У паветранай частцы ваеннага парада ў Дзень Незалежнасці Беларусі, 3 ліпеня, у Мінску возьмуць удзел расійскія бамбардзіроўшчыкі і знішчальнікі Су-34 і Су-30, паведаміў на прэс-канферэнцыі 27 чэрвеня начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны Уладзімір Макараў.

На пытанне, ці ўдзельнічалі экіпажы гэтых самалётаў у баявых дзеяннях у Сірыі, прадстаўнік Мінабароны Беларусі не адказаў.

Паводле слоў Макарава, усяго ў правядзенні і забеспячэнні ваеннага парада задзейнічаныя прыкладна 5 тыс. чалавек, непасрэдна ў парадзе возьмуць удзел прыблізна 3.100 ваеннаслужачых. Сфармаваныя 18 пешых парадных разлікаў. Гэта выхаванцы Мінскага ваеннага сувораўскага вучылішча, курсанты і выкладчыкі Ваеннай акадэміі, курсанты ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ, ваеннаслужачыя 120-й асобнай механізаванай брыгады, часцей ВПС і войскаў СПА, войскаў сувязі, супрацоўнікі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, МНС, курсанты факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі, байцы 3-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС, сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл (38-я і 103-я асобныя мабільныя брыгады).

Перад трыбунамі пройдуць таксама вайскоўцы 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі Узброеных сіл РФ.

Сфармаваныя 14 парадных разлікаў ваеннай тэхнікі — прыкладна 130 адзінак. Адкрые праходжанне механізаванай калоны тэхніка часоў Вялікай Айчыннай вайны: танкі Т-34-85, ІС-2, самаходная артылерыйская ўстаноўка Су-100, першая рэактыўная сістэма залпавага агню БМ-13 «Кацюша».

Пасляваенная тэхніка будзе прадстаўленая танкам Т-55, плавальным танкам ПТ-76, баявой машынай пяхоты БМП-1 і баявой машынай дэсанту БМД-1П.

Сучасная тэхніка, якая знаходзіцца на ўзбраенні беларускай арміі, будзе прадстаўленая параднымі разлікамі асноўнага баявога танка Т-72Б, баявой машыны пяхоты БМП-2, бронетранспарцёра БТР-80, браніраванага аўтамабіля «Волат», гаўбіцы «Гваздзік», рэактыўныя сістэмы залпавага агню «БелГрад», «Смерч», «Паланэз». Тэхніка ВПС і войскаў СПА — зенітных ракетных комплексаў «Аса», «Тор-М2», С-300ПС і С-300В.

У паветраным эшалоне будуць задзейнічаныя 24 самалёты і 15 верталётаў. Над Мінскам праляцяць верталёты Мі-2, Мі-8, Мі-24, Ка-52 расійскіх Узброеных сіл, ваенна-транспартны самалёт Ан-26, вучэбна-баявыя Як-130, штурмавікі Су-25, знішчальнікі МіГ-29, ваенна-транспартны Іл-76, вучэбна-трэніровачныя Л-39, расійскія бамбардзіроўшчыкі Су-34 і знішчальнікі Су-30 47-га змешанага авіяцыйнага палка Ваенна-касмічных сіл ВС РФ.

Першая трэніроўка паветранага эшалона прайшла 27 чэрвеня. Наступная запланаваная 30 чэрвеня. Генеральная рэпетыцыя пройдзе 1 ліпеня.

Генеральная трэніроўка парада адбудзецца 29 чэрвеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?