Цэнтрысцкая фракцыя ў эстонскім парлямэнце стварыла эстонска‑беларускую парлямэнцкую групу й выбрала ейным старшынём Уладзімера Вельмана. У новаствораную парлямэнцкую групу не ўвайшлі прадстаўнікі іншых фракцый, паведамляе карэспандэнт «Росбалта».

Два гады таму Вельман ужо кіраваў у парлямэнце аб’яднаньнем, створаным «у падтрымку дэмакратычнага разьвіцьця ў Беларусі», але праз пару месяцаў пасьля стварэньня аб’яднаньня быў вымушаны пакінуць гэты пост. Прычынай канфлікту стаў артыкул Вельмана ў партыйнай газэце, у якім ён сьцьвярджаў, што ў Беларусі ёсьць права ісьці сваёй дарогай нават тады, калі там парушаюцца правы чалавека.

У выніку цяпер у эстонскім парлямэнце ёсьць і група, і аб’яднаньне, створаныя ў імя адносінаў зь Беларусьсю. Той факт, што апазыцыя разумее зьмест адносінаў зь Беларусьсю зусім інакш, чым каааліцыя, у назіральнікаў сумневаў не выклікае.

Усяго ў эстонскім парлямэнце 24 аб’яднаньні й 57 парлямэнцкіх груп. Статус парлямэнцкай групы крыху вышэйшы, ва ўсялякім выпадку, на афіцыйным сайце эстонскага парлямэнту мэты аб’яднаньняў не заяўленыя ўвогуле, а мэта стварэньня парлямэнцкіх груп вызначаецца так: «Парлямэнцкія групы ствараюцца для таго, каб інтэнсыфікаваць дачыненьні з парлямэнтамі іншых дзяржаў. Дзейнасьць парлямэнцкіх груп накіраваная на правядзеньне ў жыцьцё зьнешнепалітычных мэтаў Эстонскай Рэспублікі й прадстаўленьне Эстоніі за мяжой».

Той факт, што «зьнешнепалітычныя мэты Эстоніі» ў дачыненьні да Беларусі ўзялася праводзіць у жыцьцё выключна парлямэнцкая апазыцыя, а таксама наяўнасьць дзьвюх узаемавыключных паводле ідэалягічнай скіраванасьці аб’яднаньняў гаворыць пра пачатак глыбінных канфліктаў у эстонскім парлямэнце.

Паводле Росбалт

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0