Сакрэтная служба ЗША — United States Secret Service (USSS) — адносна невялікая амерыканская федэральная спецслужба, галоўнай адказнасцю якой ёсць абарона кіраўнікоў дзяржавы і іх сем'яў, а таксама кандыдатаў у прэзідэнты.

Спецслужба была створаная адразу пасля забойства прэзідэнта Аўраама Лінкальна ў 1865 годзе, а яе самай вялікай няўдачай стала, вядома, забойства прэзідэнта Джона Кенэдзі амаль роўна праз 100 год.

Цяпер Сакрэтная служба абараняе амаль афіцыйнага кандыдата ад рэспубліканцаў Дональда Трампа, а таксама дэмакратаў Берні Сандэрса і Хілары Клінтан.

Аднак прэзідэнцкая кампанія ў ЗША стала настолькі гарачай, што сіл 3200 спецыяльных агентаў можа проста быць недастаткова, кажуць эксперты, якіх цытуе foxnews.com.

Сацыяльныя медыя поўныя пагрозамі, выказваннямі нянавісці, заклікамі да гвалту.

«Агенты ўвесь час працуюць у зоне небяспекі, пад вельмі высокім ціскам», — кажа Дэн Банджына, якія адслужыў у спецслужбе 12 год.

Прадухіленне магчымай спробы забіць Трампа. Фота ctvnews.ca

Прадухіленне магчымай спробы забіць Трампа. Фота ctvnews.ca

У гэтым месяцы ўжо быў затрыманы брытанскі грамадзянін, які прызнаўся, што хацеў забіць Трампа. 20-гадовы Майкл Стывен Сэндфард быў арыштаваны, калі намагаўся адабраць зброю ў паліцэйскага.

Але вельмі часта на мітынгах рэспубліканскага кандыдата з'яўляюцца ягоныя праціўнікі, узнікаюць спрэчкі і бойкі.

Вясной агентам Сакрэтнай службы прыйшлося кінуцца на абарону Трампа, калі на сцэну спрабаваў прабіцца невядомы чалавек. Яшчэ раней спецагенты параілі Трампу адмяніць мітынг у Чыкага з-за пагроз ягонаму жыццю.

Бойка паміж праціўнікамі і прыхільнікамі Трампа на адным з мітынгаў. Фота cdn.turner.com

Бойка паміж праціўнікамі і прыхільнікамі Трампа на адным з мітынгаў. Фота cdn.turner.com

Тады дырэктар спецслужбы Джозеф Клэнсі заявіў, што яе трэба неадкладна павялічыць, бо колькасць агентаў проста недастатковая, каб адсочваць, аналізаваць і папярэджваць усё новыя пагрозы.

Крыніца ў дзяржаўным апараце паведаміла foxnews.com, што Сакрэтная служба ўжо просіць аб дапамозе людзьмі іншыя праваахоўныя структуры краіны, аднак пакуль гэтай дапамогі таксама недастаткова.

Акрамя Сакрэтнай службы, Трамп сам наймае прыватныя ахоўныя службы для забеспячэння сваіх масавых мерапрыемстваў, да таго ж часам нефармальныя аб'яднанні прыхільнікаў неадназначнага кандыдата добраахвотна прыходзяць абараняць мітынгі з уласнай зброяй.

Аднак дзяржаўная спецслужба не прымае дапамогі ад недзяржаўных структур, кажуць крыніцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?