У адносінах Расіі і Турцыі адбываюцца «выдатныя перамены», заявіў журналістам у панядзелак прэм'ер-міністр Турцыі Біналі Ілдырым.

AFP

«Народы Расіі і Турцыі хочуць, каб гэты крызіс спыніўся, і лічаць яго бессэнсоўным», — сказаў кіраўнік турэцкага ўрада. «Наш абавязак — адпавядаць пажаданням народа», — дадаў ён.

Адносіны паміж Масквой і Анкарой рэзка пагоршалі з лістапада мінулага года, калі самалёт Су-24 расійскіх ВКС, які ўдзельнічаў у ваеннай аперацыі ў Сірыі, быў збіты на сірыйска-турэцкай мяжы 24 лістапада 2015 года турэцкім знішчальнікам. Бакі абмяняліся рэзкімі заявамі, а затым Расія ўвяла супраць Турцыі і яе грамадзян эканамічныя і візавыя санкцыі.

У панядзелак прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Пуцін атрымаў ад прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана прабачэнні за гібель расійскага пілота.

«Рэджэп Таіп Эрдаган выказвае сваё глыбокае шкадаванне з нагоды таго, што адбылося, і падкрэслівае гатоўнасць рабіць усё магчымае для аднаўлення традыцыйна дружалюбных адносін паміж Турцыяй і Расіяй, а таксама сумесна рэагаваць на крызісныя падзеі ў рэгіёне, змагацца з тэрарызмам», — заяўляюць у Крамлі.

Прадстаўнік турэцкага прэзідэнта Ібрагім Калын у панядзелак заявіў, што краіны ўжо дамовіліся пачаць сумесную працу. «Мы з задавальненнем заяўляем, што Расія і Турцыя дамовіліся пра тое, каб неадкладна прыняць крокі для паляпшэння двухбаковых адносін», — цытуе яго агенцтва Рэйтэр.

Падобную заяву зрабіў міністр нацыянальнай абароны Турцыі Фікры Ышык. «Мы на парозе вельмі важных падзей у адносінах з Расіяй», — цытуе яго ТАСС.

Як паведамляе агенцтва Франс прэс са спасылкай на крыніцу ў турэцкім МЗС, кіраўнік ведамства Меўлют Чавушаглу па запрашэнні расійскага боку возьме ўдзел у пасяджэнні рады міністраў замежных спраў краін-сяброў Арганізацыі чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва. Запрашэнне Чавушаглу на форум пацвердзіла прадстаўнік расійскага МЗС Марыя Захарава.

Навіна пра тое, што адносіны паміж дзвюма краінамі, магчыма, пачынаюць наладжвацца, горача віталі ў расійскім саюзе туріндустрыі.

«Мы аж завішчалі ўсе ад радасці, таму што аб'ектыўна Турцыі вельмі не хапае на расійскім рынку […] Усе турысты і агенцтвы вельмі пакутуюць ад адсутнасці ў асартыменце прапаноў Турцыі. Па суадносінах кошт-якасць, узроўню сэрвісу ніякія іншыя кірункі Турцыю не заменяць. Разлічваем, што цяпер будзе прынятае нейкае рашэнне ў бок адкрыцця Турцыі», — сказала прадстаўнік РСТ Ірына Цюрына у інтэрв'ю радыёстанцыі «Говорит Москва».

Па словах Цюрынай, паўнавартасныя чартарныя праграмы ў Турцыю магчыма аднавіць за месяц, «а першыя рэйсы можна адправіць праз тыдзень-два».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?