27.06.2016 / 18:52

Гарачыня ў Беларусі можа адмоўна паўплываць на ўраджай бульбы і кукурузы 2

Высокая тэмпература і няхватка глебавай вільгаці пагаршаюць аграметэаралагічныя ўмовы для фарміравання ўраджаю кукурузы, бульбы і шэрага іншых культур. Пра гэта паведаміла начальнік аддзела аграметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Надзея Мельчакова.

«Гарачае і ў асноўным сухое надвор'е ўсталявалася ў Беларусі. Інтэнсіўна ідзе страта вільгаці з глебы. Для большасці сельскагаспадарчых культур такі высокі тэмпературны рэжым ды яшчэ ў спалучэнні з няхваткай вільгаці неспрыяльны. Напрыклад, высокія тэмпературы глебы ўплываюць на ўтварэнне і фарміраванне клубняў бульбы, а сёння нават у такой цеплалюбівай культуры, як кукуруза, месцамі ўжо назіраецца дачаснае засыханне лісця», — сказала Надзея Мельчакова.

Паводле слоў спецыяліста, такое надвор'е добрае толькі для цеплалюбівых раслін (агуркі, памідоры) і то пры наяўнасці штучнага арашэння.

Нават калі гарачыня аслабне, то без дажджоў умовы для ўраджаю па-ранейшаму застануцца складанымі. «З-за гарачыні можа паскорыцца паспяванне збожжавых і скараціцца перыяд наліву коласа, што можа прывесці да зніжэння колькасці зярнят у коласе і змяншэння іх масы. Сітуацыя выклікае занепакоенасць, аднак не з'яўляецца крытычнай», — лічыць Надзея Мельчакова.

0
Маланка / Адказаць
27.06.2016 / 19:07
з Егіпта прывязуць, памытую,пачышчаную- там заўсёды добрае надвор'е, асабліва для бульбачкі.
0
Святлана / Адказаць
30.08.2017 / 11:54
Нядаўна чытала, што ўраджай бульбы ў гэтым годзе будзе добры. Яна ўжо паспела і можна капаць. Каму верыць?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру