23.06.2016 / 15:41

Мільянер Аляксандр Шакуцін: Грошай у Чыжа хапае, каб выкупіць усіх, хто там з ім сядзіць 18

На пятым Усебеларускім сходзе бізнэсмен Аляксандр Шакуцін, старшыня рады дырэктараў ААТ «Амкадор», расказаў журналістам пра беларускі бізнэс, чаму сам не баіцца праверак і чаму не набыў бы кватэру ў «доме Чыжа».

Пра тое, ці рацыянальна праводзіць сход у крызіс

Мы, напэўна, пераацэньваем суму, якую ўклалі ў гэтае мерапрыемства. Да таго ж, у крызіс трэба, каб збіраліся людзі, якім неабыякава, што адбываецца ў эканоміцы свету, і разам прымалі рашэнні, якія дапамогуць вываду галіны з крызісу. І трэба ж улічваць яшчэ і псіхалагічны момант. Бо ў кожнага ўдзельніка, як у спартоўца, з’яўлецца другое дыханне, мы пачынаем шукаць адказы на складаныя эканамічныя пытанні разам, і ў выніку іх знаходзім. І важна, што сёння кіраўніцтва краіны пачула, якія праблемы ёсць у культуры, у спорце.

Пра Юрыя Чыжа

Не ўсе вы ведаеце, што здарылася з Чыжом. Я больш ведаю, чым шмат хто, мяркую. Я не магу сказаць, што калісьці ён быў маім калегам, мы ўсё ж па-рознаму ўспрымалі і вядзенне бізнэсу і будаванне яго. Мы ніколі не былі партнёрамі і не былі людзьмі, якія падзяляюць філасофію вядзення бізнэсу. У нас розная філасофія, яна дыяметральна супрацьлеглая.

Грошай у Чыжа, думаю, хапае, каб выкупіць усіх, хто там з ім сядзіць. Але, давайце… Гэта надта інтымныя тэмы. Я лічу сам, што калі ты не забіў, не згвалціў, а недзе недаплаціў — то трэба ставіцца лаяльна, яны павінны кампенсаваць усе страты і выйсці на волю.

Я чытаў артыкул, што 4 чалавекі з 1000 могуць кіраваць прадпрыемствам ці бізнэсам. Таму такія людзі павінны быць «на ўліку», іх трэба ведаць. І калі нейкія праблемы, то іх лепш вярнуць, каб яны працай даказалі, што здзейснілі памылку, каб яны працавалі на грамадства, на эканоміку краіны.

Пра праверкі

Ведаючы, як працуюць мае структуры і як працаваў Чыж, канечне, мне баяцца няма чаго.

Першыя праверкі прыйшлі не да Чыжа, а да мяне.

І калі ўпэўніліся, што мы будуем бізнэс на празрыстай канкурэнтнай аснове, што мы не выводзім сродкі за мяжу, мы ўкладваем іх у развіццё ўласнай эканомікі — праблемы ўсе знялі.

Не ведаю, наколькі гэтыя праверкі былі масавыя, але я іх прайшоў. І калі да мяне прыйшлі, я не спалохаўся, абсалютна. Я адразу сказаў, што не хвалююся, што гэта такая праца ў праваахоўнікаў — правяраць. А наша праца — даказваць, што мы працуем у межах прававога поля. Мы працуем шчыра, плацім падаткі — гэта філасофія нашага бізнэсу. У кожнага ёсць момант спакусы, мы ўсе хочам зарабіць больш, хочам неяк зарабіць за кошт дзяржавы: недаплаціць падаткі ці штосьці схаваць. Але з першага кроку ў бізнэсе мы для сябе вырашылі, што трэба працаваць згодна з заканадаўствам і не баяцца анікога і анічога. Хай мы заробім менш, але мы не будзем баяцца.

А праверак я дакладна прайшоў у 10—15 разоў больш, чым Чыж.

І шмат з іх былі па замове. Так, у нас такое магчыма. Можаце і вы напісаць ліст на мяне ў Дзяржкантроль, калі заўважылі нейкі негатыў у маёй працы. І прыйдуць, правераць. І я адкрыта пра гэта казаў, нават агучваў прозвішчы. Гэта выклікана было не інтарэсамі камерцыйнымі нават, а, хутчэй, зайздрасцю, тым, што я рабіў не тое, што іншыя.

Я заўсёды выступаў за вытворчасць, за стварэнне новых працоўных месцаў. Хоць гэта і складана, шмат рызыкі.

Пра бізнэс

У нас у бізнэсе па-рознаму ставяцца адзін да аднаго. Ёсць стваральнікі — гэта асобная каста людзей, якія адзін з адным маюць зносіны, абмяркоўваюць праекты, радуюцца поспехам адзін аднаго, падтрымліваюць. Усе мы ведаем, як складана займацца вытворчасцю, мы ўсе пачыналі з чагосьці невялікага. А ёсць гандлёвыя людзі. Мы не разумеем гандаль: кіёскі, крамы, шапікі… Мы іх не разумеем. А яны — нас. У нас розныя ступені разумення і вядзення бізнэсу.

