Месца трагедыі

Месца трагедыі

Увечары 28 чэрвеня ў вёсцы Каменка, што ў Крупскім раёне, здарылася трагедыя. 43-гадовы Сяргей спусціўся ў каналізацыйны калодзеж побач з домам. Ён хутка страціў прытомнасць і зваліўся на дно. На дапамогу спусціліся па адным яшчэ пяць чалавек, у тым ліку два супрацоўнікі МНС, — усе яны загінулі. Карэспандэнты «Нашай Нівы» адправіліся сёння на месца трагедыі, што забрала жыцці шасці чалавек.

На месцы ўчорашняй трагедыі ўжо сабраліся і журналісты, і мясцовыя чыноўнікі. Прыехалі і псіхолагі, якія працуюць з сем’ямі пацярпелых.

«Мы прыязджалі сюды і ўчора, былі тут у 22.40, — кажа Ігар Часнок, старшыня Крупскага райвыканкама. — Я тут, каб аказаць дапамогу людзям, эмацыйную, псіхалагічную. Каб спытаць, што трэба, чым дапамагчы. Каб аддаць апошнюю даніну пашаны і павагі загінулым. Дапаможам усім, чым зможам, дамо ўсё, што папросяць, арганізуем пахаванне».

Ігар Часнок — старшыня Крупскага райвыканкама.

Ігар Часнок — старшыня Крупскага райвыканкама.

Жонка Сяргея (які загінуў першы) з прэсай не размаўляе. Але да журналістаў выйшла яе суседка, Алена Вацлаваўна. Яна страціла ўчора і мужа, і зяця.

«Гаспадар, Сяргей, прыйшоў з працы а восьмай вечара. Паеў, пераапрануўся і вырашыў прачысціць той калодзеж», — кажа Алена Вацлаваўна.

Сяргею было 43 гады. Ён працаваў рабочым на газакампрэсарнай станцыі. Разам з жонкай гадавалі дачок-школьніц. Калі жонка заўважыла, што муж знік у калодзежы, паслала па суседзях па дапамогу.

«Да нас прыбегла іх дачка, крычыць: «Тата зваліўся ў калодзеж, тоне!» — кажа Алена Вацлаваўна.

Муж Алены Вацлаваўны, Пятро Кулікоўскі, і зяць, Дзяніс Лявоненка, пабеглі на дапамогу.

«Мо яны спачатку і не зразумелі, што за калодзеж? Я сама падумала, што той, які з вадой, прарвала», — кажа жанчына. Сама яна таксама пабегла па мужыкоў.

«Я паспела толькі пачуць, як муж ускрыкнуў: «Дзянісе!..» Падбягаю — а там ужо ні аднаго, ні другога не відаць…» — кажа яна.

Выклікалі ратавальнікаў, хуткую. Пачалі збірацца людзі на шум. Малады хлопец, што жыў нездалёк, 23-гадовы Віктар, таксама прыбег. І адразу вырашыў дзейнічаць.

«Прыбег той хлопец малады — і маментам туды ўскочыў, яму ніхто не паспеў і сказаць, каб не лез. А там жа газ скапіўся, і капец!» — расказаў «Нашай Ніве» іншы сусед пацярпелых.

Па словах Алены Вацлаваўны, людзі стаялі вакол калодзежа, але лезці туды ніхто не рызыкаваў.

«Крычалі, што людзі там, а ратаваць няма каму… Вось Віктар той і адважыўся, — кажа жанчына. — Там жа не было відаць нічога — целы былі ці то пад вадой, ці то пад той жыжай. Але гэта ўсё заняло некалькі хвілінаў. І ўсё, няма людзей…»

Прыехалі ратавальнікі. Па словах жанчыны, ехалі яны каля 30 хвілінаў. У МНС абвяргаюць гэта — кажуць, першае падраздзяленне было на месцы здарэння ўжо праз 6 хвілінаў.

«Што рабілі ратавальнікі, я не бачыла — суцяшала гаспадыню з гэтага дома», — кажа яна.

У Сяргея, гаспадара хаты, засталіся жонка і дзве непаўналетнія дзяўчынкі. Суседка, Алена Вацлаваўна, страціла і мужа, і зяця. Зяцю Дзянісу было 34, мужу Пятру — 65 гадоў. У іх з Пятром дачкі таксама засталіся без бацькі двое непаўналетніх — дзяўчынка і хлопец, інвалід з дзяцінства.

Анатоль Ганчар

Анатоль Ганчар

Папярэднюю версію здарэння агучыў намеснік старшыні Крупскага райвыканкама Анатоль Ганчар.

«Мяркуем, што напрыканцы працоўнага дня гаспадар пабачыў, што не працуе сток каналізацыі. Ён адкрыў люк і паспрабаваў знайсці трубу, каб яе прачысціць. Але калодзеж вялікі. Глыбіня яго — каля 6 метраў. Дыяметр — каля 1,5 метра. І там назапасіліся газы, ад якіх гаспадар страціў прытомнасць.

Гэта можна параўнаць з тэхналогіяй здабычы біягазаў. Былі ж высокія тэмпературы, за 30 градусаў, амаль тыдзень. Адкіды ў калодзежы забрадзілі, і пайшоў газ. І туды нельга было спускацца людзям без спецабсталявання.

Прычым гаспадар дома працаваў на газакампрэсарнай станцыі, праходзіў там навучанне. Але, хутчэй за ўсё, проста не падумаўшы палез… Бо ёсць жа інструкцыя, што нельга лезці ў такі калодзеж, не адкачаўшы адкіды і без спецсродкаў. Але ў жыцці часам адбываецца, на мой вялікі жаль, вось так… — кажа Ганчар.

«Затым паступіў выклік у МНС. Першая група прыбыла, у байца МНС быў балон з кіслародам, маска. Ён палез у калодзеж. Але ці то яму было цяжка спускацца, ці то абсталяванне не дазволіла яму аператыўна дзейнічаць…

Аднаго пацярпелага ратавальнік абвязаў вяроўкай і выцягнуў, а затым сам адчуў сябе блага. Што дакладна здарылася – не ведаю. Але, можа, зачапіў дзесьці маску, яна з’ехала, можа, яшчэ што…

Можа, і настолькі высокая канцэнтрацыя газаў была. Але ж яго выцягнулі наверх з калодзежа [гэты ратавальнік застаўся жывы — НН]. А як так выйшла, што двое байцоў туды потым трапілі без абсталявання…»

Аб прыездзе ратавальнікаў нам эмацыйна распавялі суседзі.

«Прыехалі тыя пажарныя… Чаго яны прыехалі без абсталявання? Пажар тушыць? Ні храна ў іх не было, нават бусака.

Але ў аднаго быў балон з кіслародам, маска, усё як след. Ён палез, аднаго мужыка дастаў. І вось той ратавальнік вылез, зняў маску, трохі аддыхаўся… Тут яшчэ некалькі машын пажарных прыехалі.

І яны адразу да калодзежа, і палезлі туды без усякага, без масак, без ***. І адзін там застаўся, і другі… Іх адразу дасталі бусаком, павезлі ў бальніцу», — паведаміў адзін з суседзяў Віктар.

Ратавальніку Андрэю Сліборскаму было 26 гадоў, фота з сацыяльных сетак

Ратавальніку Андрэю Сліборскаму было 26 гадоў, фота з сацыяльных сетак

Пахаваюць загінулых вяскоўцаў 30 чэрвеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?