Бацькі ў зоне прылёту: Калі пачула пра выбух па тэлевізары — стала тэлефанаваць сыну

Незадоўга да прылёту самалёта з Стамбула паведамлялася, што ён затрымліваецца праз узмоцненыя меры бяспекі ў аэрапорце імя Атацюрка. На табло ў мінскім аэрапорце меркаваны час прылёту значыўся як 16.40 замест 16.15 па раскладзе. Аднак самалёт, насуперак прагнозам, прыляцеў у прызначаны час.

Марыя і яе муж сустракаюць сваіх дзяцей, якія вяртаюцца з Мальдываў праз Стамбул. Распавядаюць, што вельмі перажываюць і цяпер, нягледзячы на тое, што ведаюць: з сынам, нявесткай і іх дзецьмі ўсё нармальна.

— Калі я сёння гадзін у 11 пачула па тэлевізары ўсё гэта — стала тэлефанаваць сыну. Бо сказалі, што 36 чалавек загінулі. Сын не бярэ трубку. Я адчуваю, што правальваюся пад зямлю…, — распавядае Марыя. — Мы ж ведалі, што яны прыляцелі сёння ў палове на 6-ю раніцы ў Стамбул з Мальдываў.

Тое, што выбухі адбыліся яшчэ ўчора ўвечары, Марыя і яе муж даведваюцца ад журналістаў. Але на момант, калі спрабавалі датэлефанавацца дзецям, думалі, што тыя апынуліся ў аэрапорце ў той самы момант.

— Потым нявестка адгукнулася — вось тады я трошкі прыйшла ў сябе. Гэтак жа не адразу супакоішся, не дай Бог. Яны, вядома, таксама засмучаныя — галасы падаўленыя былі.

Пётр і яго сям'я сустракаюць дачку, якая не была ў Беларусі два гады. Яе маршрут — праз Стамбул з Нью-Ёрка. Вылет з Нью-Ёрка праз выбух у Стамбуле затрымалі. Пра гэта дзяўчына паведаміла бацькам па «вайберу» з самалёта перад вылетам. А са Стамбула ўжо на сувязь не выходзіла. Бацькі разумеюць, што з ёй напэўна ўсё ў парадку, але ўсё роўна перажываюць і «нясуць варту» ля самых дзвярэй гейта.

Пра блытаніну і кроў у аэрапорце Стамбула

Яна сама падыходзіць да журналістаў TUT.BY і заводзіць размову. Яе можна назваць відавочцам. Яна — беларуска, з Мінску паедзе дадому, у Старыя Дарогі. Ляцела праз Стамбул з Туніса. Кажа: «Больш я ў той аэрапорт ні нагой!».

Дзяўчына распавядае: з Туніса яны прыляцелі ў Стамбул пасля дзевяці гадзін вечара.

— Наш рэйс затрымаўся. Я не паспела прайсці пашпартны кантроль, калі пачула выбух і ўсе сталі разбягацца, — распавядае дзяўчына. — Усё адбывалася вельмі хутка. Калі нас выводзілі — мы бачылі кроў, пабітае шкло. Мы схаваліся каля сцяны. Было незразумела, куды ісці, потым я спрабавала растлумачыць, што ў мяне ў кошт пуцёўкі уключана гасцініца. Тэлефанавалі ў турфірму — там кідалі трубку.

Дзяўчына не можа сходу ўзгадаць назву турфірмы, паслугамі якой карысталася. Яно і зразумела — бяссонная, поўная хваляванняў ноч у чаканні рэйса ў Мінск. Кажа, асабліва цяжка было арыентавацца людзям, якія не ведаюць англійскай мовы — ім мала хто імкнуўся дапамагчы.

— Там я пазнаёмілася з дзяўчатамі з Піцера, яны ляцелі на Кіпр. Яны павінны былі вылятаць са Стамбула а 12-й ночы, іх рэйс перанеслі на суткі. І вось яны там да гэтага часу ў аэрапорце. Калі я ляцела ў Мінск — нічога ім не давалі, ні вады, нічога, — перажывае за выпадковых знаёмых Яна.

