Каля выспы Матуа на дне акіяна была знойдзеная амерыканская падводная лодка SS-233 «Херынг» («Селядзец»), патопленая ў 1944 годзе японцамі, паведамілі на мінулым тыдні расійскія СМІ.

Лодка ляжыць на глыбіні 104 метраў. Разам з ёй загінуў увесь экіпаж — 84 чалавекі.

У маі 1944 году яна выйшла ў мора з мэтай знішчэння японскіх марскіх камунікацый і пазней паведаміла па радыё, што патапіла 2 японскія судны.

Пазней стала вядома, што субмарына 1 чэрвеня атакавала і знішчыла яшчэ 2 японскія грузавыя судны ў невялікай затоцы побач з берагам выспы Матуа. Аднак пасля атакі лодка не паспела адступіць па вузкім і плыткім фарватэры і атрымала пашкоджанні ад агню японскай берагавой артылерыі.

Пасля таго як лодка, якая праваявала амаль усю вайну як на Атлантыцы, так і ў Ціхім акіяне, выйшла ў акіян і паспрабавала пайсці пад воду, яна патанула.

Матуа, дзе не было цывільнага насельніцтва, быў пераўтвораны японцамі ў крэпасць-выспу — на ёй былі пабудаваныя дзясяткі даўгатэрміновых і часовых агнявых умацаванняў. Гарнізон налічваў каля 4 тыс. жаўнераў і афіцэраў.

Цяпер выспа ўваходзіць у лік Курыльскіх выспаў, якія знаходзяцца пад расійскім кантролем, але іх дзяржаўна-прававы статус дагэтуль аспрэчваецца Японіяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?