Дзякуючы ім запомніцца сёлетні чэмпіянат Еўропы.

Уэльс

Яшчэ 15 гадоў таму траплянне гэтай зборнай на топ-спаборніцтва было б сенсацыяй. Хоць тады за валійцаў і гуляў славуты «д’ябл» Раян Гігз. Валійскі футбол моцна прыбавіў, у складзе каманды ёсць дзве мегазоркі – Гарэт Бэйл і Аарон Рэмзі. Уэльс выйшаў пераможцам з крэпкай групы, дзе гулялі англічане і славакі.

Адметна, што самую важную перамогу валійцы атрымалі ў матчы з Расіяй, проста размазаўшы суперніка. Адметна гэта тым, што ў 2003 годзе пасля перамогі над Уэльсам абаронца Расіі Вадзім Яўсееў крычаў у камеру: «Х…й вам». Валійцы не крычалі нічога. Цяпер перад імі адкрываюцца выдатныя гарызонты на чвэрцьфінал, бо ў 1/8 сустракаюцца з не самымі моцнымі паўночнымі ірландцамі.

Харватыя

Ёсць такі выраз: пакажы, хто ў цябе гуляе ў паўабароне, і я скажу, ці моцная ў цябе зборная. У паўабароне Харватыі гуляюць футбалісты «Барселоны» і «Рэала» Іван Ракіціч і Лука Модрыч. Хай харваты і расслабіліся ў канцоўцы гульні з Чэхіяй, але які матч яны выдалі супраць Іспаніі! «Чырвоная фурыя» не прапускала да гэтага больш за 700 хвілін.

Перышыч і Калініч прынеслі харватам перамогу над Іспаніяй 2:1, а таксама першае месца ў групе. Адзіны негатыў – гэта паводзіны заўзятараў, якія б’юцца на трыбунах самі з сабой.

Харваты пакаленне за пакаленнем дораць Еўропе выдатных футбалістаў.

Польшча

Існуе традыцыя, што кожныя 12 гадоў Еўра выйграе зборная-андэрдог. У 1992 годзе гэта былі датчане, у 2004 – грэкі. Чаму б сёлета не здзівіць свет палякам? У гэтай каманды, здаецца, ёсць усё, каб замахнуцца на высокія месцы. Палякі добра так патрапалі нервы Германіі (0:0), а яшчэ не прапусцілі ніводнага гола на групавой стадыі. Швейцарскі бар’ер не выглядае непераадольным.

Наперад Польшчу вядуць Роберт Левандоўскі і Якуб Блашчыкоўскі, але калі перакрываюць іх, то заўсёды знаходзяцца гульцы, гатовыя перахапіць ініцыятыву.

Ісландыя

Насельніцтва гэтай паўночнай краіны як у нашым Брэсце – 330 тысяч. На гульні ў Францыю, кажуць, прыехала 10% насельніцтва гэтай краіны. Ісландцы даўно былі завадатарамі моды ў гандболе. Цяпер на іх усё часцей будуць азірацца і ў футболе.

На стартавым для сябе Еўра ісландцы не прайгралі ніводнага матча, хаця скептыкі казалі, што нават адна нічыя ім будзе за шчасце. А феерычная перамога над Аўстрыяй на апошніх секундах увогуле зрабіла ў момант шчаслівымі ўсё насельніцтва гэтага вострава.

Венгрыя

Увогуле было незразумела, што гэтая зборная робіць на Еўра. Усе думалі, што партугальцы і аўстрыйцы ўжо дакладна накідаюць венграм цэлую сетку мячоў. Дзе там! Аўстрыйцы паплаціліся за сваю самаўпэўненасць (2:0), а з партугальцамі быў выдадзены вогненны матч (3:3). Як вынік, першае месца ў групе.

Венгрыя – гэта выдатны прыклад для Беларусі. Іх гульцы не гучаць у Еўропе. Усе ведаюць толькі ветэрана-брамніка Кірая дзякуючы ягоным штанам-трэнікам. А таксама крыху чулі пра Джуджака. Шмат гульцоў выступае ў чэмпіянаце Венгрыі. Чэмпіёнаў гэтай краіны год за годам у Лізе чэмпіёнаў выносіць БАТЭ. Толькі на Еўра вугорцы, а не мы. Трэба глядзець і вучыцца, як са зборнай сярэдняй рукі стварыць гразу аўтарытэтаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?