І калі адбываліся нейкія затрыманні, я прасіў, каб да «стваральнікаў» ставіліся не так жорстка. І дзяржава абсалютна адэкватна ўспрымала такія просьбы.

Пра сябе і ўладу

Два скліканні я быў у Савеце рэспублікі. А сёння я лічу, што ў кожнага чалавека сваё прызначэнне ў жыцці. Я б ні ў якіх арганізацыях не быў. З моманту, як я сышоў з беларускага ЦК камсамола, у мяне не было імкнення працаваць «наверсе».

У мяне было імкненне ствараць новыя прадукты, заводы, тады я атрымліваю надзвычай вялікае задавальненне, атрымліваю той кайф, які патрэбен чалавеку, каб добра сябе адчуваць. І я буду гэта рабіць, пакуль буду стаяць на гэтай грэшнай зямлі. Ніколі нікуды больш не пайду, ані ў дэпутаты, ані ў іншыя…

Пра словы Лукашэнкі, што бізнэсоўцаў папросяць падымаць праблемныя вёскі

Ніхто не прымусіць кагосьці штосьці рабіць. Гэта прапанова. Я меў жаданне дапамагчы сялу. Я сам нарадзіўся ў калгасе, мае бацькі працавалі на сяле, я ведаю, наколькі гэта складана. Тады, у той час, гэта была катаржная праца. Я сам даіў 15 кароў і ведаю, наколькі гэта цяжка.

І я хацеў дапамагчы тым людзям, якія сёння засталіся працаваць на сяле.

Калі жадання такога няма – ніхто не прымусіць. Я ведаю. Шмат маіх сяброў не захацелі ці не ўзялі гаспадарку.

Пра маёмасць за мяжой

Шчыра скажу: аніводнай капейкі за мяжой не маю. Прадпрыемствы працуюць, завод у Літве, у Бранску, у Пакістане. Але гэта кампаніі, якія мы адкрылі з дазволу ўрада Беларусі. Гэта не мая маёмасць. І на 200% скажу – усё, што буду мець, я буду мець у Беларусі. І чальцы сям’і таксама.

Я ў свой час вельмі хацеў, каб сын атрымаў элітную заходнюю адукацыю, прапанаваў яму найлепшую школу Швейцарыі. Але ён сказаў: «Тата, што я табе зрабіў, што ты хочаш ад мяне пазбавіцца? Я хачу быць побач з табой і працаваць побач з табой». І ён не плануе за мяжой ані вучыцца, ані працаваць.

Пра дзяржпрадпрыемствы

Калісьці прэзідэнту прапаноўвалі закрыць ці прадаць дзяржпрадпрыемствы. Асабліва ў 90-я. Гэта толькі вар'яты маглі прапаноўваць, тыя, хто далёкі ад эканомікі, хто не разумее, што такое эканоміка ў Беларусі.

Я жартую заўсёды: «У Беларусі ёсць два мяхі калійнай солі, два вядры нафты. І два кусты». На чым трэба, каб краіна развівалася? Трэба падтрымліваць вытворчасць. Не было б машынабудаўніцтва — і што?

Вы кажаце пра МТЗ, дык адно працоўнае месца там фарміруе ад 7 да 12 працоўных месцаў у сумежных сферах. Рабочаму трэба даць абутак, вопратку, мыла і гэтак далей. А колькі падаткаў заплаціў той жа МТЗ? А колькі тавараў прадаў?

Калі ён і быў стратны, то паціху выйдзе на прыбытак, была ж чарговая хваля крызісу. І ён адпрацуе даўгі, да гэтага трэба спакойна ставіцца. Сёння ўсе прадпрыемствы ў свеце маюць страты.

Але страты — гэта не банкруцтва. Гэта бізнэс, гэта нармальная з’ява.

Пра архітэктуру

Ёсць некалькі аб’ектаў у Мінску, якія мне катэгарычна не падабаюцца.

Я не люблю «Мінск-арэну». Шчыра, яна нагадвае мне касмадром.

Гэты аб’ект [«Кемпінскі» ля цырка] я называю «нафтабазай». Яны не ўпрыгожваюць Мінск, а неяк прыніжаюць яго аблічча.

А «дом Чыжа», як ні дзіўна, мне падабаецца. Але кватэру я б там ніколі не набыў — якасць будаўніцтва вельмі нізкая. Тыя, хто атрымліваў там кватэру, здымалі тынкоўку, усё мянялі, бо былі выкарыстаныя нізкай якасці матэрыялы, у тым ліку і вокны.

* * *

Чытайце таксама:

Феномен Шакуціна: як вясковы хлопец стаў адным з найбагацейшых бізнэсмэнаў

Улад Швядовіч

0
джп / Адказаць
23.06.2016 / 16:10
недоплатил, это значит украл
0
Deep / Адказаць
23.06.2016 / 16:40
только почему то предприятие Амкадор работает с убытком. Это о видении ведения бизнеса с его слов.
0
тутэйшы / Адказаць
23.06.2016 / 16:48
Достойный человек. И однозначно не хапуга!
Паказаць усе каментары/ 18 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру