю Быкаву, мела назву — «Голас Быкава чуе ўвесь свет». «Сімвалічна, што менавіта яна паслужыла асновай для цяперашняй экспазіцыі, гасцямі якой сталі шматлікія прадстаўнікі розных краін свету», — дадала яна. Паводле слоў Лідзіі Макарэвіч, асаблівую каштоўнасць сярод экспанатаў уяўляюць матэрыялы, перададзеныя ў музей асабіста пісьменнікам і яго жонкай, а таксама шматлікія фатаграфіі мясцін у Беларусі і за мяжой, з якімі звязаны жыццёвы шлях вядомага пісьменніка.

У цырымоніі адкрыцця выставы ўзялі ўдзел міністр замежных спраў Уладзімір Макей, кіраўнікі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Беларусі, і іншыя госці.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Генэрал Голад / Адказаць
20.06.2016 / 22:03
Дзіўныя справы! Узнагароджваюць Бабкіну, Дробыша, Кіркорава, а выставы робяць пра Быкава. У чым справа? Няўжо нельга зрабіць выставу з назваю "Піліп - дарога ў нікуды..."
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру