Падазраванага ў сувязях з ІД ураджэнца Чачні затрымалі ў Брэсце.

Як паведаміў 1 ліпеня тэлеканал АНТ, 22-гадовы ўраджэнец Чачні вербаваў баевікоў і спрабаваў выехаць у Заходнюю Еўропу. Замежніка спынілі падчас пасадкі на міжнародны цягнік Брэст — Тэрэспаль.

Аперацыю праводзілі разам з расійскімі сілавікамі. Паводле іх інфармацыі, у сябе на радзіме малады чалавек працаваў на забароненую тэрарыстычную групоўку, і па меншай меры адзін з завербаваных ім тэрарыстаў стаў смяротнікам.

Як распавёў затрыманы, з Масквы да Мінска ён прыехаў на маршрутным таксі. Затым перасеў на цягнік і збіраўся трапіць у Польшчу. І дзейнічаў не адзін, а з саўдзельнікамі.

«Двое з членаў гэтай злачыннай групы былі затрыманыя на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Найбольш радыкальны член гэтай злачыннай групы змог выехаць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Пры затрыманні грамадзянін Расійскай Федэрацыі адмаўляў сваё дачыненне да дзеянняў Ісламскай дзяржавы, спрабаваў схаваць сапраўдную мэту яго праезду праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь», — распавёў у эфіры тэлеканала начальнік шостага ўпразлення (па Брэсцкай вобласці) галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі Аляксандр Лаўруковіч.

Цяпер замежніка прымусова вышлюць у Расію, дзе на яго ўжо завялі крымінальную справу за арганізацыю незаконнага ўзброенага фармавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0