У Маскве быў арыштаваны грамадзянін Беларусі, які называў сябе камандуючым міратворчымі сіламі казацкай гвардыі і які абяцаў вырашыць праблемы расійскай кампаніі з міжнародным правасуддзем за 1 мільён еўра. Пра гэта паведамляе «Коммерсант».
Фота: mmvkg.spb.ru
50-гадовы Сяргей Новікаў, ураджэнец вёскі Дубой Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, прапанаваў расійскай кампаніі вырашыць яе праблемы з італьянскім партнёрам праз свайго земляка-суддзю ў Арбітражным інстытуце гандлёвай палаты Стакгольма (Міжнародны арбітражны суд Стакгольма). У выпадку нявыплаты грошай генерал-лейтэнант Новікаў гарантаваў расіянам пройгрыш са спагнаннем за тры мільёны еўра.
Яго абвінавачваюць у «махлярстве ў вельмі буйным памеры» (ч. 4 арт. 159 КК Расіі). Новікаву пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Як распавялі «Коммерсанту» блізкія да следства крыніцы, падставай для арышту беларуса стала яго распрацоўка аператыўнікамі ўпраўлення ФСБ. Некаторы час таму да іх звярнуліся прадстаўнікі ЗАТ «Прамысловая кампанія» Промконтроллер»», якое займаецца вытворчасцю прылад для сферы энергетыкі.
Нядаўна ў «Промконтроллера» сарваўся міжнародны кантракт, заключаны з італьянскай кампаніяй Societa per Impianti Generali (SPIG). Па ўмовах кантракту паміж расейцамі і італьянцамі, рашэнне спрэчных пытанняў прадугледжвалася ў Міжнародным арбітражным судзе Стакгольма.
Пасля таго як у ім пачалося разбіральніцтва, да прадстаўнікоў «Промконтроллера» звярнуўся нейкі мужчына. Зносіны з прадстаўнікамі кампаніі вяліся толькі дыстанцыйна — па тэлефоне або з дапамогай электроннай пошты. Ён распавёў, што можа дапамагчы кампаніі, паколькі сам беларус, а суддзя, які разглядае справу ў арбітражы ў Стакгольме, з'яўляецца яго знаёмым — таксама грамадзянінам Беларусі, вядомым юрыстам Аляксеем Анішчанкам. Ён таксама паведаміў, што суддзя ўжо нібыта прыняў рашэнне аб задавальненні пазову італьянскай кампаніі. Для таго каб рашэнне было прынята на карысць расіян, патрэбен 1 мільён еўра. У адваротным выпадку, як сцвярджаў Новікаў, згодна з рашэннем стакгольмскага суда «Промконтроллеру» прыйдзецца выплаціць ужо 3 млн еўра.
Бізнэсмены звярнуліся ў праваахоўныя органы. Спецслужбы ад імя кампаніі запрасілі невядомага для перадачы грошай у адзін з камерцыйных банкаў Масквы, дзе ён і быў затрыманы ў момант перадачы скрутка «з мільёнам еўра».
«Затрыманым аказаўся грамадзянін Беларусі Сяргей Новікаў, які называе сябе камандуючым міратворчымі сіламі казацкай гвардыі ў званні генерал-лейтэнанта. На сайце гвардыі яе мэтай заяўлена «аб'яднанне найлепшых прадстаўнікоў казацтва, якія прадстаўляюць элітную частку патомных казакоў». Там жа сцвярджаецца, што гвардыя дзейнічае на тэрыторыі амаль усіх краін былых СССР і Югаславіі, а таксама ў Германіі, Францыі, Турцыі, Польшчы, Румыніі, Кітаі і ЗША. Цікава, што акрамя камандуючага ў спісе кіраўнікоў казакоў-міратворцаў лічыцца толькі адзін чалавек — «атаман савета стаўкі міратворчых сіл казацкай гвардыі» генерал-палкоўнік Уладзімір Новікаў — бацька арыштаванага ў Маскве камандуючага», — піша «Коммерсант».
Матэрыялы ў дачыненні да Сяргея Новікава былі перададзеныя з ФСБ у паліцыю, якая і распачала ў дачыненні да яго крымінальную справу. Пры гэтым ужо вядома, што праваахоўнікі правяраюць арыштаванага «вырашальшчыка» на здзяйсненне аналагічных злачынстваў.