Расійскія падлеткі ў літаральным значэнні слова аплявалі выставу «111 год кітайскаму кінематографу», якая дзейнічае ў мастацкай галерэі «Атрыум» на трэцім паверсе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Хлопцы-спартоўцы знайшлі сабе адпаведную забаўку: сядзелі ў крэслах і ладзілі спаборніцтвы па даўжыні пляўкоў. Як вынік – апляваная падлога і два выставачныя плакаты, што віселі на сцяне.

Ад грубіянаў пацярпела і супрацоўніца бібліятэкі. Жанчына пачула нецэнзурную лексіку і зрабіла заўвагу, аднак хлопцы адказалі ёй брыдкай лаянкай.

Затрымаць правапарушальнікаў дапамагла неабыякавая наведвальніца бібліятэкі. «Хлопцы ўжо паспелі сысці з галерэі. Я ж пабегла ўніз, звярнулася да аховы, каб іх затрымалі. Падлеткі паводзілі сябе даволі паслухмяна. Пачакалі міліцыянера, які праверыў у іх дакументы і зрабіў вымову», — расказала Марына.

Як выявілася, у старэйшага, атлета, пры сабе было некалькі расійскіх пашпартоў. У меншага, самбіста, дакументаў пры сабе не аказалася. Аднак на поясе вісела невялікая сумка з надпісам «я русский». Па словах 12-гадовага падлетка, ён толькі вярнуўся з месячнай вандроўкі ў Санкт-Пецярбург і вырашыў з сябрам наведаць Нацыянальную бібліятэку. Тут яны былі ўпершыню.

На пытанне, з якой мэтай хлопцы зрабілі свой абразлівы ўчынак – прамаўчалі. Меншы, па словах Марыны, увесь час адмаўляў, што нанёс шкоду. «Хлопцы адмыслова выбралі месца, у якое не глядзіць камера. І пра гэта шматразова паўтараў самбіст. Думалі, іх ніхто не заўважыць. Аднак я заўважыла», — пракаментавала дзяўчына.

Правапарушальнікі мусілі ўзяць туалетную паперу і выцерці пляўкі. Аднак, такія захады не дапамаглі выратаваць інфармацыйныя плакаты, бо сліна пашкодзіла фарбу.

Хлопцаў адпусцілі. Начальнік службы аховы Нацыянальнай бібліятэкі патлумачыў, што гэта першы выпадак нанясення шкоды маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?