Цяпер у Віцебску з амаль 400-тысячным насельніцтвам засталіся ўсяго два кінатэатры. Колькасьць жа так званых гандлёвых цэнтраў – як пераробленых з іншых непрыстасаваных будынкаў, так і пабудаваных новых гмахаў – перасягнула за паўтара дзясяткі.

Сёньня ўжо цяжка паверыць, што сорак год таму ў абласным цэнтры было 8 кінатэатраў, і па білеты ў чэргах даводзілася стаяць па гадзіне і болей. Поўную залю на 1000 месцаў зьбіраў некалі і самы буйны віцебскі кінатэатар «Беларусь», пабудаваны ў 1973-м годзе, да тысячагадовага юбілею Віцебску.

Аднак часы росквіту «гіганта мясцовага кінапракату» незваротна сышлі: вялізны будынак з акварыюмамі ў фае, што даўней як магнітам прыцягвалі мясцовую дзятву, вымагаў капітальнага рамонту, а касавыя зборы пачалі падаць, бо прапанаваныя фільмы рэдка калі зьбіралі хаця б некалькі соцень гледачоў. Не выратавалі сытуацыю ані казыно, адчыненае ў «Беларусі», ані начны клюб «Сава», дзе час ад часу ладзіліся рок-канцэрты.

У 2004-м годзе віцяблянам было абвешчана, што ў будынку былога кінатэатра будзе адкрыты моладзевы забаўляльны цэнтар. Аднак на ягонае стварэньне не знайшлося спонсараў. Гарадзкі бюджэт тым часам фінансаваў «перабудову» іншай «кінапракатнай» установы – кінатэатру «Кастрычнік», які зь вялікімі фінансавымі цяжкасьцямі і не за адзін дзесятак гадоў нарэшце ператварыўся ў Цэнтар дзіцячай творчасьці.

На думку начальніка гарадзкога аддзелу культуры Віктара Кібісава, кінатэатар «Беларусь» ня мае такога шанцу: пазыкі за камунальныя паслугі ды электрычнасьць у гэтай установы ужо перасягнулі 20-мільённы рубеж. Мясцовы бюджэт гэтага ня вытрымае, таму ўсе надзеі ўскладзеныя на прадпрымальнікаў, якія змогуць выкупіць будынак і пераабсталяваць яго пад любы прыдатны аб’ект гаспадараньня.

«Беларусь» была прададзеная на аўкцыёне.

Набыў яе вядомы ў Віцебску прадпрымальнік Віктар Вялюга, гаспадар «Эўропы» і «Кантынэнту» – двух самых вядомых і самых «дарагіх» гандлёвых цэнтраў у Віцебску.

Абвесткамі па мясцовым тэлебачаньні ён запрашае прадпрымальнікаў і гандляроў узяць удзел у пераабсталяваньні былога кінатэатра. Але прадпрымальнікі адгукаюцца пакуль ня дужа ахвотна. Прычыны гэтага тлумачыць Анатоль Шапавалаў, кіраўнік віцебскага недзяржаўнага прафсаюзу прадпрымальнікаў.

(Шапавалаў: ) «Я думаю, нявыгадна. Да прыкладу, маем рынак цукру: штодня прадаецца дзьве тоны, і працуюць 15 прадпрымальнікаў. Потым – ужо 30, і па-ранейшаму дзьве тоны, болей не прадаецца. Канечне, ва ўсіх прыбыткі адразу ўпалі. Так і тут. Прадпрымальнікі ўжо пішчаць: «Ня трэба нам гандлёвых цэнтраў болей!» Добры дзясятак ёсьць ужо. Там і арэндная плата большая, і падаткі вышэйшыя выходзяць. Натуральна, усё гэта ў кошты тавараў закладаюць».

Патэнцыйныя пакупнікі новага гандлёвага цэнтру «Беларусь» таксама ня выказваюць асаблівае радасьці з нагоды яго зьяўленьня. Апытаныя жыхары Віцебску разважаюць і пра тое, што варта было б зрабіць у будынку колішняга кінатэатру.

(Спадарыня: ) «Гандлёвых цэнтраў у нас – на кожным кроку. Калі шчыра, то ўжо абрыдла нават! І заробкі ў большасьці такія, што ў тых цэнтрах асабліва нічога ня купіш – кошты ўжо так накруцяць, што ўжо ня ведаю нават!»

(Спадар: ) «Калісьці «Беларусь» была найлепшым кінатэатрам у горадзе. Самая вялікая заля ў горадзе! Ну чаму б не зрабіць там сучасную залю, добры гук, якаснае відэа? Дзяржава мусіла б заняцца!»

(Хлопец: ) «Можа, начны клюб там зрабіць? У нас мала, бракуе добрых клюбаў, дзе можна культурна правесьці час – каб дыскатэка была і адпачыць было можна вечарам».

(Дзяўчына: ) «Нашаму гораду патрэбны новы ЗАГС! Там і паболей месца было б, і ўвогуле, лічу, нешта б атрымалася ў гэтым будынку».

(Спадар: ) «Зараз тэлебачаньне ёсьць, і ці ня ў кожнага «хатні кінатэатар» у доме. Цяпер людзі ў кіно ня ходзяць! Чым будынку пуставаць, хаця б штосьці там няхай зробяць.»

Паводле папярэдніх плянаў, новы гандлёвы цэнтар у Віцебску мае адчыніцца ў 2008-м годзе. Ягоны гаспадар, дарэчы, мяркуе захаваць першапачатковую назву «Беларусь», і ў гэтым выпадку ў горадзе зьявіцца першы падобны аб’ект хоць зь нейкай нацыянальнай адметнасьцю.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0