Яшчэ адна беларуска, Алена Рублеўская, учора ўвечары таксама апынулася ў Стамбуле. Іх самалёт з французскай Ніцы прызямліўся ў аэрапорце імя Атацюрка перад самым тэрактам. Пасажыраў чатыры гадзiны не выпускалі з самалёта, распавядае Алена.

— Мы сядзелі ў невядомасці спачатку, нават бортправадніцы казалі, што яны нічога не ведаюць. Потым з'явіўся інтэрнэт у туркаў, якія ляцелі з намі і яны знайшлі відэа таго, што адбылося ў аэрапорце. Яны яго паказвалі іншым пасажырам.

— Было трывожна?

— У той момант мы ўжо проста разумелі, што нешта адбылося. Так што былі гатовыя сядзець у самалёце хоць да раніцы, там мы адчувалі сябе ў бяспецы, — кажа Алена.

Дзяўчына працуе ў турыстычнай сферы, таму часта лятае. Кажа, што «прылятае прама перад тэрактам» ужо другі раз: была ў такой жа сітуацыі перад выбухам у маскоўскім аэрапорце.

— Я, напэўна, тады ўжо перажыла гэты момант, таму на гэты раз неяк усё перанесла спакайней, — кажа яна. — Калі мы выйшлі з самалёта праз чатыры гадзіны, панікі не было. Проста людзі выглядалі змучанымі.

— Як у аэрапорце ў той момант усё было арганізавана?

— Вы ведаеце, напэўна ні адна краіна не рыхтуецца да такога. Турцыя не выключэнне. Сказаць, што ўсё было выдатна і зладжана — не скажаш. Калі выйшлі ў аэрапорт ніхто не ведаў, куды ісці, там прама на падлозе спалі людзі. Хачу сказаць, што вельмі важна валодаць замежнай мовай, так ты хоць зможаш атрымаць патрэбную інфармацыю.

«Турэцкія авіялініі», кажа Алена, спрацавалі выдатна. Усім яе спадарожнікам падалі начлег у добрым гатэлі, а раніцай арганізавана даставілі ў аэрапорт.

Тыя, хто вылятаў са Стамбула сёння, адчулі нашмат менш турбот. Мінчанка Ганна Бандарэнка кажа, што на пад'ездзе да аэрапорта дзяжурыла паліцыя з аўтаматамі, больш пра тэракт нічога не нагадвала:

— У аэрапорце было, вядома, менш людзей, як звычайна бывае, але ў астатнім усё без змен. Наколькі я чула, выбух адбыўся ў зоне прыбыцця, а я ж адразу ў зону вылету паехала. Там не было нічога незвычайнага.

Яшчэ адзін пасажыр распавёў TUT.BY, што сёння раніцай вылятаў з Баку.

— Гадзін у шэсць раніцы мы пад'язджалі да аэрапорта ў Баку — праверылі наш аўтобус. Колькі лятаю, такога не было ні разу, так што гэта звязана менавіта з гэтым выбухам, — упэўнены малады чалавек.

Махамед ляціць з Мінска ў Палестыну, праз Турцыю і Іарданію. Кажа, квіток у Стамбул купіў акурат учора ўвечары.

— Потым чытаў навіны. Але пісалі, што з 2-й гадзіны ночы аэрапорт будзе дзейнічаць нармальна, — распавядае Махамед. — Вырашыў білет не здаваць, тым больш у мяне пашпарт палестынскі — пры палёце праз Турцыю мне не патрэбна віза. Але магу сказаць, што гэта жах, што адбылося. Гэтыя тэрарысты, смяротнікі — вар'яты, не ведаю чаму яны так робяць.

У Нацыянальным аэрапорце «Мінск» журналістаў запэўнілі, што ўсе службы працуюць у штатным рэжыме. Гэта значыць — «кантроль сур'ёзны, як заўсёды».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?