55-гадовая Таццяна Дупанава раніцай 21 чэрвеня выкінулася з балкона на 8 паверсе.

Вядома, што жанчына працавала па найме ў роднай сястры — то бок была аформленая як наёмны работнік. Але працавала фактычна на сябе, ездзіла з таварам па раёнах.

Па словах Анатоля Шумчанкі, лідара грамадскага аб’яднання «Перспектыва», які першым паведаміў пра здарэнне, некалькі тыдняў таму па дарозе ў Чачэрск Дупанаву затрымалі даішнікі. Зацікавіліся дакументамі на тавар і выклікалі АБЭЗ. Па словах яе знаёмых, Дупанаву больш за 3 гадзіны афармлялі ў міліцыі. Таксама канфіскавалі тавар.

22 чэрвеня жанчыну чакаў суд. Але за дзень да гэтага, а 4-й раніцы яна сышла з дома. Паднялася на 8 паверх «маласямейкі», што стаяла непадалёк. Выйшла на агульны балкон — і скочыла ўніз.

«Па факце смерці жанчыны 1960 года нараджэння праводзіцца праверка. Цела знайшлі раніцай 21 чэрвеня ў Савецкім раёне Гомеля. Дакладную прычыну смерці пакажа судова-медыцынская экспертыза. Асноўная версія здарэння — суіцыд», — паведаміла «Нашай Ніве» Марыя Крываногава, прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта ў Гомельскай вобласці.

Падрабязней пра здарэнне «Нашай Ніве» распавяла Людміла, сяброўка Таццяны Дупанавай.

«Таццяна гандлявала адзеннем. І вось, тыдні з два таму паехала на сваім старым «Опелі» у той Чачэрск. Яна ездзіла па раёнах, сама за рулём, прыязджала ў базарны дзень на мясцовыя рынкі. І ў той дзень, па дарозе ў Чачэрск, мела дзве торбы з сукенкамі, якія і канфіскавалі. Тавару было на 20 мільёнаў рублёў, — кажа Людміла. – Ну і ў яе была нейкая праблема з дакументамі на тавар, ДАІ выклікала АБЭЗ, потым падатковую.

Яе адвезлі кудысьці ў аддзяленне, і хоць у пратаколе стаіць, што дапытвалі тры гадзіны, яна казала мне, што правяла там больш за шэсць. Потым тэлефанавалі сястры Таццяны з падатковай Чачэрска, размаўлялі ў такім тоне, што сястры стала кепска… Карацей, наша сістэма, дзе ўсе такія правільныя, знайшла сабе парушальніка».

Па словах Людмілы, потым Таццяна паехала на гандаль у Буда-Кашалёва, каб зарабіць на аплату штрафаў. І прыйшлі дзве жанчыны, якія сфатаграфавалі яе гандаль, а пасля Таццяну зноў выклікалі ў падатковую.

 «І вось у яе здарыўся псіхалагічны зрыў», — наракае Людміла.

Людміла запэўнівала, што пойдзе на суд разам з ёй, на Таццяну ціснула тое, што яна нібыта «будзе выглядаць злачынцам» перад сястрой і тое, што ў сястры могуць быць праблемы праз яе.

«Я прапаноўвала ёй пазваніць Шумчанку, пракансультавацца, але Таццяна адмаўлялася, казала, што яна ж не прадпрымальнік афіцыйна, а наёмны работнік. Яна баялася нават ісці да адвакатаў – лічыла, што, калі на суд прыйдзе з адвакатам, падумаюць, што яна «крутая», — узгадвае Людміла. – Штраф ад 100 да 200 базавых, які паабяцалі, – для яе гэта было ўсё. Баялася яшчэ, што з 1 ліпеня пачнуцца новыя праверкі… За гэтыя тыдні яна схуднела на 14 кілаграмаў, перастала есці, спаць… Ёй патрэбная была псіхалагічная дапамога, мы ўсе яе супакойвалі, але на такі вынік ніхто не разлічваў, вядома…».

Людміла кажа, што бяда з Таццянай павінна паказаць, што ўсё ж з людзьмі трэба абыходзіцца па-людску, паблажліва.

«Грэх яна ўзяла на сваю душу… Гэта быў маленькі шчыры чалавек, яна ж ніколі не была «акулай бізнэсу».

Яна ж кожны дзень сама ездзіла з гэтымі дзвюма торбамі, сама на ржавай машыне сваёй. Сама вырасціла дзвюх дачок — першы муж памёр маладым і якраз у Таццянін дзень… Але вось, у яе было тры любімых унучкі, яна сустрэла добрага мужчыну, з якім жыла добра… І вось так усё скончылася», — кажа сяброўка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?