Краіны Еўрасаюза заклікалі Брытанію хутка правесці перамовы аб выхадзе з блока па выніках агульнанацыянальнага рэферэндуму аб членстве ў ЕС.
У Берліне ў суботу прайшло экстраннае пасяджэнне прадстаўнікоў шасці краін-заснавальніц ЕС.
Брытанскі прэм'ер-міністр Дэвід Кэмеран раней заявіў, што пакіне свой пост да кастрычніка, каб яго пераемнік змог удзельнічаць у перамовах.
«Мы заяўляем ўсе разам, што гэты працэс павінен пачацца як мага хутчэй, каб пакласці канец няпэўнасці і дазволіць нам сканцэнтравацца на будучыні Еўропы», — сказаў міністр замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер.
Яго галандскі калега Берт Кундэрс адзначыў, што палітычны вакуум непрымальны для кантынента. «Мы павінны перагарнуць старонку», — сказаў міністр замежных спраў Нідэрландаў.
У той жа час канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель заявіла: «Гэта, вядома, не павінна цягнуцца бясконца, але я не буду настойваць на найкарацейшых тэрмінах».
Яна дадала, што няма неабходнасці весці перамовы ў адкрыта нядобразычлівай манеры.
У сераду — на наступны дзень пасля перамоваў Кэмерана з еўрапейскімі калегамі — пройдзе першы саміт лідараў ЕС без Вялікабрытаніі.