Трэба прыслухоўвацца да голасу народа сэрцам, такое меркаванне сёння выказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архіепархіі Рымска-каталіцкай царквы архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на V Усебеларускім народным сходзе.

«Дзяржаўным дзеячам, простым грамадзянам, рэлігійным лідарам трэба прыслухоўвацца да голасу народа сэрцам, каб рабіць усё магчымае для развіцця нашай радзімы», — заявіў архібіскуп. Ён таксама адзначыў, што традыцыя ўсенароднага абмеркавання жыцця грамадства і яго праблем бярэ пачатак яшчэ з часоў Старога запавету. Народныя сходы адыгрывалі важную ролю ў жыцці грамадства.

Акрамя таго, Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што ў нядаўнім мінулым кіраўнік Беларусі сустракаўся з папам Францішкам, а яшчэ раней — з Бенядзіктам XVI. «Усё гэта стварае масты для ўзаемадзеяння ў розных сферах на карысць нашага грамадства», — падкрэсліў іерарх.

Ён адзначыў, што нельга не ўлічваць таго, што на працягу гісторыі хрысціянства ў Беларусі мела вельмі важную ролю. «Сёння, калі ў сучасным свеце адбываюцца шматлікія канфлікты на рэлігійнай і нацыянальнай аснове, мы дзякуем Богу, што ў Беларусі ўсе хрысціянскія канфесіі і нехрысціянскія рэлігіі на працягу стагоддзяў працягваюць мірна існаваць», — сказаў Тадэвуш Кандрусевіч.

Акрамя таго, паводле яго слоў, адзін з выклікаў сучаснасці заключаецца ў тым, што пад сумненне ставіцца ўплыў маральных каштоўнасцей на фарміраванне маральна здаровага грамадства. Таму трэба рабіць усё магчымае для таго, каб вярнуцца да гэтых каштоўнасцей і на іх аснове будаваць будучыню. Стабільнае развіццё немагчыма без захавання базавых маральных каштоўнасцей, лічыць архібіскуп.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?