Юрый Салашэнка (злева) і Генадзь Афанасьеў на борце самалёта, які ляціць ва Украіну, 14 чэрвеня 2016 года. Фота: прэс-служба прэзідэнта Украіны

У сярэдзіне чэрвеня ў Кіеў прыбылі Генадзь Афанасьеў і Юрый Салашэнка, асуджаныя ў Расіі за тэрарызм і шпіянаж (адпаведна). Іх абмянялі на грамадзян Украіны Алену Глішчынскую і Віталя Дзідзенку, якіх судзілі ў Адэсе за сепаратызм. Неўзабаве пасля прыезду ва Украіну Генадзь Афанасьеў і Юры Салашэнка далі вялікае інтэрв'ю журналісткам Аксане Каваленка і Галіне Тытыш з «Украінскай праўды». Яны распавялі, як іх арыштавалі і як яны адбывалі пакаранне ў Расіі. «Медуза» публікуе (з нязначнымі скарачэннямі) маналогі Афанасьева і Салашэнкі.

25-гадовы Генадзь Афанасьеў затрыманы 9 мая 2014 года ў Сімферопалі. Следства інкрымінавала яму ўдзел у групоўцы «крымскіх тэрарыстаў», якую ўзначальваў рэжысёр Алег Сянцоў, які атрымаў 20 гадоў турмы. Афанасьеў быў абвінавачаны па некалькіх артыкулах КК РФ, звязаных з тэрарызмам — за спробу падарваць манумент ля Вечнага агню ў Сімферопалі і помнік Леніну. На следстве Генадзь Афанасьеў прызнаў віну, аднак у судзе цалкам адмовіўся ад сваіх паказанняў, заявіўшы, што яны былі атрыманыя пад катаваннямі. У снежні 2014 года прыгавораны да сямі гадоў калоніі.

74-гадовы Юрый Салашэнка затрыманы ў жніўні 2014 года ў Маскве, куды яго запрасілі на дзелавыя перамовы. Салашэнка ўсё жыццё прапрацаваў на абаронным заводзе «Знамя» ў Палтаве, у тым ліку 20 гадоў быў яго дырэктарам. У Расіі Салашэнка быў абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Украіны (справа разглядалася ў закрытым рэжыме, яе падрабязнасці невядомыя). У кастрычніку 2015 года суд прысудзіў Юрыя Салашэнку да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Генадзь Афанасьеў

9 мая 2014 гады я ішоў на парад да Дня Перамогі ў Сімферопалі з фатаграфіяй прадзеда. Пасля гэтага накіраваўся да знаёмай дзяўчыны, якая жыла непадалёк — у цэнтры горада. Але па дарозе на мяне накінуліся хлопцы ў цывільным, з аўтаматамі і запіхнулі ў машыну. Побач стаялі журналісты, якія здымалі ўсё гэта.

У машыне мяне кінулі на падлогу, надзелі на галаву мяшок і павезлі. Пакуль ехалі — білі ў жывот і галаву, распытвалі пра розных людзей, пагражалі, што вязуць у лес, што буду сам сабе капаць магілу.

У рэшце рэшт, давезлі дадому — яны ўжо ведалі, дзе я жыву. Забралі ключы ад кватэры, і вось так, з мяшком на галаве, завялі ў кватэру, кінулі на падлогу. У доме нешта шукалі, але нічога не знайшлі. Пасля гэтага ўжо павезлі ў аддзяленне ФСБ у Крыме, і адтуль — да ізалятара часовага ўтрымання на дзесяць дзён. Звычайна там трымаюць тры дні, а далей перавозяць у следчы ізалятар. Але мяне трымалі дзесяць.

Адваката пры мне не было, затое было вельмі шмат следчых з Масквы і такіх, вельмі рослых, хлопцаў з Каўказа, супрацоўнікаў ФСБ. Я быў прыкаваны да жалезнага стала. Спачатку яны гаварылі, пагражалі, я нічога не казаў.

У першы дзень проста білі.

Прывялі на другі паверх — там былі спецыяльныя людзі і следчы. Зноў задавалі розныя пытанні. Зразумеўшы, што я не ведаю фактаў, якія іх цікавяць, запатрабавалі даць паказанні супраць сябе. Што я прызнаюся ў тым, быццам 9 мая хацеў падарваць помнік ля Вечнага агню. Гэта абсурд, таму што я сам быў сярод людзей, якія ішлі да помніка! Мяне там і затрымалі, і гэта бачыла вельмі шмат народу.

Усе дзесяць дзён, пакуль быў там, не давалі спаць, значыць, не было нават туалетнай паперы, нічога не было. Нейкае падвальнае памяшканне; было вельмі халодна. На працягу пяці дзён ужывалі… Проста пакет апраналі на галаву, душылі…

Пра гэта трэба гаварыць. Людзі павінны ведаць, што адбываецца. Я не адзін такі. Я бачыў шмат прыкладаў. Так рабілі не са ўсімі, а з тымі, хто ім быў патрэбен.

Да мяне ў камеру заводзілі Аляксея Чырняга (яшчэ адзін арыштаваны па справе «крымскіх тэрарыстаў»), які пры мне казаў, што я такі-то і такі-то. Да гэтага мы з ім сустракаліся. А цяпер Чырній даваў паказанні на мяне і на хлопчыкаў і дзяўчат. Гэта быў псіхалагічны ціск: чалавек супраць цябе сведчыць, а следчыя кажуць, што табе ўжо няма куды пайсці, нічога не зрабіць. Следчыя казалі, што ў мяне няма шанцаў: «Ты атрымаеш 20-25 гадоў. Можаш толькі прызнацца, і тады атрымаеш менш».

Я вырашыў, раз супраць мяне давалі паказанні і гаворка ідзе толькі аб падпале — то я падпішу згоду. І падпісаў. Я не сведчыў ні супраць каго, толькі сам прызнаў сваю віну.

Потым яны зацікавіліся ўжо Аляксандрам Кольчанкам і Алегам Сянцовым. Супраць іх таксама даў паказанні Чырній.

Пасля гэтага пачаліся ўжо сур'ёзныя катаванні. Апраналі процігаз, адкручвалі ніжні клапан і пырскалі туды з балончыка — пачыналася ваніты, ты захлынаўся ў іх. Калі захлёбваешся, маску здымаюць, даюць панюхаць нашатыр — і ўсё паўтараецца. Працягвалася тым, што далучалі электрычныя драты да палавых органаў — і білі токам. Калі задушванні яшчэ можна было вытрымаць, то гэта быў іншы боль. Так прымушалі ставіць подпісы на дакументах. Проста ставіць подпісы, і ўсё.

Я разумеў, што там, бачыў, што напісана. Але ўласнаручна я нічога не пісаў, усё было ўжо нарыхтавана — увесь тэкст.

Самае галоўнае — у мяне ёсць мама, і яны пагражалі дабрацца да яе. Гэта падзейнічала. Я падпісаў дакументы, і мяне перавезлі ў Маскву. З такімі ж пагрозамі прымусілі выступіць на тэлебачанні, сказаць, тое, што ім трэба. Я памятаў, што са мной рабілі ў апошнія дні — і не верыў, што нехта можа мяне абараніць, каб гэта не паўтарылася. Таму я проста сказаў тое, што яны патрабавалі сказаць.

Мне казалі: «Ды будзеш спакойна сядзець у турме ля дома, дзе цёпла і добра, а калі не — патрапіш у вельмі дрэнныя месцы». Я верыў, што яны могуць гэта зрабіць.

Калі да мяне прыходзілі праваабаронцы, я іх асцерагаўся. Ну, скажу я гэтым людзям, што са мной было. А што будзе потым? Не ведаю.

Увесь першы год-паўтара ў мяне ў душы ішла цяжкая барацьба з-за паказанняў [якія я даў] супраць невінаватых хлопцаў. Я трымаўся да суда, бо лічыў, што, калі я сябе выдам, яны зробяць так, каб мяне ў суд не давезлі. Я хацеў, каб гэта было нечаканасцю на судзе. Я дачакаўся.

