24.06.2016 / 10:19

Лукашэнка: Беларусь гатова стаць для Кітая і ШАС «варотамі на Захад» 2

Як Кітай, так і Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва ў цэлым могуць разлічваць на падтрымку Беларусі ў любых пытаннях.

«Мы гатовыя быць «заходнімі варотамі» гэтай арганізацыі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў Ташкенце на сустрэчы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка адзначыў, што Беларусь гатова ісці па шляху паглыблення адносінаў з Кітаем і Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва. «Хачу падзякаваць вам за тое, што наша Беларусь — адзіная з еўрапейскіх дзяржаў атрымала статус назіральніка пры Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Без падтрымкі вялікага Кітая гэта было б немагчыма. Мы вам вельмі ўдзячныя», — сказаў ён, звяртаючыся да Сі Цзіньпіна.

У якасці прыкладу таго, як Беларусь паслядоўна выконвае ўзятыя на сябе абавязацельствы, Лукашэнка прывёў рэалізацыю праекта па стварэнні Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень». «Як вы яго назвалі, гэта жамчужына Вялікага шаўковага шляху. Мы будзем рабіць усё, і робім цяпер, каб гэты праект быў напоўнены эканамічным зместам», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. У сваю чаргу Сі Цзіньпін павіншаваў Лукашэнку з паспяховым правядзеннем пятага Усебеларускага народнага сходу, дзе абмяркоўваўся пяцігадовы план сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. «Упэўнены, што пад вашым кіраўніцтвам у Беларусі будуць дасягнуты новыя поспехі», — сказаў старшыня КНР.

Ён адзначыў, што беларуска-кітайскія адносіны імкліва набіраюць абароты і па ўсіх пытаннях бакі падтрымліваюць адзін аднаго. Сі Цзіньпін таксама звярнуў увагу, што ў Беларусі цяпер праходзіць парламенцкая выбарчая кампанія. У сувязі з гэтым ён выказаў падтрымку намаганням, нацэленым на спакойнае правядзенне выбараў.

Сі Цзіньпін запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць Кітай з дзяржаўным візітам і заявіў пра гатоўнасць далейшага паглыблення супрацоўніцтва па ўсіх кірунках.

Сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Кітая прайшла ў Ташкенце, дзе сёння яны возьмуць удзел у пасяджэнні савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Саміт ШАС стане першым, у якім Беларусь будзе браць удзел на найвышэйшым узроўні ў новым статусе назіральніка. У рамках візіту таксама запланаваныя двухбаковыя сустрэчы Лукашэнкі з лідарамі замежных краін.

Членамі ШАС з'яўляюцца Казахстан, Кыргызстан, Кітай, Расія, Таджыкістан і Узбекістан, краінамі-назіральнікамі — Афганістан, Беларусь, Індыя, Іран, Манголія, Пакістан. Яшчэ шэраг дзяржаў з'яўляюцца партнёрамі па дыялогу ШАС.

Беларусь атрымала статус назіральніка ў ШАС 10 ліпеня 2015 года на саміце арганізацыі ва Уфе. Да гэтага на працягу пяці гадоў Беларусь мела ў арганізацыі статус партнёра па дыялогу.

0
склероз / Адказаць
24.06.2016 / 11:27
Здаецца, ужо прапаноўваў свае вароты ў мінулым стагоддзі?
0
Палітычны аглядальнік / Адказаць
24.06.2016 / 13:47
Аляксандар Рыгоравіч, каханы, прэзідэнт Кітая быў у Польшчы на мінулым тыдні і падпісаў з прэзідэнтам Польшчы стратэгічныя гандлёвыя пагадненні, згодна з каторымі гэта Польшча будзе Кітайскімі варотамі на Захад. Беларусь не з'яўляецца сябрам Еўразвязу. Што ты, як прэзідэнт незалежнай Беларусі, якая знаходзіцца ў Саюзнай Дзяржаве з Расіяй, можаш рэальна прапанаваць Кітайцам? Шчыра... Ты не можаш прапанаваць ім нічога канкрэтнага. У Польшчы, якая з'яўляецца сябрам Еўрапейскай Уніі нашмат больш магчымасцяў, якія яны могуць прапанаваць Кітаю і перш за ўсё рэальны доступ да заходняеўрапейскіх рынкаў) Вось такі геапалітычны расклад.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру