Два з 48 прадстаўнікоў руху «За Свабоду» ўвайшлі ў склад сямі тэрытарыяльных і 110 акруговых выбарчых камісій на выбарах у Палату прадстаўнікоў.

Абодва прадстаўнікі руху, паведамляе прэс-служба арганізацыі, будуць працаваць у акруговых камісіях Віцебскай вобласці: гэта Георгій Станкевіч — па Лепельскай акрузе № 23 і Міхаіл Гіль — па Пастаўскай акрузе № 29.

На сумесным пасяджэнні прэзідыумаў Мінскіх гарвыканкама і гарсавета кандыдатуры 21 вылучанага прадстаўніка руху «За Свабоду» нават не выносіліся на абмеркаванне. У адпаведных пратаколах адсутнічала назва кіруючага органа арганізацыі, якая вылучала сваіх прадстаўнікоў у склад камісій.

«Гэта быў першы экзамен для ўладаў, і гэты экзамен быў завалены, — лічыць першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч. — Нягледзячы на ліберальную рыторыку пра змены ў працэсе выбараў і вялікую галоснасць і адкрытасць, падыход не змяніўся. Чыноўнікі галасавалі па загадзя складзеным спісе. Праўладным арганізацыям — БРСМ і «Белай Русі» — было дадзена зялёнае святло, а для незалежных арганізацый месцы ў камісіях не знайшлося».

На яго думку, улады плануюць дзейнічаць па ранейшым сцэнарыі, калі патрэбныя ім вынікі дасягаюць шляхам фальсіфікацый. «У парламент не трапляюць людзі, якія маюць рэальную грамадскую падтрымку. Ва ўмовах крызісу для ўладаў існуе рэальная небяспека пусціць выбары на самацёк, пакінуць іх без кантролю, а ва ўмовах свабодных і справядлівых выбараў улада рызыкуе не толькі прапусціць у парламент некалькі апазіцыянераў, але і страціць «кантрольны пакет», — адзначыў Губарэвіч.

27 чэрвеня завяршылася ўтварэнне тэрытарыяльных і акруговых камісій на парламенцкіх выбарах, якія адбудуцца 11 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?