Зь Мядзела паскардзіліся, што з панядзелка зноў, як і летась, на ўсё лета ў райцэнтры адключылі гарачую ваду. Падавацца ў кватэры яна будзе па графіку толькі два дні — у суботу і нядзелю. «Гавораць, у мэтах эканоміі газу. Дык навошта тады ў свой час кацельню на яго з мазуту пераводзілі? А ў нас жа курортны пасёлак! І што, усё лета без гарачай вады? Кажуць, возера побач, але ж туды не набегаесься памыцца…».

Па камэнтарыі мы зьвярнуліся да намесьніка старшыні райвыканкаму па жыльлёва‑камунальнай гаспадарцы і будаўніцтве Валерыя Сяргея і начальніка аддзелу жыльлёва‑камунальнай гаспадаркі Івана Сямёнава. Высьветлілася, што ад насельніцтва ў райвыканкам ужо паступіла шмат скаргаў на ўвядзеньне такога графіку падачы гарачай вады. Таму пытаньне будзе разглядацца на сэсіі 27 траўня, у прыватнасьці, рыхтуюцца прапановы павялічыць колькасьць дзён, калі ў кватэрах мясцовых жыхароў будзе зьяўляцца «цёпленькая». Аднак з 2 чэрвеня на два тыдні падача вады будзе ўвогуле спынена ў сувязі са штогадовымі прафіляктычнымі работамі. Таму нават калі і будзе прынята станоўчае рашэньне павялічыць колькасьць дзён падачы гарачай вады, месьцічы змогуць гэта адчуць не раней за сярэдзіну першага летняга месяца.

Дарэчы, летась за кошт адключэньня гарачай вады было зэканомлена 160 мільёнаў рублёў. Сёлета, з улікам падаражаньня «блакітнага» паліва, прагноз эканоміі складае 200 мільёнаў рублёў. Праўда, «чысьціня» гэтай эканоміі ў заяўнікаў выклікае сумненьне. Каб мець гарачую ваду для бытавых патрэб, большасьць з нас, як вядома, пачынае ў такой сытуацыі карыстацца газам для яе падагрэву на пліце.

— Насельніцтва аплачвае толькі 33,4 працэнта ад кошту камунальных паслуг, а за выкарыстаны такім чынам газ разьлічваецца па поўным тарыфе, — ня згодны Валерый Сяргей.

Паводле слоў Івана Сямёнава, тым ня менш газавікам дадзена заданьне падлічыць, наколькі павялічваецца спажываньне газу насельніцтвам падчас адключэньня гарачай вады. Як зазначыў далей Іван Іванавіч, перайсьці зноў на мясцовыя віды паліва нерэальна: трэба будаваць асобнае памяшканьне, устанаўліваць асобны кацёл, нарыхтоўваць гэта самае паліва.

— Мы разумеем незадаволенасьць насельніцтва, якое за два гады ўжо прызвычаілася заўсёды мець гарачую ваду, — сказаў Валерый Раманавіч напрыканцы размовы. — Ды і для абсталяваньня лепш, калі яно працуе бесьперапынна. Таму, паўтаруся, усе гэтыя пытаньні будуць абмеркаваны ў бліжэйшы час і прынята канкрэтнае рашэньне.

Паводле: Сяргей Расолька, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0