Старшынства Славацкай Рэспублікі ў Еўрасаюзе палепшыць адносіны паміж Мінскам і Бруселем у цэлым, а таксама паміж Беларуссю і Славакіяй у прыватнасці. Такое меркаванне выказаў БелаПАН пасол Славакіі ў Беларусі Ёзэф Мігаш 25 чэрвеня ў Мінску падчас «Вышаградскага пікніка» — мерапрыемства з нагоды пачатку прэзідэнцтва Польшчы ў Вышаградскай групе і старшынства Славакіі ў ЕС.

«Мы вельмі станоўча ацэньваем тое, як пасля зняцця ў пачатку года санкцый з Беларусі запусціўся вельмі пазітыўны працэс змен, якія зыходзяць ад вашага прэзідэнта і іншых кіраўнікоў. Яны выразна і ясна паказалі намеры сумленнага і раўнацэннага дыялогу — дыялогу для агульнай карысці, як для Бруселя, так і для Мінска», — сказаў дыпламат.

«Для вас гэта важна, і вы робіце паступовыя крокі да гэтага. Гэта нармальна — нельга ўсё адразу зрабіць, калі рабіць хутка — можна наламаць дроў. Мы адчуваем, як фармуецца новы кантэкст адносін Бруселя і Мінска, а таксама Славакіі і Беларусі паасобку», — дадаў славацкі пасол.

Мігаш паведаміў, што ўвосень плануецца візіт у Беларусь прадстаўнічай дэлегацыі Славакіі. Цяпер, паводле яго слоў, славацкі бок абмяркоўвае канкрэтныя праекты, якія ён мог бы прапанаваць Беларусі ў галіне тэхналогій, фінансаў, развіцця грамадзянскай супольнасці, візавай палітыкі.

Ёзэф Мігаш падкрэсліў, што Славакія першапачаткова выступала за зняцце санкцый з Беларусі. «Мы былі ў авангардзе тых краін ЕС, якія казалі, што іх [санкцыі] трэба адмяняць. Цяпер усе разумеюць, што гэта было слушна. І Беларусь нас не падвяла», — заявіў славацкі дыпламат.

Ён таксама расказаў, як на цырымоніі ўручэння даверчых грамат Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею на тое, што Славакія і надалей будзе аказваць Беларусі падтрымку і дапамогу. «Я магу сказаць, што лідары нашай краіны да гэтага гатовыя», — заявіў Ёзэф Мігаш.

З 1 ліпеня старшынства ў Еўрасаюзе на паўгода пераходзіць на ратацыйнай аснове ад Нідэрландаў да Славакіі. Затым Славакію зменіць Мальта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?