Выхад Вялікабрытаніі з Еўрасаюза стаў асноўным пытаннем саміту ЕС, які праходзіць з 28 па 29 чэрвеня ў Бруселі. Фота Reuters

Кэмеран упэўнены, што дарогі назад у краіны няма. «Я кінуў галаву, сэрца і душу на тое, каб утрымаць Вялікабрытанію ў Еўрапейскім саюзе, і мне не ўдалося», — заявіў па выніках наведвання Брусэля Дэвід Кэмеран. Пакідаючы сталіцу адзінай Еўропы, ён, як і абяцаў, растлумачыў прычыны рэферэндуму. Паводле яго слоў, да новай еўрапейскай палітычнай рэальнасці прывялі праблемы з мігрантамі, а таксама сумненні ў магчымасці ЕС забяспечыць кантроль на межах.

«Вялікабрытанія вырашыць, як паведаміць ЕС аб сваім рашэнні тады, калі гэта будзе трэба і магчыма… Гэта наша суверэннае права як краіны — члена ЕС», — так Кэмеран адказаў на патрабаванні еўрапейскіх палітыкаў, якія чакаюць хутчэйшага афіцыйнага паведамлення аб выніках рэферэндуму.

Падчас прамовы ў Палаце грамад прэм’ер заклікаў сысці ў адстаўку лідара апазыцыйнай Лейбарысцкай партыі Джэрэмі Корбіна, перадае Бі-бі-сі. «У імя ўсяго святога, сыдзі», — сказаў Кэмеран, звяртаючыся да Корбіна, якому ў аўторак вынесла вотум недаверу парламенцкая фракцыя лейбарыстаў. Фармальна падставай для недаверу лідару лейбарыстаў паслужыла яго пасіўная пазыцыя напярэдадні рэфэрэндуму. «Тое, што ён застаецца тут у парламенце, магчыма, у інтарэсах маёй партыі. Але гэта супярэчыць нацыянальным інтарэсам», — сказаў Кэмеран.

Нагадаем, кіраўніца шатландскага ўрада Нікола Стэрджэн (Nicola Sturgeon) заявіла 24 чэрвеня, што Шатландыя бачыць сябе членам ЕС, нягледзячы на вынікі рэферэндуму па выхадзе Вялікабрытаніі з Еўрасаюза. Яна таксама заявіла, што той краіны, у якой Шатландыя па выніках рэферэндуму ў 2014 годзе вырашыла застацца, больш няма. Аднак пры гэтым яна адзначыла, што не хоча з'яўлення мяжы паміж Англіяй і Шатландыяй.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?