Генадзь Афанасьеў (справа) у паліклініцы Дзяржаўнага ўпраўлення справамі Украіны пасля вяртання на радзіму 14 чэрвеня 2016 года. Фота: прэс-служба прэзідэнта Украіны

Я ўжо вырашыў, што ўсё, гэта канец. Напісаў лісты з выбачэннямі за мае грахі ўсім сябрам, маці — і пайшоў у суд.

Адразу пасля гэтага выступу (у судзе Афанасьеў заявіў, што яго катавалі і адмовіўся ад дадзеных на следстве паказанняў) аператыўнікі ФСБ у Растове ўчынілі збіццё. У мяне з'явіліся адвакаты і абаронцы — яны змаглі зафіксаваць траўмы, якія былі мне нанесеныя.

Расейцы выканалі сваё абяцанне — мяне павезлі ў сучасны ГУЛАГ у рэспубліцы Комі, у адзіную ў Расіі такую выпраўленчую калонію. Там я быў нават не ў калоніі, а ў строгім бараку. Я не змагу вам гэта растлумачыць: хто там не быў, не зразумее.

Сам пераезд быў вельмі цяжкім — на вуліцы 40-45 градусаў, спякота, вагоны так награваюцца, што іх было трэба астуджаць пажарнай машынай. Унутры ні вады, ні прыбіральняў. Гэта агульныя ўмовы для расійскіх арыштантаў. З імі абыходзяцца як з жывёламі, па-іншаму і не скажаш.

Калі мяне ўжо перавезлі ў калонію, у мае рэчы падкінулі лязо. З-за гэтага ляза мяне адразу перавялі з карантыну ў штрафны ізалятар, а адтуль — у барак строгага рэжыму. Гэта такі вялікі барак, дзе ў метры-паўтара ад сцен стаяць жалезныя краты, а за імі ходзіць ахова. Вы як быццам у заапарку, вакол вас людзі, яны вас бачаць. А побач — сто чалавек на 150 квадратных метрах. Сядзець няма дзе, ляжаць забаронена, усё забаронена.

Але я скардзіўся на ўмовы, скардзіўся пастаянна. Ведаеце, пасля таго, як я прыйшоў на суд і сказаў, што Кольчанка і Сянцоў невінаватыя, ува мне нешта змянілася — я перастаў баяцца.

Але я нікому не верыў. Нават калі да мяне прыйшоў мой адвакат Папкоў і паказваў свае пасведчанні, пашпарт, я казаў: «Я не буду з вамі размаўляць».

Там, у рэспубліцы Комі, я вельмі цяжка захварэў. Сам дыягназ я не ведаю, мяне абследуюць. На скуры былі вельмі вялікія запаленні, якія не праходзілі, іх трэба было лячыць, але ніхто гэтага не рабіў. Таму я іх зрэзаў. Мы з хлопцамі рвалі прасціну, перавязвалі, потым мылі яе і зноў перавязвалі. Бралі яшчэ нейкі дзіцячы крэм і мазалі ім. Што маглі, то і рабілі.

Праз некаторы час мне пачалі прыносіць таблеткі — антыбіётыкі. Але з-за іх пачалося іншае захворванне, таму што сапсаваўся страўнік.

Праз некаторы час мне падкінулі ў зімовую куртку тэлефонную сім-карту. Куртка была ў асобным памяшканні, якое на ноч зачыняецца. Раніцай я пайшоў на вуліцу — у нас быў планавы ператрус. Я настойваў, каб гэта не мая сім-карта, хай яны зробяць білінг, раздрукуюць тэкст і ўбачаць, што гэта не мае размовы. Але яны ў першыя дні гэтую картку знішчылі.

Мяне павезлі ў горад Мікунь — там ёсць жаночая папраўчая калонія № 31, а пры ёй маленькае памяшканне, дзе знаходзяцца найбольш небяспечныя злачынцы. Мяне трымалі ў адзіночнай камэры. Два месяцы і 15 дзён я быў пастаянна адзін, зусім нікога не бачыў. У мяне былі толькі кнігі.

