Пабываўшы ў Бразыліі, праверыў на праўдзівасьць самыя папулярныя ў беларускім грамадзтве міты аб гэтай краіне.

Дзе тут у вас тайга?

Міт першы: малпы на дрэвах. Ацэнка — лухта. Шчыра кажучы, нават папугая ня бачыў. І адкуль ім узяцца ў Сан‑Паўлу — адным зь дзесяці найбуйнейшых гарадоў плянэты. Сумарна з прыгарадамі тут пражывае больш за 20 млн чалавек. Гарадзкі ляндшафт нават у цэнтры ўяўляе зь сябе пэйзажы Малінаўкі або Серабранкі — «дамы‑каробкі». Ёсьць яшчэ фавэлы — бедныя прыгарады, дзе архітэктурная фантазія проста крынічыць: там людзі жывуць у будынках з кардону або з плястыкавых бутэлек. Як бачым, малпам тут ніяк не разгарнуцца. Прыматы галоўным чынам жывуць на поўначы, у Амазоніі. Фраза «А вы былі на Амазонцы?» выклікае ў мясцовага насельніцтва шок. Гэта тое ж самае, што спытаць у жыхара Масквы «Дзе тут у вас тайга?». Большасьць з нармальных бразыльцаў ніколі малпаў і іншых дзікабразаў у прыродзе ня бачылі і бачыць ня хочуць. Ваяж на Амазонку дастаткова дарагі, акрамя таго, напярэдадні трэба зрабіць процьму ўсякіх прышчэпак.

Слановая хвароба

Пабываўшы ў Бразыліі, разумееш, што трапічныя хваробы — гэта ня жартачкі. Напрыклад, на вуліцах Сан‑Паўлу лёгка можна сустрэць людзей, хворых на «слановую хваробу» — у выніку ўкусу маскіта ў арганізм трапляе лічынка, якая і павялічвае часткі цела да гіпэртрафічнага памеру. Пабачыш жанчыну з далоньню памерам з манітор і думаеш: ну яе да д’ябла, тую Амазонку зь яе малпамі.

Футбол

Міт другі: футбол. Ацэнка — праўда. Давялося пабачыць футбольную ліхаманку ў рэальнасьці. Мясцовы «Палмэйрас» гуляў у фінале чэмпіянату штату зь нейкім клюбам з правінцыі. Не магу не згадаць гістарычнага кур’ёзу: «Пальмэйрас» быў заснаваны як клюб італьянскіх эмігрантаў і меў назву «Паўліста Італія», пакуль на пачатку 1940‑х гадоў урад Бразыліі не далучыўся да антыгітлераўскай кааліцыі. Адмысловым дэкрэтам усе клюбы, якія мелі ў назвах словы «Італія», «Нямеччына», «Гішпанія», былі перайменаваныя, каб унікнуць палітычнага падтэксту. Дык вось, Сан‑Паўлу ў дзень матчу нагадваў Менск напярэдадні буйнай вылазкі апазыцыі: паўсюль мянты, браневікі, у небе нават верталёты. Як толькі бела‑зялёныя (колеры «Палмэйраса») закалацілі першую штуку, пачаўся нейкі фэст. Увесь горад быццам выбег на двор. Сталі махаць сьцягамі, пускаць фаервэркі, абдымацца ды танчыць. Нехта ў прыпадку эмоцый крышыў аўтамабілі і кідаў камянюкі ў паліцыю. Спэцназ у адказ пачынаў труціць хуліганаў нейкім каляровым газам. Адным словам, горад адрываўся.

Бразыльцы, дарэчы, вельмі азартныя людзі. На ўсю краіну існуе толькі тры казыно. Аднак час ад часу, прыкладна раз у пяцігодку, урад легалізуе дзейнасьць казыно, але толькі на адзін год. Прычым з умовай, што будынкі казыно па заканчэньні году аўтаматычна пяройдуць у дзяржаўны фонд.

Рабыня Ізаўра

Міт трэці: рабыня Ізаўра. Ацэнка — праўда. Бразыльянкі‑мулаткі вельмі прыгожыя. Мяшанка нацый тут, дарэчы, самая неймаверная. Для даведкі: у Сан‑Паўлу жыве больш італьянцаў, чым у Мілане альбо Рыме. Пра беларусаў нічога ня чуў, а польская і ўкраінская грамады дастаткова актыўныя.

Цікавая гісторыя зьвязаная з украінцамі. Калі першы карабель з эмігрантамі з Галіччыны прыплыў у бухту Рыё‑дэ‑Жанэйра, улады былі вельмі напалоханыя выглядам пасажыраў. Узьнікла вэрсія, што гэта партыя зь нейкай нецывілізаванай краіны. На ўсякае ўсё пастанавілі мігрантаў хрысьціць, хоць, як вядома, заходнія ўкраінцы і так зацятыя каталікі.

