49-гадовы жыхар Брагіна Уладзімір Церамецкі паспрачаўся з сынам, што здасць ЦТ лепш. Умовы спрэчкі — па 5 мільёнаў за кожнае ЦТ. 

«Сам я выпускаўся са школы ў 1983 годзе. Вучыўся добра, на 4 і 5. Сын у мінулым годзе скончыў школу, здаваў ЦТ, спрабаваў паступіць у медыцынскі ўніверсітэт, але не хапіла балаў, пайшоў у каледж на эканаміста. У гэтым годзе і я здаю ЦТ, і сын. Проста каб праверыць свае веды. Ну і мне як бацьку стала цікава даведацца, як усё гэта ўладкавана, наколькі тэставанне адрозніваецца ад экзаменаў, якія мы здавалі яшчэ ў Савецкім Саюзе», — распавёў Уладзімір.

14 чэрвеня ён здаў ЦТ па рускай мове. Праз 10 дзён стаў вядомы вынік. Мужчына набраў усяго 7 балаў. А яго сын — 37.

«Проста не ведаў, што там трэба некалькі варыянтаў выбіраць, ставіў па адной галачцы насупраць кожнага адказу», — патлумачыў прычыну сваёй няўдачы Церамецкі-старэйшы.

На гэтым тыдні стануць вядомыя вынікі ЦТ па біялогіі і хіміі, якія Уладзімір здаваў 18 і 23 чэрвеня. Дарэчы, за ўсе тры выпрабаванні разам з паездкамі ў Гомель ён выдаткаваў каля аднаго мільёна рублёў.

Па словах мужчыны, за гэтыя дні ён зразумеў галоўнае, што ЦТ - сур'ёзнае выпрабаванне і стрэс для дзіцяці.

«Цяпер я ўсё ўбачыў знутры і зразумеў, наколькі гэта цяжка. Ня трэба крычаць на дзіця, якое набрала мала балаў на ЦТ, таму што гэта і на самай справе нялёгка. У наш час экзамены здаць было нашмат прасцей», — прызнаўся Уладзімір.

Таксама на сямейнай радзе вырашылі, што не ў залежнасці ад вынікаў спрэчкі, усе грошы пойдуць на сямейны адпачынак. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?