У першы час былі лісты. Але ў апошні месяц яны зноў не даходзілі. Ды і мае не адпраўлялі — ці яны сталі губляцца.

Праз год і тры месяцы я ехаў у Растоў… Мне выдалі мае рэчы. Там былі ўсе лісты, якія я дасылаў, і ўсе лісты, якія адпраўлялі мне. Была і кніга Тараса Шаўчэнкі, я яе прывёз з сабой.

Тое, што мы вам расказваем — гэта ўсё вельмі коратка. Таму што кожны дзень для чалавека, які знаходзіцца ў камеры, тым больш калі ён там адзін, — як цэлае кіно, як увесь свет. Ён не ведае, што будзе ў наступны момант.

Нам яшчэ ёсць, што распавесці: і пра беззаконнае следства ў Расіі, і пра гісторыі і лёсы іншых хлопцаў, якія былі побач з намі. Трэба ісці паступова, крок за крокам, каб усё ўспомніць, адчуць і данесці вам. Два гады і два месяцы нельга перадаць за дзесяць-дваццаць хвілін.

Мы хочам сустрэцца з усімі палітвязнямі, у нас ёсць нешта агульнае. Таму Алег Сянцоў для мяне асабіста — герой. Ён ужо як частка сям'і. Мы зробім усё, што ў нашых сілах, каб кожнага вярнуць дадому. Гэта наша мэта.

Юрый Салашэнка

Я быў дырэктарам завода, увесь час працаваў з Мінабароны Расіі. Гэта быў наш адзіны заказчык, таму што мы рабілі прадукцыю ваенна-тэхнічнага прызначэння, вырабы, якія эксплуатаваліся ва Узброеных сілах РФ. Мы нармальна працавалі адным калектывам яшчэ з савецкіх часоў. Нас запрашалі на семінары, якія з-за нашай прысутнасці лічыліся міжнароднымі. Мы прыязджалі туды са сваім сцягам, уздымалі яго пад гукі гімна Украіны. І гэта было так прыемна, такая шчырая павага.

Неяк адзін з гэтых генеральных заказчыкаў, палкоўнік расійскай арміі, патэлефанаваў і сказаў, што яны набылі вялікую партыю нашых вырабаў і просяць наша «дабро» для выкарыстання ў іх комплексах. Кажу яму — трэба праверыць, што вырабы сапраўды кандыцыйныя. Ён спытаў: «Можаш гэта зрабіць?»

Я доўга аднекваўся — збіраўся ехаць лячыць жонку, ды і з завода я сышоў яшчэ ў 2010 годзе. Але яны так настойвалі: «Ну, прыедзь, на адзін дзень. Апаратура ёсць. Прыедзеш і з'едзеш». Угаварылі. Прыязджаю [летам 2014 г.] у Белгарад, праходжу пашпартны кантроль, расійская памежніца праверыла мае дакументы, сышла, потым вяртаецца: «Дайце ваш пашпарт яшчэ». Даю ёй пашпарт. Яна зайшла ў суседняе купэ і, чую, па тэлефоне перадае мае пашпартныя дадзеныя кудысьці. І я зразумеў, што мяне «вядуць». Я ўжо тады здагадваўся, што нешта не тое… Але я з Калегавым (кіраўнік дэпартамента дзяржабаронзаказу ААТ ''Расэлектроніка'', які і выклікаў Салашэнку ў Расію) працаваў 12 гадоў, як быў дырэктарам.

Хоць я нават прозвішча гэтае прамаўляць не хачу. Не магу назваць яго чалавекам. Ужо колькі я сябе пераконваў, што я ж хрысціянін, і трэба дараваць, але некаторым нягоднікам дараваць проста не ў стане.

Думаю: «Ну вось, вядуць мяне. Ну і што? Я еду ў простай кашулі, джынсах, басаножках, тры тысячы расійскіх рублёў у кішэні і зваротны квіток. Калегаву паабяцаў, я з ім працаваў колькі…» Быццам і прычыны не бачу нейкай, каб вяртацца.

