Канфрантацыйная замежная палітыка Крамля вынікае з аднадушнай волі як расейскай эліты, так і шырокіх пластоў насельніцтва, і няма падставаў спадзявацца на яе перамену пасьля прыходу Мядзьведзева. Піша Іван Красьцеў

Нікаля Сарказі і Карла Бруні адпачываюць. Яны больш не прэзыдэнцкая парачка нумар адзін у сьвеце. Цяпер гэта Ўладзімер Пуцін і Дзьмітры Мядзьведзеў. Адносіны паміж імі відавочна блізкія, але настолькі ж замкнёныя, таямнічыя, што і выклікае супярэчлівыя інтэрпрэтацыі. Экспэртаў і простых расейцаў цяпер трывожыць толькі адно: ці змогуць ужыцца былы і цяперашні прэзыдэнт краіны? І чаго чакаць ад такога сужыцьця, дабра ці ліха?

Аптымісты спадзяюцца, што інаўгурацыя Дз.Мядзьведзева і пераход ягонага старэйшага і вышэйшага настаўніка на пасаду прэм’ер‑міністра ў маскоўскім Белым доме прывядзе да да ўтварэньня сыстэмы стрымак і проціваг і пашырэньня плюралізму ў расейскай палітыцы. Пэсымісты ж пабойваюцца зацятых канфліктаў у шэрагах кіраўнічай клясы, якія, ня дай Бог, скончацца міжусобіцамі. Кажучы словамі Пуціна, «цэнтралізаваная ўлада закладзеная ў ДНК Расеі».

Хоць на расейскім гербе выява дзьвюхгаловага арла, гісторыя навучыла расейцаў разглядаць дзьвюхгаловую ўладу як пачвару. Апошняе процістаяньне адбылося на пачатку 1990‑х, паміж Барысам Ельцыным і парлямэнтам, і скончылася яно капітуляцыяй парлямэнту. Сёньня ж падобная небясьпека, нягледзячы на заявы спадарства з Санкт‑Пецярбургу, зь цягам часу абавязкова будзе нарастаць.

За часамі Пуціна кіраўнічая эліта навучылася лёгка пазбаўляцца канкурэнцыі звонку. Але нашмат цяжэй трымаць саму эліту пад кантролем. Выбары ладзяцца раз на чатыры гады, а сацыялягічныя дасьледаваньні — пастаянна. Бойка за грамадзкую думку будзе нашмат цяжэйшай за бойку за галасы: што здарыцца, калі рэйтынг Мядзьведзева перасягне рэйтынг прэм’ер‑міністра Пуціна?

Складанейшым будзе кантроль і за СМІ, якіх можна вельмі лёгка прымусіць быць ляяльнымі да аднаго цара, а не да двух. Падобным чынам крамлёўскія алігархі — у Расеі так сталася, што людзі, якія валодаюць краінай, ёю ж і кіруюць, — будуць мець больш як аднаго судзьдзю для вырашэньня сваіх спрэчак. А што калі Мядзьведзеў захоча калі‑небудзь ужыць свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы, хоць яны і былі падараваныя яму з ласкі Пуціна? Калі ён міні‑я прэм’ер‑міністра, то зрабіць гэтага яму не наканавана.

Адным словам, узаемныя падазрэньні і інтрыгі паміж Крамлём Мядзьведзева і Белым домам Пуціна непазьбежныя — і могуць быць нават горшымі, чым паміж Крамлём і Белым домам у Вашынгтоне. Спадарства Пуцін і Мядзьведзеў сёньня шчыра сьцьвярджаюць, што палітычнай вайны можна ўнікнуць. Але насампраўдзе вайна паміж іхнымі акружэньнямі ўжо пачалася.

* * *

Плянуючы перадачу ўлады, новы прэм’ер‑міністар — і дагэтуль найгалоўнейшы з усіх лідэраў краіны — патрапіў захаваць палітычную пераемнасьць у кароткатэрміновай пэрспэктыве. Але відавочна ён не патрапіў стварыць стабільнай палітычнай сыстэмы. За два пуцінскія тэрміны расейская дзяржава стала багацейшай (дзякуючы высокім цэнам на нафту), больш рэпрэсіўнай і больш цэнтралізаванай; але вось ня стала кіраванай больш эфэктыўна. Адно даваць рады нязгодным ці ладзіць вайсковыя парады, а іншая справа — эфэктыўна кіраваць гэтай агромністай краінай.

