Парадавала Міністэрства адукацыі з геніяльным праектам — адмяніць прадмет «Гісторыя Беларусі» і вывучаць яе дадаткам да cусьветнай. Ідэя адпадная, аднак усё адно патрэбна капуста, каб тыя кніжкі друкаваць. Выхад адзіны — вывучаць гісторыю бацькаўшчыны ў рамках прадмету фізкультура.

***

Дыялёгі з школьнага жыцьця

У школьным калідоры

— Што ў нас там зараз?
— Гісторыя ФізБеларусі.
— Слухай, а можа, сачкануць. Я дамашку не зрабіў. Што задавалі?
— Скокі і падцягваньне пра пачатак Вялікай Айчыннай.
— Трасца, завал поўны. Фізгіструк абавязкова да мяне дакалупаецца. Пачне мараль чытаць: Вова, калі ня будзеш займацца гісторыяй, станеш тлустым, як той Маргуноў. Яшчэ прымусіць пасьля урокаў скакаць.
— Можа, пасьпееш у мяне перакатаць?
— Давай!
— Глядзі, як я скачу. Раз‑два‑тры…

Настаўніцкая

— Сяргей Пятровіч, чаго ў вас такі стомлены выгляд? Вы ж гістфізрук? У вас жа на гістфаку з ранку да вечара ладзілі ўсякія археалягічныя раскопкі на брусах, на сьвежым паветры.
— Ды вось, кляса дасталася мне зусім дурная. Ніхто ня ведае нават чыё імя носіць лінія Сталіна. Давялося тры разы асабіста на канат караскацца.
— От жа ліха, расьце генэрацыя! Хутка на пытаньне «Ў якім годзе мы перамаглі фашыстаў?» будуць плыць батэрфляем.
— І не кажыце. Хочацца кінуць гэтую школу! Увесь наш выпуск з гістфаку пайшоў у спэцназ і не шкадуе.
— А чаго вы не сыходзіце?
— Ды, ведаеце, люблю я гісторыю роднага краю. Гісторык я па прызваньні: калісь у дзяцінстве моцна па галаве далі.

Клясная аўдыторыя

— Пачынаем бацькоўскі сход! Буду казаць шчыра і проста. Дарагія бацькі, нам патрэбныя новыя гістарычныя снарады ў гістзалю: просім усіх скінуцца па дваццаць тысяч.
— Ды што ж гэта дзеецца? Мы ж толькі ў мінулым месяцы скідваліся на гэты снарад, як ён там завецца, — «гістарычны казёл».
— А што скажаце рабіць, шаноўныя бацькі? Мы ідзем да рынку. Гэта рэаліі. А гісторыю роднага краю дзецям ведаць трэба, як той Шварцнэгер.

Дырэктарская

— Праходзьце, шаноўны. Я наконт вашага сына. Ён зноў сарваў урок хіміі. Хлопец ён, прызнацца, не благі. Нават часам малайчынка. Перамог на гарадзкой алімпіядзе з гісторыі Беларусі: заваліў таго хлопца зь пятай школы аперкотам ужо ў трэцім раўндзе. Аднак гэта не дае яму права зрываць навучальны працэс. Што вы самі думаеце наконт ягоных жыцьцёвых плянаў?
— Я вам шчыра, таварыш настаўнік, скажу — ёлупень ён. Я з жонкай днямі на працы, а ён вольны. І нічым, акрамя гісторыі Беларусі, не цікавіцца. Я думаю, ён гісторыкам стане. Можа, яму нават крапавы дыплём дадуць…
— Прабачце, шаноўны, тут па мабіле турбуюць, з самога міністэрства званок. (Па тэлефоне). Так, слухаю. Што? Якая ідэя? Скасаваць прадмет роднай мовы і вывучаць яе ў рамках матэматыкі?! Можа, і нішто сабе — з пункту А ў пункт Б выйшаў «субстантываваны прыметнік у родным склоне, утвораны суфіксальным спосабам», да яго насустрач з пункту Б «непераходны дзеяслоў закончанага трываньня ў прошлым часе». Разьлічыць — у якім пункце яны сустрэнуцца з катангенсам, калі «выклічнік прайшоў тую дыстанцыю за тры гадзіны». Слухайце — нядрэнная ідэя, таварыш Радзькоў. Я — за.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?