У Маскве мяне сустракаюць гэты Калегаў і Дзям'янаў, таксама палкоўнік, толькі былы: «Што, так проста прыехалі, без нічога?» Я ім: «Я ж на паўдня прыехаў, без нічога. У вас апаратура ёсць для праверкі?» — «Ёсць».

Прыязджаем у іх офіс, у двары стаіць нейкая машына, у самым офісе — вырабы, якія я ведаю. Заходжу. Не паспеў я, як мае быць, павітацца, і тут дзверы насцеж расхінаюцца — па ўсіх правілах дэтэктыўнага жанру: «Усім заставацца на месцах! ФСБ!» Думаю:» Напэўна, нешта гэтыя хлопцы напракудзілі… Гэта за імі, я тут ні пры чым».

Юрый Салашэнка перад высылкай ва Украіну, 14 чэрвеня 2016 года. Фота: прэс-служба прэзідэнта Украіны

Падскоквае да мяне падпалкоўнік, мяне да сцяны, рукі на сцяну, ногі на шырыню плячэй. Я нічога не разумею. Абшукалі, узялі два тэлефона, паклалі ў поліэтыленавы пакет, даюць: «Забяры свае тэлефоны». Гляджу, там з тэлефонамі нейкія паперы ляжаць. Я кажу: «Гэта не маё». — «Не, гэта ваша. Вы з імі ездзілі». Аказваецца, яны падрыхтавалі нейкія быццам бы сакрэтныя дакументы, за якімі я прыехаў, каб выкрасці іх у Расіі. «Сакрэтнымі матэрыяламі» аказаліся паперы на сістэмы С-300, якія эксплуатуюцца ва Узброеных сілах Украіны 40 гадоў, і камплектуючыя робяцца на кіеўскім заводзе «Генератар».

Павязалі, кайданкі, фатаграфуюць, усё як мае быць. Адзіны «доказ» — гэтыя тэлефоны з дакументамі, якія яны самі падсунулі. На паперках нават адбіткаў маіх не было. Я іх не чытаў, да гэтага часу не ведаю, што там напісана, у гэтых паперах. Яны мяне абсалютна не цікавілі.

Прыязджаем у следчае ўпраўленне. Думаю, зараз разбяруцца, і я паеду дадому. У мяне квіток на 9:15. Гляджу, яны так на поўным сур'ёзе гэта ўсё, складаюць пратакол затрымання. Следчы паведамляе мне: «Мы апавясцілі амбасаду».

Прыязджаем на суд, я зноў пачынаю казаць, што гэта абсурднае абвінававчанне. Але суддзя мне: «Справа не ў абвінавачванні, а ў тым, каб да заканчэння разбору вырашыць пытанне аб меры стрымання». І прымае рашэнне на два месяцы змясціць мяне ў «Ляфортава».

Закрылі мяне ў адзіночнай камеры. На наступны дзень суправаджаюць пад канвоем у следчае ўпраўленне. Потым мне опер кажа: «Прымайце расійскае грамадзянства, і вас перавядуць у статус сведкі. Мы не за вамі сачылі, а за Калегавым. Вы ж ведаеце, у яго такая пасада, ён заўсёды пад нашым наглядам быў. Вы быццам бы як адначасна». Ну, я, натуральна, не пагадзіўся. Тады яны проста мяне закрылі.

Мае сябры ў Маскве вельмі дапамаглі, адразу забяспечылі ўсім, што павінен мець арыштант, таму што я нават зубную шчотку пакінуў у цягніку. А ў следчым упраўленні мне кажуць: «Тут ходзіць адзін адвакат ад вашых сяброў. Ён толькі нашкодзіць вам, таму што яго адмыслова даслалі, каб ён выведаў, з якой прычыны вы ізаляваныя, каб засцерагчы гэтых сваіх кіраўнікоў». Усяляк настойвалі, каб я адмовіўся ад гэтага адваката.

