Міністэрства аховы здароўя расказала аб правілах бяспечнага купання. Адпаведная інфармацыя размешчаная на сайце ведамства.

Купацца трэба пры тэмпературы вады не ніжэйшай за 18 градусаў і пры ясным бязветраным надвор'і, калі паветра прагрэлася да 25 і больш градусаў. Не рэкамендуецца лезці ў ваду раней, чым праз 1,5 гадзіны пасля ежы. Не варта ўваходзіць у ваду стомленым, разгарачаным. Тым, хто дрэнна плавае, не трэба давяраць надзіманым матрацам і кругам — яны могуць аказацца няспраўнымі.

Знаходзячыся ў вадаёме, трэба прытрымлівацца простых, але вельмі важных правіл. Апынуўшыся ў вадзе на моцнай плыні, не трэба спрабаваць плыць супраць яе. У гэтым выпадку плывіце па цячэнні, але так, каб паступова набліжацца да берага. «Калі вы трапілі ў вір, набярыце больш паветра, нырніце і пастарайцеся рэзка звярнуць убок ад яго. Калі скурчыць сутаргай мышцы, перавярніцеся на спіну і плывіце да берага, пастарайцеся пры гэтым расцерці зведзеныя мышцы», — рэкамендуюць спецыялісты.

У ведамстве папярэджваюць, што падаваць крыкі беспадстаўнай трывогі нельга. А ў выпадку неабходнасці не трэба саромецца паклікаць на дапамогу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?