Усе этнічныя меншасьці, якія складаюць бразыльскую нацыю, жывуць у абсалютным суладзьдзі. Хоць у календары дзяржаўных сьвятаў ёсьць такое экзатычнае, як «Дзень падтрымкі нэграў», але ніякіх праяваў расізму не заўважыў. Для зносінаў бразыльцы выкарыстоўваюць партугальскую мову, прычым у нейкім супэрпрымітыўным фармаце. Цікавая рэакцыя саміх партугальцаў на фэномэн бразыльскай партугальскай мовы: спачатку яны проста затыкалі вушы, каб ня чуць мясцовай трасянкі, аднак пасьля, здаецца, зразумелі, што, чым прасьцей, тым у эпоху інтэрнэту лепш. Прынамсі, крытыкі рэформы партугальскай мовы, рашэньне пра якую нядаўна было прынятае ў парлямэнце Партугаліі, лічаць, што аўтары праекту закону, па сутнасьці, проста кадыфікавалі бразыльскі варыянт граматыкi мовы Луіша ды Камоэнса.

Край ночы

Міт чацьверты: генэралы пясчаных кар’ераў, або вулічны крымінал. Ацэнка — праўда. «Сан‑Паўлу — адзін з самых небясьпечных гарадоў сьвету, горад злачынства, поўны прастытутак, наркотыкаў, брудных грошай і карупцыі» — гэта анатацыя да фільму «Падарожжа на край ночы» рэжысэра Эрыка Ізона, які я дзеля забавы паглядзеў напярэдадні падарожжа. Шчыра кажучы, ні наркотыкаў, ні злачынства ў Сан‑Паўлу ня бачыў, аднак сама атмасфэра вельмі напружаная. У гатэлях даюць прачытаць інструкцыю, што рабіць, калі на вуліцы вам нехта прыставіць да галавы рулю. Прыкладна раз на 10—15 хвілінаў за акном енчыць паліцэйская сырэна. Усе машыны інкасатараў — звычайныя браневікі. Цэнтар гораду патрулююць паліцэйскія розных дэпартамэнтаў: муніцыпальная паліцыя, мабільная паліцыя, нейкая гвардыя. Ёсьць нават маральная паліцыя. Што яна робіць, праўда, не разумею.

Знаёмы хадзіў глядзець мясцовы стрыптыз. Прыйшоў усхваляваны: стрыптыз закончыўся банальным спарваньнем паміж мужчынам і жанчынай у нейкай акрабатычнай позе. Прычым усё было вельмі брудна, неяк паўсядзённа. Калі нехта з залі закрычэў, каб акрабат‑стрыптызэр дарабіў сваю справу з акрабаткай да фіналу, той адказаў: «Што я, дурны? У мяне сёньня яшчэ тры выступы!» Калі ўжо гэта ня лічыцца парушэньнем маралі, то што тады ёсьць парушэньне? Ва ўсякім разе тут усе засталіся жывыя‑здаровыя.

А іншаму знаёмаму не пашанцавала: ён, новы рускі, захацеў зрабіць прамэнад у традыцыйным для яго клясы выглядзе — зь велізарным срэбным крыжам. Як толькі выйшаў з гатэлю, яму на шыю павіс малалетка. Дзякаваць Богу, побач быў паліцэйскі. Ён даў беспрытульніку дзяржаньнем пісталета па кумпалу. Праўда, таксама на аўтамаце крэпка засадзіў тым самым дзяржаньнем па галаве інтурыста.

Ніякіх белых штаноў

Мiт пяты: усе ў белых штанах. Ацэнка — хлусьня. Першы чалавек у белых штанах, якога я пабачыў у Бразыліі, быў бомж. Я сядзеў у кавярні — у кожным квартале ёсьць свая кавярня, дзе вечарам зьбіраецца тусьняк, — калі туды зайшоў чалавек у белых штанах і папрасіў агеньчыку. Белыя штаны былі адзіным прадметам ягонага ўбраньня. Нават ботаў у яго не было.

Такіх белаштанікаў у Сан‑Паўлу да халеры. Яны жывуць проста на вуліцах. Відовішча, асабліва калі мова ідзе пра дзяцей і жанчын, жудаснае. Як гэтыя кляшары выжываюць, незразумела. Магчыма, за кошт таннай садавіны.

Цэны ў Сан‑Паўлу не слабыя: праезд у мэтро — паўтара бакса, пляшка піва 0,33 — бакс.

Сацыяльнае пытаньне ў Бразыліі настолькі актуальнае, што няма нічога дзіўнага ў тым, што галоўнымі палітычнымі канкурэнтамі тут зьяўляюцца Партыя працы і Сацыял‑дэмакратычная партыя. Цікавым мне падалася ідэя мэрыі — забараніць усю вонкавую рэкляму ў горадзе. Нават у Менску больш рэклямы, чым у галоўнай мэтраполіі Бразыліі. Айцы гораду кажуць, што такім чынам яны заглушаюць пачуцьцё клясавай нянавісьці ў бедных людзей: выявы на рэклямных бігбордах багатых прыгажунь і шыкарных мэрсаў часта штурхаюць iх да экспрапрыяцыі экспрапрыятараў.

Лёлік Ушкін


У фавэлах — бедных прыгарадах, архітэктурная фантазія проста крынічыць:
там людзі жывуць у будынках з кардону або з плястыкавых бутэлек.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0