2 кастрычніка 2014 года суд па падаўжэнні меры стрымання. І пасля суда… Мне зноў падаўжаюць тэрмін на два месяцы. Калі я даведаўся, што мяне не адпускаюць, у мяне ледзь інфаркт не здарыўся, я сапраўды сябе дрэнна адчуў. Спадзяваўся, што два месяцы — і непаразуменні скончыліся.

Праходзіць месяц, я з камеры не выходжу. Праз месяц і пару дзён мяне прыводзяць пад канвоем у следчае ўпраўленне, кажуць: «Не можам праводзіць следчыя дзеянні. Ваш адвакат не хоча прыходзіць. Таму мы вам раім вось такога-то адваката, такі выдатны, прынцыповы». Карацей, «рэкамендуюць». Прывялі яго, а ён кажа: «З заўтрашняга дня пачнём рыхтаваць матэрыялы па перакваліфікацыі артыкула, таму што шпіянаж — гэта асабліва цяжкі артыкул, ад 10 да 20 гадоў, ні амністыі не падлягае, ніякім паблажкам». Паабяцаў шмат, «але толькі грошы наперад, тады пачынаем працаваць». Ну, дзеці мае заплацілі яму грошы.

А адвакат, як грошы атрымаў, адразу заявіў: «У вас два варыянты — прызнаць сябе вінаватым, тады атрымаеце па мінімуме, 10 гадоў. Калі не прызнаеце сябе вінаватым, атрымаеце 20 гадоў». Я кажу яму: «Паглядзі на мяне. 10 ці 20 гадоў для мяне хіба мае значэнне? Вядома, я не буду прызнаваць сябе вінаватым». Увогуле, без адваката я быў 10 месяцаў, і месяцаў восем быў без консула.

Я не прызнаюся — а ў іх, відаць, недастаткова матэрыялаў. Выклікаюць мяне ў чарговы раз і кажуць умову дасудовага пагаднення са следствам: «Калі вы прызнаеце сябе вінаватым у шпіянажы, мы вас праз тыдзень пераводзім на хатні арышт». Да майго прыяцеля, які жыве пад Масквой. Абяцаюць, што ў начальніка ўпраўлення сябар — намеснік старшыні Маскоўскага гарадскога суда, ён з ім дамовіўся, — я атрымаю ўмоўнае пакаранне.

Мне дзеці пішуць, якія меры прымаюцца, што ездзяць у Кіеў, дамаўляюцца, потым праваабаронцы прыходзілі. Расійскі амбудсмэн Эла Памфілава сказала: «Я цяпер вам дапамагчы не магу, толькі пасля суда».

Я ведаю, што абвінавачванне абсурднае, што ва Украіне ніхто не паверыць, што я спрабаваў выкрасці менавіта гэтыя матэрыялы — таму што яны ёсць у нас!

Я думаю: «Добра». І згаджаюся на хатні арышт.

Але спачатку сказаў гэтаму следчаму: «Я табе не веру, хай хто-небудзь з твайго кіраўніцтва пацвердзіць».

Прыйшоў начальнік аддзела, палкоўнік Раствораў, і кажа: «Данілавіч, у мяне бацька таксама Юрый Данілавіч, і таксама 1942 года. Я вас так паважаю. Я калі паведаміў намесніку старшыні суда, колькі вам гадоў, ён сказаў: «Ды якія размовы? Умоўна, хай едзе дадому, усё будзе зроблена»».

Яны паехалі да майго сябра, дык узялі ў яго распіску, што ў яго ёсць жыллё, дзе я магу ўтрымлівацца пад хатнім арыштам. Паказваюць ліст, я почырк сябра ведаю. Думаю — можа быць, і так… Падпісаў гэтую страшную паперу. Я нават яе не дачытаў, настолькі гэта было непраўдападобна, абсурдна і жудасна.