Пуцінская сыстэма — гэта клясычны прыклад «імпатэнцыі ўсясільнага». На сёньня Расея — гэта сусьветная дзяржава, якая набірае моцы, але ў той самы час гэта слабая дзяржава з карумпаванымі і неэфэктыўнымі інстытуцыямі. Яе войска і сыстэма адукацыі засталіся на ўзроўні мінулага стагодзьдзя; замежная і сацыяльная палітыкі — на ўзроўні ХІХ ст. Эканамічны рост Расеі ўражвае, але ён няўстойлівы. І гэтаму палітычнаму рэжыму, абцяжаранаму неэфэктыўнай уладай, сканцэнтраванай у Крамлі, нестае дынамізму, каб даць штуршок трансфармацыі Расеі. Усякі зрух ва ўладных колах пераўтвараецца ў крызіс. Усякая зьмена ўлады прыводзіць да брутальнага пераразьмеркаваньня ўласнасьці.

Унутрана закладзеная ў пуцінізм нестабільнасьць — всоь тлумачэньне нядаўніх віражоў у замежнай палітыцы. Агрэсіўнае стаўленьне Масквы да іншых краінаў, асабліва да Захаду, патрэбнае для таго, каб захаваць легітымнасьць постпуцінскага рэжыму. Але гэта прыводзіць да парадоксу: Захад патрэбны Крамлю як партнэр для разьвіцьця Расеі, але яшчэ больш Захад патрэбны Крамлю ў якасьці ворага, каб не выпускаць уладу з сваіх рук.

У сваіх поглядах на Расею Захад прытрымліваўся дзьвюх небясьпечных ілюзій: маўляў уладная эліта дзеліцца на дзьве выразна акрэсьленыя групоўкі: першая — лібэральная, празаходняя, аматары Deep Purple, як, напрыклад, Мядзьведзеў; другая — антызаходняя і аўтарытарная, КГБісты (ці «сілавікі»), атачэньне Ўладзімера Пуціна. І таму перамога «лібэралаў» над аўтарытарнай групоўкай, як лічыць Захад, — гэта неабходная рэчы, каб гарантаваць дэмакратыю ў Расеі. Мы таксама трымаліся гэтага памылковага меркаваньня ў 90‑х.

Але супярэчлівы характар расейскага рэжыму ня ёсьць вынікам няскончанай вайны паміж «лібэраламі» і «сілавікамі». Гэта вынік дваістага характару мадэрнізацыі Расеі. За апошні дзясятак гадоў Расея стала больш празаходняй, але ў той самы час больш антызаходняй. Яна стала больш адкрытай, але ў той самы час больш нацыяналістычнай. Новая канфрантацыйная замежная палітыка Крамля не магла паводле свайго характару стаць вынікам абставінаў, і асабістым выбарам У.Пуціна таксама лічыцца ня можа. Гэта вынік усеагульнае згоды наконт новай замежнай палітыкі як сярод расейскай эліты, так і сярод шырокіх пластоў насельніцтва.

Зьмена асобаў пры ўладзе наўрад ці паўплывае на гэтую згоду. Надзея на тое, што эканамічны рост, павелічэньне сярэдняй клясы і зьмена пакаленьняў можа зьмякчыць антызаходнія настроі ў Расеі, аблудная. Нягледзячы на тое, што расейцы карыстаюцца iPod‑амі ці палюбілі капучына, іхныя палітычныя погляды ня сталі ані больш прадэмакратычнымі, ані антызаходнімі. Паводле зьвестак нядаўняй сацыялягічнай апытанкі, найбольш антыамэрыканскі сэгмэнт насельніцтва Расеі — гэта мужчыны, якія маюць адукацыю і жывуць у Маскве.

Пуцінска‑мядзьведзеўскі рэжым перацякае ў да болю вядомую Расеі стадыю. За апошнія 150 гадоў Расея ня раз ажыцьцяўляла шэраг лібэральных рэформаў, якія забясьпечвалі на пэўны час істотны эканамічны рост, але ў выніку ўсяго гэтага распачыналіся войны паміж элітамі за пераразьмеркаваньне ўлады і багацьця, і прыходзіла спакуса выкарыстаць здабытыя эканамічныя выгоды ў на патураньне геапалітычным амбіцыям Расеі. Міжвольным вынікам рабілася ўзмацненьне сацыяльнай напружанасьці, згортваньне рэформаў і ў выніку сацыяльная і палітычная катастрофа. Зараз галоўная мэтай палітыкі Захаду адносна новай уладнай парачкі ў Расеі павінна заключацца ў дапамозе Маскве пазьбегнуць паўтору такога сцэнару.

Пераклад з Уол-стрыт джорнэл

Іван Красьцеў — баўгарскі палітоляг, старшыня Цэнтру лібэральных стратэгіяў у Сафіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0