Учора ўладальнікі новых грошай заўважылі на некаторых 2-рублёвых манетах чорныя плямы — ці то іржу, ці то сляды акіслення. На манетах іншых наміналаў візуальных змен не відаць. У Нацбанку расказалі, чаму некаторыя двухрублёўкі так хутка страцілі таварны выгляд.

Фота: Вольга Шукайла, tut.by

Рэгулятар адразу растлумачыў, што пацямнелі не ўсе двухрублёвыя манеты.

— Якасць манет у першую чаргу залежыць ад уласцівасцяў выкарыстаных металаў. Металы, якія ўваходзяць у склад манет, могуць быць схільныя да акіслення. Улічваючы, што манеты былі вырабленыя ў 2008 годзе і знаходзіліся працяглы час на захоўванні, адбыўся працэс акіслення, у выніку якога на асобных манетах з'явіліся цёмныя плямы, — расказваюць ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.

На рукі манеты з плямамі патрапілі з-за «неабходнасці ў сціслыя тэрміны ажыццявіць выпуск у абарачэнне значнай колькасці манет».

— Аўтаматызаваны пералік манет не меркаваў сартаванне з адборам манет з плямамі. У далейшым пры апрацоўцы дадзеныя манеты будуць адбірацца з абарачэння банкаўскай сістэмай, выпуск манет з такімі праявамі па магчымасці ажыццяўляцца не будзе, — запэўнілі ў Нацбанку.

Пры гэтым пацямненні ніяк не адбіваюцца на плацежаздольнасці манет, запэўнівае рэгулятар.

— Лакальныя плямы не адносяцца да прыкмет неплацежнасці манет і не ўплываюць на іх спажывецкія ўласцівасці, звязаныя з выкарыстаннем манет у абарачэнні, іх апрацоўкай, у тым ліку тэхнічнымі сродкамі прыёму, пераліку і сартавання. Названыя манеты могуць знаходзіцца ў наяўным абарачэнні без абмежаванняў, — кажуць спецыялісты.

У Нацбанку тлумачаць, што «аналагічныя праявы ўласцівыя і манетам іншых дзяржаў».

Нагадаем, 2 рублі — самая буйная манета, якую выпусцілі ў абарачэнне пасля дэнамінацыі. Яна адрозніваецца ад астатніх тэхналогіяй вырабу — гэта кальцо з сярэдзінай (у дыяметры 23,5 мм, вага — 5,81 г). Колер і сплаў — бікалор. Гэта значыць, што манета пакрытая меддзю і латунню па краях, меддзю і нікелем — у сярэдзіне.

Новыя грошы былі надрукаваныя і адчаканеныя яшчэ ў 2008-2009 гадах. Увесь гэты час яны знаходзіліся ў Цэнтральным сховішчы Нацбанка. «Умовы захоўвання вельмі камфортныя і з грашыма ўсё ў парадку», — запэўнілі раней журналістаў у Нацбанку. Так, сістэма вентыляцыі і кандыцыянавання паветра рэгуляваліся аўтаматычна, грошы захоўваліся пры тэмпературы 22-25 градусаў цяпла і пры пэўным узроўні вільготнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?