Праз некаторы час запрашаюць мяне зноў у гэта следчае ўпраўленьне. У начальніка стол накрыты, бутэлька каньяку і бутэрброды. «Разумееце, усе згодныя, акрамя аднаго. Ён сказаў, што ў вас няма рэгістрацыі ў Расіі, таму вас нельга пад хатні арышт… Давайце вып'ем». Піць я не стаў…

Мне следчы неяк у парыве шчырасці сказаў: «Калі я вынесу вам апраўдальнае заключэнне, то гэта значыць, што я пайшоў у аддзел кадраў звальняцца. Пытанне вашага затрымання вырашалася на ўзроўні кіраўніцтва Генпракуратуры і ФСБ».

У мяне там не было зусім ніякіх шанцаў. Я пісаў у адміністрацыю прэзідэнта і начальніку следчага ўпраўлення. Ні адказу, нічога.

Праходзіць час, трэба ўжо знаёміцца з матэрыяламі справы. Зноў адваката няма, я адзін. Прачытаў першы том. У першым томе ФСБ піша даведку, што ва Украіне гэтыя вырабы асвоены ў вытворчасці на адным з заводаў. Даведка на маю карысць, атрымліваецца, калі б яе хтосьці разумны пачытаў.

Адзін том я падпісаў. Усяго — чатыры тамы. Мяне прыспешваюць: «Давай бягом, таму што ўсе ж дамоўлена, усё трэба хутка». Потым усё вельмі хутка закруцілася. Я падпісаў усе тамы і праз тыдзень атрымаў апавяшчэнне, што справа адпраўленая ў суд.

Суд быў закрытым, нікога не пускалі, ні тэлебачанне, ні консула. На трэцім пасяджэнні я выступаў у сваю абарону. Суддзя слухаў мяне. А ў прысудзе напісана, што мае словы «суд успрымаў крытычна».

14 кастрычніка зачыталі прысуд. Туды ўжо дапусцілі ўсіх. І праваабаронцаў, і консула.

І вось прыходзіць ліст — выканаць прысуд і адправіць мяне па месцы адбыцця пакарання. Я ў гэты час быў у шпіталі «Матроскай цішыні». Эла Памфілава праз праваабаронцу Зою Светаву перадала, што 10 снежня на сустрэчы з прэзідэнтам Пуціным будзе абмяркоўваць і пытанне майго памілавання.

І вось 10 снежня я чакаю. Уключыў тэлевізар, там паказваюць сюжэт — Эла Памфілава сядзіць, з Пуціным размаўляе пра нешта… Тут адкрываецца гэтая кармушка: «Салашэнка, з рэчамі на выхад». Хлопцы кажуць: «Ну ўсё, Памфілава ўсё вырашыла». Я таксама так падумаў, збіраю штучкі. А мяне ў назапашвальнік — і на этап.

Гэтыя сталыпінскія вагоны… Ён падобны да звычайнага: калідор, уздоўж яго купэ, толькі там усюды краты. Вокнаў у купэ няма. Па тры паліцы з двух бакоў. 12 чалавек у купэ, усе паляць. Пытаюся канваіра: «Калі пажар зараз у купэ пачнецца, ты адкрыеш краты, каб мы выскачылі?» Кажа: «Не, мне прасцей вас па акце спісаць, чым потым даваць справаздачу, дзе вы ўсе разбегліся».

Я сядзеў з вельмі паважанымі людзьмі — два дактары навук. Адзін — палкоўнік спецназа, сапраўдны мужык, баявы, з ордэнамі. А з адным грузінам я практыкаваўся рабіць па яго просьбе гімн Украіны і напаўголаса спявалі ў камеры.

Мяне не білі — спрабавалі зламаць маральна. Мне губляць… Вядома, я хацеў пабачыць сваіх унукаў. Мне следчы казаў: «Вядома, лепш памерці дома». А я думаю: «Не дачакаешся». Толькі вось я, дома амаль.

Тым, хто цяпер знаходзіцца ў закладніках у РФ, хацеў бы сказаць, каб трымаліся, верылі, таму што Украіна пра іх не забылася — яна змагаецца за кожнага свайго грамадзяніна. Калі б я не верыў, што я калісьці буду дома — не ведаю, ці дажыў бы да гэтага дня. Я засынаў і прачынаўся з гэтай думкай, гэта стала малітвай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0